Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікты і рознагалосьсі паміж праваслаўнымі цэрквамі


Кастусь Бандарук, Прага

“Руская Праваслаўная Царква адмяўляецца прызнаваць права Канстантынопальскага Патрыярхату на ўсяленскую юрысдыкцыю,” – заявіў 28 студзеня кіраўнік аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага Патрыярхату – мітрапаліт Кірыл. “Канстантынопальскі Патрыярх – першы сярод роўных у ганаровым сэнсе, і мы ніколі не аспрэчвалі гэтага, аднак мы ставім пад сумнеў і аспрэчваем ягонае права на ўсяленскую юрысдыкцыю ў дыяспары, гэта значыць у тых краінах, дзе традыцыйна існуе Праваслаўная Царква і дзе яна ўзьнікла альбо ў выніку міграцыі, альбо місіі. Мітрапаліт Кірыл нагадаў, што РПЦ праводзіла місіі ў Кітаі, Карэі, Японіі, на Алеўцкіх выспах і Алясцы, і незразумела, чаму плён гэтай місіянэрскай дзейнасьці Канстантынопаль павінен пераняць пад сваю юрысдыкцыю. Канстантынопаль лічыць сябе адказным за лёс усяго праваслаў’я і разумее сваё служэньне ў катэгорыях, якія не адпавядаюць праваслаўнай традыцыі. “Гэта нешта накштал каталіцкага разуменьня ролі і значэньня рымскага епіскапа, і ў гэтым прынцыповае разыходжаньне паміж Рускай і Канстантынопальскай цэрквамі,”—заявіў Мітрапаліт Кірыл.

Пракамэнтаваць гэтыя словы я папрасіў рэлігіязнаўца, рэдактара часопісу “Людына і світ” з Кіеву Віктара Елэнскага.

"Гэтая супярэчнасьць існуе вельмі доўга. Я хачу нагадаць, што толькі ў 20 стагодзьдзі Канстантынопальскі і Маскоўскі Патрыярхаты 20 разоў абменьваліся нотамі, дэмаршамі, але ніводнае са спрэчных пытаньняў ня тычылася праблемаў веры і догмаў. Усё тычылася юрысдыкцыйных пытаньняў. Усяленскі Патрыярх лічыць, што ўся праваслаўная дыяспара мае быць пад ягонай юрысдыкцыяй. Маскоўскі Патрыярх ня згодзен з гэтым, і з-за эстонскай, украінскіх праваслаўных цэркваў у Канадзе, ЗША, Заходняй Эўропе шэраг разоў вынікалі рознагалосьсі з Усяленскім Патрыярхатам. Ужо Сталін усур'ёз прапагандаваў ідэю пан-праваслаўнай Эўропы. Тады "савецкія кананісты", паводле вызначэньня гісторыка Карташова, падрыхтавалі мноства літаратуры і аргумэнтаў, паволе якіх Канстантынопальскі Патрыярхат ня можа лічыцца Ўсяленскім, і ганаровае пяршынство павінна адыйсьці да Ерузаліму".

(Лапшын: ) "Працытаваныя Вамі словы Мітрапаліта Кірыла, напэўна, можна ўспрымаць, як прыкмету існуючых рознагалосьсяў, але я сказаў бы, ня гэтулькі ў тэалягічным, колькі ў палітычным сэнсе. Наколькі я разумею словы Мітрапаліта Кірыла, ён, як прадстаўнік гіерархіі Рускай Праваслаўнай Царквы, таксама выказвае пэўныя прэтэнзіі на духоўнае кіраўніцтва над тымі рускамоўнымі праваслаўнымі, які цяпер жывуць у Эўропе і па ўсім сьвеце. Я не ўпэўнены, ці прэтэндуе Канстантынопальскі Патрыярх на ўсяленскую юрысдыкцыю. Я заўсёды лічыў, што тытул "Усяленскі", гэта хутчэй за ўсё прызнаньне ягонага ганаровага пяршынства, "першы сярод роўных", а не рэальная ўлада над усімі праваслаўнымі па ўсім сьвеце.

