Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гутарка з праваслаўным, які стаў мусульманінам.


Кастусь Бандарук, Прага

У працяг перадачаў, прысьвечаных ісьлямскім тэмам, тэрарызму і вайне зь ім, у сёньняшнім выпуску мы прапануем Вам гутарку з Алі Вячаславам Палосіным, былым праваслаўным сьвятаром, які прыняў ісьлям. У перадачы таксама ўдзельнічае муфці мусульманаў Беларусі Ізмаіл Александровіч.

У нармальных умовах чалавек мае права выбіраць. Ён можа зьмяніць сваё прозьвішча, працу, хату, партыю, погляды і нават рэлігію. Такіх людзей мноства, і ў дэмакратычным грамадзтве яны не выклікаюць ні асаблівага зьдзіўленьня, ні абурэньня. Што тычыцца веры, дык я сам ведаю як мінімум некалькі дзесяткаў чалавек, якія перайшлі з праваслаў’я ў каталіцызм альбо наадварот. Неаднойчы за такое адступніцтва ад іх адварочваюцца іхныя блізкія, але з часам эмоцыі суцішаюцца, і ўсе пачынаюць разумець, што ніякай трагедыі не адбылося. У камуністычныя часы некалькі вядомых сьвятароў ня проста выступілі са сваёй царквы, але публічна адракліся ад Бога. Гэтак зрабіў, у прыватнасьці, прафэсар Ленінградзкай дхоўнай акадэміі, пратаірэй Аляксандар Осіпаў, які ў газэце “Правда” пачаў паліваць Царкву брудам.

Значна больш пытаньняў ўзьнікае тады, калі ў наш час, ня ў іншую хрысьціянскую канфэсію, але ў цалкам іншую рэлігію пераходзіць ня сьвецкі чалавек, але вядомы сьвятар і тэоляг. Так было з пратаірэем Вячаславам Палосіным. Ён нарадзіўся ў 1956 годзе, у 79-м годзе закончыў філязофскі факультэт Маскоўскага Ўнівэрсытэту,
у 91-м Дыпляматычную акадэмію. Высьвечаны ў сан сьвятара ў 83-м годзе, служыў ў парафіях калускай эпархіі. У 90-м годзе абраны народным дэпутатам Расейскай Фэдэрацыі, ў 91-м пайшоў за штат у сане пратаірэя. У 93-м узначальваў камітэт у справах свабоды сумленьня, веравызнаньняў, міласэрнасьці і дабрачыннасьці Вярхоўнага Савету. З 94-га году працуе ў апараце Дзяржаўнай Думы. Кандыдат палітычных навукаў, доктар філязофіі, аўтар шэрагу публікацыяў на царкоўна-гістарычныя, палітычныя і філязофскія тэмы. Апрацоўшчык “Закону аб свабодзе веравызнаняў” і гэтак далей. Дык вось пра гэтага чалавека можна прачытаць мноства артыкулаў кшталту: “Ад праваслаў’я да ісьляму”, “Адрокся ад Хрыста” ды іншыя. Я папрасіў самога Вячаслава Палосіна патлумачыць матывы свайго неардынарнага кроку…

(Палосін: ) “Перш за ўсё, для мяне, як для чалавека веруючага, у аснове ўсяго – воля Ўсявышняга Творцы і Бога. Я ў свой час прыйшоў ў Праваслаў’е не таму, што гэта быў сьведамы выбар. Я нарадзіўся ў атэістычнай сям’і ў савецкі час, хаця ў маёй душы вера ў Бога была. Тады, ў 70-я гады, у Маскве была альтэрнатыва: альбо камунізм, альбо Праваслаўная Царква. Пра ісьлям я проста нічога ня чуў. Але, будучы ўжо ў Праваслаўнай Царкве, стаўшы сьвятаром, пасьля вывучэньня многіх, тэалягічных прадметаў, я пачаў задумвацца над гэтым вучэньнем, прыкмячаць пэўныя супярэчнасьці, паганскія элемэнты ў сьвятарскай практыцы. Зь цягам часу я прыйшоў да высновы, што ёсьць супярэчнасьці паміж верай ў Адзінага Бога і рытуаламі, сакрамэнтамі, містэрыямі і адправамі, вучэньнем аб Тройцы і кульце сьвятых. Гэта выклікала ўва мне пэўнае расчараваньне веравучэньнем і практыкай гэтай рэлігіі. Я прыйшоў да ўсьведамленьня Адзінага Бога прыблізна гэтак, як Леў Талстой, аб чым ён піша ў сваёй знакамітай “Споведзі”. Ну а пасьля мне пашчасьціла пазнаёміцца з вучэньнем ісьляму на зразумелай для мяне расейскай мове. Тады я зразумеў, што гэтая вера ў Адзінага Бога мае цалкам рэальнае, зямное ўвасабленьне ў рэлігіі ісьляму”.