Аднак праваслаўная эклезіялёгія разыходзіцца і з думкай мітрапаліта Кірыла. Са старажытных часоў у Праваслаў'і існуюць "памесныя", лякальныя цэрквы, а не нацыянальныя. Калі праваслаўныя расейцы жывуць у Францыі, дык яны не павінны ўваходзіць ў юрысдыкцыю ні Канстантынопаля, ні РПЦ, але яны павінны аб'яднацца ў французскую праваслаўную царкву, куды павінны ўваходзіць праваслаўныя ўсіх нацыянальнасьцяў, які там жывуць: расейцы, румыны, грэкі. Як гаварыў Апостал Павал, “у Царкве няма ні грэка, ні габрэя, ні скіфа, ні барбара", і дрэнна, калі Царква дзеліцца паводле нацыянальнай прыкметы. Напрыклад, у Амэрыцы існуе Амэрыканская Царква, але ёсьць парафіі РПЦ, румынскай, грэцкай, сэрбскай юрысдыкцыяў, і, па-мойму, гэта ненармальна. Усе хрысьціяне, калі яны пастаянна жывуць у Амэрыцы, павінны належаць да Амэрыканскай Праваслаўнай Царквы”.

Гаварыў а.Уладзімір Лапшын. Дарэчы, у пачатку 90-х гадоў наступіў раскол у Эстонскай Праваслаўнай Царкве. Адна частка перайшла пад юрысдыкцыю Канстантынопаля. Спрэчкі за маёмасьць і гнеўныя абвінавачаньні ва “умяшаньні Канстантынопаля ва ўнутраныя справы РПЦ”. У 90-м годзе ў лісьце Маскоўскаму Патрыярху Аляксею Ўсяленскі Патрыярх Дзімітры заявіў, што Канстантынопаль прызнае Маскоўскі Патрыярхат у межах 1589 году, гэта значыць без тэрыторыі Беларусі, Украіны, Прыбалтыкі і Смаленшчыны, якія ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Патрыярх Варфаламей дадаў, што гэта “РПЦ пастаянна ўрывалася ў краіны, якія знаходзяцца пад духоўнай юрысдыкцыяй Канстантынопаля, менавіта ў Эстонію, Вугоршчыну ды іншы краіны, робячы гэта заўсёды з дапамогай узброенай сілы савецкай арміі”. Некалькі гадоў таму, Канстантынопаль прыняў у сваю юрысдыкцыю Ўкраінскую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву, што выклікала раскол і на Ўкраіне. У 96-м годзе на некаторы час была цалкам парваная эўхарыстычная лучнасьць паміж двума Патрыярхатамі.

Ці не выпадала б ім перастаць спаборнічаць паміж сабою? Айцец Уладзімір.

(Лапшын: ) "Натуральна. Я лічу, што ў дадзеным выпадку Маскоўскі Патрыярхат ня меў рацыі. Праваслаўныя ў Эстоніі павінны належаць да Эстонскай Праваслаўнай Царквы. Іншая справа, што калі там большасьць расейцаў, дык гэта маглі б быць расейскамоўныя парафіі, а калі большасьць эстонцаў, дык эстонскамоўныя. Тым ня менш, гэта царква павінна быць аўтаномная, аўтакефальная. Дык у дадзеным выпадку і прэтэнзіі Маскоўскага Патрыярхату поўнасьцю неабгрунтаваныя, не адпавядаюць праваслаўнай эклезіялёгіі. Таксама і калі Канстантынопальскі Патрыярх хоча духоўна валадарыць над гэтымі цэрквамі ў Эстоніі, або на Ўкраіне, дык ён таксама ня мае рацыі”.