(Бандарук: ) “Пасьля прыняцьця ісьляму, гэтак як хрысьціяне ў часе хросту, Вы таксама прынялі новае імя…”

(Палосін: ) “Я прыняў мусульманскае імя Алі, не адмаўляючыся ад свайго славянскага імя. Гэткім чынам ў мяне падвойнае імя: Алі Вячаслаў Палосін. Жонка разам са мною перайшла ў ісьлям і прыняла імя “Алія”.

(Бандарук: ) “Рэдакцыя часопісу “ Мусульмане” назвала Вас (цытую) “адзіным чалавекам такога ўзроўню і грамадзкага статусу, які зрабіў такі важны сьветапоглядны выбар…Гэты крок – свайго роду выклік міталягізаванай грамадзкай сьвядомасьці. Гэты факт разбурае міт аб тым, што ісьлям – рэлігія ўсходніх народаў, чужая духу і сьветаадчуваньню расейца. "Расейскі ісьлям” – гэта задзірліва, але гэта гучыць дастойна і горда”(канец цытатыц). “Нам прыемна, што такія думаючыя людзі лічаць ісьлям рэлігіяй будучыні,” – заявіў кіраўнік Ісьлямскага Культурнага Цэнтру Расеі Абдул-Вахед Ніязаў. А якая была рэакцыя на Ваш незвычайны крок ў іншых асяродзьдзях?”

(Палосін: ) “Канечне, вельмі розная рэакцыя. Была і нянавісьць з боку паасобных людзей. Былі і ёсьць сьвятары, якія, наадварот, паставіліся да гэтага зь вялікай цікавасьцю, і наколькі я ведаю, вельмі дакладана чытаюць мае творы. Такім чынам, канечне, у мусульманскім асяродзьдзі гэта выклікала радасьць, а ў хрысьціянскай – па-рознаму”.

(Бандарук: ) “Вячаслаў Сяргеявіч, Ваш пераход ў ісьлям не адзіны ў гісторыі хрысьціянства. У 8-м стагодзьдзі перайшоў ў ісьлям нестарыянскі мітрапаліт Нэрва, у 9-м стагодзьдзі – епіскап Самуіл з Эльвіры, у 970 годзе – епіскап з Азэрбэйджану, у 1016 годзе мітрапаліт з Тэкрыту. Аднак бывалі і адваротныя выпадкі. У 10-м стагодзьдзі Антыяхія вярнулася ў склад Візантыі, і амаль усё арабска-мусульманскае насельніцтва прыняло хрысьціянства. У 935-м годзе бэдуінскае племя Бану Хабіб таксама пряняло Праваслаў’е і выступіла супраць сваіх былых адзінаверцаў. У 16-м стагодзьдзі вярнулася ў Праваслаўе цэлае племя грузінаў-інгілаў, у 19-м стагодзьдзі прынялі хрост каля 50-ці тысячаў асецінаў. Зараз сярод арабаў агулам каля 10-ці мільёнаў хрысьціянаў. У праваслаўнай царкве ёсьць нават некалькі сьвятых, якія некалі былі мусульманамі. Гэта Канстантын Агаранін, Ахмэд Калфа, Абу Тбіліскі, Варвар, Пётр і Сьцяпан Казанскія, Аўраамій Балгарскі ды іншыя. Некалькі гадоў таму прыняў хрост вядомы ў Казахстане імам Ак-Бекет. Ён заявіў, што толькі праз хрысьціянства можа адбыцца ўзьяднаньне чалавека з Богам, а ісьлям –хутчэй культура, чым рэлігія.Гэта у мусульманскім асяродзьдзі, зразумела, таксама ня выклікала энтузіязму. Наадварот, ён скардзіцца, што яму шэраг разоў пагражалі фізычнай расправай. Вось таму з пытаньнем, як ісьлям і мусульмане ставяцца да выпадкаў адступніцтва я зьвярнуўся да муфція мусульманаў Беларусі Ізмаіла Александровіча.

(Александровіч: ) “Мы, мусульмане, паводле Карану і суны Прарока лічым, што наша рэлігія прыйшла 600 гадоў пасьля хрысьціянства. Алаг паслаў прарока Мухамада, каб даць веру, якой патрабуе сам Усявышні, каб не было адступніцтва ад веры, якую Ён сам хоча бачыць. Бо хрысьціяне, а таксама габрэі, адступілі ад тых указаньняў Алага, якія даваў праз Хрыста, праз Майсея. Мы лічым, што наша рэлігія апошняя, што яна найбольш блізкая Алагу. І таму, калі нехта пераходзіць ў веру, якая была да ісьляму – гэта вераадступнік. Хаця ў 109-й суры Карану гаворыцца: “у вас свая рэлігія, у мяне свая". Калі мусульманін адыходзіць ад нашай рэлігіі, значыць ён сьвядома адмаўляецца ад апошняй, сапраўднай рэлігіі, якую Ўсявышні прыслаў праз Прарока Мухамада. “Ты адступнік”. Мы гэта можам яму сказаць ў вочы, але мяркуй сам, таму, што ў нас няма прымусу. Ісьлям можна распаўсюджваць толькі перакананьнем, праз розум, а ня сілай ці нейкім іншым шляхам”.

(Банадарук: ) “Ізмаіл Мустафавіч, а ці былі выпадкі адступніцтва сярод беларускіх мусульманаў?”

(Александровіч: ) “Сярод цяперашніх беларускіх мусульманаў я такіх выпадкаў ня ведаю. Праўда ў мінулым, падчас шлюбу ў касьцёле, адзін мусульманін прыняў каталіцкую веру. У нашым родзе, у Александровічаў, у 1700-я гады быў Ях’я, які прыняў каталіцкую веру і зьмяніў імя на Ян. Мы ведаем, што сярод казанскіх татараў вельмі многа “крашанаў”, якія прынялі Праваслаў’е пасьля таго, як Іван Жахлівы заваяваў Казань. Але сярод беларускіх, літоўскіх і польскіх татараў, я не памятаю падобных выпадкаў”.

Вернемся да размовы са спадаром Палосіным. Вячаслаў Сяргеевіч. Вы добра ведаеце, што каб стаць хрысьціянінам, трэба найперш мець веру, выказаную ў “Сымбалі Веры”, і прыняць Хрост. У Праваслаў’і бачным знакам прыналежнасьці да Царквы зьяўляецца ўдзел ў Сьвятым Прычасьці. Хрыстос сказаў: “Той, хто есьць Маё Цела і п’е Маю Кроў, ўва Мне прабывае і Я ў ім”. Што тычыцца прыняцьця Вамі ісьляму, дык ў 99-м годзе ў інтэрвію журналу “Мусульмане” Вы публічна заявілі аб сваім далучэньні да ісьляму і пры гэтым вымавілі традыцыйную формулу. Скажыце, калі ласка, няўжо такой дэклярацыі дастаткова для прыняцьця ісьляму?.