Спрабуючы сьцішыць спрэчку паміж Масквою і Канстантынопалем, прыблізна па палове падзяліся ў гэтай спрэчцы ўсе 15 аўтакефальных, праваслаўных цэркваў у сьвеце. Гэта ў той час, калі пастанна заяўляюць аб адзінстве і братэрскай любові. З 1961 году вядзецца падрыхтоўка да Ўсеправаслаўнага Сабору. Падрыхтоўчая камісія склала больш за 100 пытаньняў, якія патрабуюць усеагульнага абмеркаваньня і ўзгадненьня, аднак Сабор дагэтуль не адбыўся. Спрэчныя пытаньні і рознагалосьсі, як, напрыклад, у пытаньні календара або экумэнізму, узьнікаюць раз-пораз. У такой сытуацыі хіба дарэмна спадзявацца на ўсеправаслаўнае адзінства?

(Лапшын: ) “Магчыма, не збываюцца спадзяваньні і на Ўсеправаслаўны Сабор, на ўсеправаслаўнае адзінства менавіта таму, што людзі шукаюць не адзінства ў любові, у братэрстве, але царкоўныя гіерархі імкнуцца да стварэньня нейкай адзінай надцаркоўнай арганізацыі. Але ж такога ніколі не было. Царква – гэта ўсё ж, як бачна са Сьвятога Пісаньня і з гісторыі раньняго хрысьціянства, гэта адна, напрыклад, гарадзкая абшчына пад кіраўніцтвам аднаго епіскапа, вакол якога згуртаваныя памочнікі-сьвятары, і ўсе такія мясцовыя цэрквы знаходзяцца адна з адной ў братэрскай лучнасьці, і ніхто ні на каго не прэтэндуе”.

(Лапшын: ) "Калі пад адзінствам разумець поўную аднолькавасьць, аднастайнасьць, каб ўсюды, па ўсім сьвеце ўсе праваслаўныя абсалютна аднолькава адпраўлялі багаслужбы, каб аднолькавыя былі звычаі, абрады, традыцыі, ідэнтычнасьць тэалягічных фармулёвак, мне здаецца, такой аднастайнасьці ніколі не было, і ніколі не будзе. Важна навучыцца паважаць чужыя традыцыі, і, напрыклад, калі мы спрабуем Праваслаўную Царкву ў Японіі нейкім чынам русыфікаваць, зрабіць яе часткай РПЦ, дык гэта абсалютна няправільна, бо ў Японіі свая культура, і яна павінна прысутнічаць у Царкве.

Я думаю, такога ўсеправаслаўнага адзінства не павінна быць. Адзінства павінна быць у любові, у эўхарыстычнай супольнасьці, у тым, што ўсе мы зьяўляемся хрысьціянамі і служым Ісусу Хрысту. Такое адзінства можа быць ня толькі сярод праваслаўных, але з усімі апостальскімі цэрквамі, у тым ліку і з рымакаталікамі, калі і яны прызнаюць права ўсходніх цэркваў на сваю традыцыю, на сваё разуменьне тэалягічных нюансаў. А тыя вышэйзгаданыя праблемы зьявіліся, і яны зьвязаныя з тым, што Царква, пачынаючы ўжо з 4 стагодзьдзя адыйшла ад сапраўднай – апостальскай, праваслаўнай – эклезіялёгіі. Я глыбока перакананы, што наагул не павінна быць такіх глябальных царкоўных арганізацыяў, як, напрыклад, рымскакаталіцкая царква, або як РПЦ, або Ўсяленскі Патрыярхат, які прэтэндуе на юрысдыкцыю над усімі праваслаўнымі цэрквамі па ўсім сьвеце. З апостальскіх правілаў вынікае, што ўсе епіскапы валодаюць паўнатой ўлады, і кожная епархія зьяўляецца памеснай царквою. Як мне падаецца, і экумэнічны дыялёг у 20 стагодзьдзі ня даў плёну”.
XS
SM
MD
LG