(Палосін: ) “На самой справе ня трэба рабіць нічога асаблівага, каб прыняць ісьлям. Гэта ня цалкам рытуал, а дэклярацыя, гэта і ёсьць тое, каб пры сьведках, публічна, выказаць сваю веру ў Адзінага Бога і прызнаць Мухамада Ягоным Прарокам і Пасланьнікам. Адпаведна, і прызнаць Каран Кнігай, пасланай Богам. Я сам апісаў свой шлях ў кнізе пад загалоўкам “Вяртаньне да Адзінабожжа”. Бо ж калі чалавек нараджаецца, ён ня ведае ні тэалёгіі, ні філязофіі, ні догмаў. У яго проста вера ў Бога і перакананьне, што Ён – адзін. Гэта зыходны стан чалавека, а тэалёгія і філязофія не павінны выводзіць чалавека з гэтага стану, але ўмацоўваць, напаўняць і насычаць гэты стан цалкам разумовымі ведамі. Таму, для мяне правільней сказаць: не прыняць ісьлям, але вызнаваць ісьлям, адзінабожжа. Ісьлям ня ёсьць нешта накшталт хрысьціянскіх канфэсіяў, дзе можна верыць так або інакш, дзе існуюць быццам розныя каманды і можна перайсьці з адной каманды ў іншую. Ісьлям – гэта проста “адданасьць, пакорлівасьць” Богу. Ісьлям пачаўся зь першага чалавека – Адама і ягоных пераймальнікаў ў гісторыі. Яны лічылі асноўнай мэтай свайго жыцьця быць пакорлівымі свайму Тварцу і, дзякуючы гэтаму, дасягнуць вечнага жыцьця ў раі. Вось яны і ёсьць мусульмане. А ісьлям наагул – гэта мір, адданасьць Богу, адсюль і прывітаньне “салям”, пажаданьне міру. Таму “ісьлям” можна перакласьці, як “мір з Богам”.

(Бандарук: ) “Калі я ўпершыню патэлефанаваў Вам, Вы былі занятыя малітвай. Гэта значыць, што Вы прынялі і ўсё, што зьвязана зь ісьлямам: 7 праўдаў веры, правілы і абавязкі, пяць “стаўпоў ісьляму”: гэта вызнаньне веры – шахада, малітва-салат пяць разоў ў дзень, міласьціна – закат, пост – саум і пілігрымства ў Мекку – хадж. У хрысьціянстве ёсьць таксама шэраг рэлігійных правілаў, але вернікі ставяцца да іх даволі фармальна. А як ў ісьляме?”

(Палосін: ) “Натуральна, што калі чалавек чалавек прызнае Каран Кнігай, пасланай Богам, тады і зьмест Карану становіцца для яго загадам Усявышняга. Напрыклад, пяць стаўпоў ісьляму зьмешчаныя ў Каране, і таму для мусульманіна яны абавязковыя. Тое самае тычыцца і іншых запаветаў. Ісьлям адрозьніваецца ад многіх іншых рэлігіяў тым, што ў ім права, законы і запаветы дадзеныя непасрэдна праз Прарока і сфармуляваныя ад імя самога Бога, як гэта і было ў выпадку ўсіх прарокаў. У Бібліі, у Кнізе Другазаконьня, Бог кажа Майсею, як адрозьніваць сапраўднага прарока ад фальшывага. Сапраўдны прарок павінен гаварыць ад імя Бога, і ўсе ягоныя прадказаньні павінны збыцца. Ён таксама павінен прапаведваць строгае адзінабожжа. Бог сказаў Майсею, што калі нейкі прарок будзе нават зьдзяйсьняць цуды, але будзе заклікаць пакланіцца іншым багам, то такога трэба выгнаць і нават пакараць сьмерцю. Таму веруючы чалавек павінен выконваць гэтыя непасрэдныя загады Ўсявышняга. Гэта не чалавечыя выдумкі, гэта ня Зьезд духавенства, Сабор, на якім напрыклад пасьля 100 гадоў, духавенства перавырашыла ўсё наадварот. Гэта дадзена раз і назаўсёды самім Богам”.

(Бандарук: ) “Вячаслаў Сяргеевіч, апошнім часам вельмі шмат гаворыцца пра ісьлямскі тэрарызм і барацьбу зь ім, пра бін Лядэна. Многія ісьлямскія тэолягі заяўляюць, што тэрарызм ня мае нічога супольнага зь ісьлямам, аднак іншыя мусульманскія лідэры на аснове таго ж ісьляму заклікаюць да вайны зь нявернымі. Нават іранскі пісьменьнік Амір Тагеры напісаў: “Загляньце ў любы падручнік ў мусульманскай краіне, і ўбачыце, які скажоны вобраз сьвету яны прадстаўляюць, як прапагандуюць нянавісьць. Мусульмане павінны крытычна паглядзець на спосаб навучаньня, перажываньня і практыкаваньня сваёй веры. Нават калі толькі адзін адсотак падтрымлівае бін Лядэна, дык гэта 13 мільёнаў чалавек”. У кожным разе дагэтуль адназначнага асуджэньня тэрарызму з боку умы – усясьветай мусульманскай абшчыны не было. Што Вы, як мусульманін-неафіт, думаеце на гэты конт?”

(Палосін: ) “Большасьць мусульманскіх лідэраў і тэолягаў, у прыватнасьці муфці Акадэміі Аль-Азгар у Каіры, найбольш аўтарытэтнай ў мусульманскім сьвеце, іншыя муфціі і кіраўнікі мусульманскіх дзяржаваў, усе абсалютна адназначна асудзілі і канкрэтныя тэракты і тэрарызму ў цэлым. Гэта сапраўды супярэчыць натуры ісьляму. У ісьляме дзейнічае строгае заканадаўства, аснованае на прававой сымэтрыі “вока за вока, зуб за зуб”. Таму той, хто забіў нявіннага чалавека, сам падлягае такому ж пакараньню. У шарыяце такое прадугледжана, гэта значыць сьмерць зьяўляецца адэкватным пакараньнем за забойства. З другога боку, у ісьляме няма такой аб’яднанай гіерархічнай структуры, як напрыклад у каталіцкай царкве. Адзінства было, калі быў халіфат. Тады халіф мог выступаць з заявамі ад імя ўсіх прававерных. Зараз ў ісьляме няма халіфату і таму няма той асобы, якая магла б гэта зрабіць. Але, у прынцыпе, выпадала б неяк больш аўтарытэтна асудзіць тэрарызм, муфціі павінны сабрацца разам і выступіць з афіцыйным тэалаягічным заключэньнем-фетвай. Дарэчы, такая магчымасьць хутка можа зьявіцца. 19-20 сьнежня ў Маскве плянуецца правесьці міжнародную, усясьветную канфэрэнцыю пад назовам “Ісьлям супраць тэрарызму”, на якую запрошаныя вядучыя тэолягі і рэлігійныя дзеячы з мусульманскага сьвету. Мяркуецца, што там такая тэалягічная дэклярацыя будзе прынятая”.

(Бандарук: ) “Спадар Палосін, у электроннай газэце “Утро” ў артыкуле пад загалоўкам “Агрэсія Захаду і ціхае ўварваньне Ўсходу” я знайшоў такую думку: “Мусульмане ў заходніх краінах ня маюць на што скардзіцца. У дачыненьні да іх выяўляецца максымум талерантнасьці, яны скарыстоўваюць тамтэйшыя свабоды, правы чалавека і паліт-карэктнасьць. У эўрапейскіх гарадох будуюць мячэці, але ў мусульманскіх краінах хрысьціянскія храмы хутчэй за ўсё разбураюць. Пераважная большасьць ісьлямскіх краінаў – несвабодныя, недэмакратычныя, аўтарытарныя рэжымы. Як не гаварыць, але ўсе вайсковыя рэжымы ў сьвеце за выключэньнем аднаго, кіруюць ў мусульманскіх краінах. У ніводнай ісьлямскай краіне за выключэньнем Турцыі і Бангладэш няма сапраўдных выбараў. “28 з 30 канфліктаў ў сьвеце тычацца мусульманскіх ўрадаў альбо грамадзтваў. Дзьве траціны палітвязьняў прыпадае на ісьлямскія краіны і там выконваецца 80 адсоткаў сьмяротных прысудаў. Вячаслаў Сяргеевіч, няўжо гэта выпадковасьць, ці можа аднак ўплыў ісьляму?”

(Палосін: ) “На самой справе ўсё якраз наадварот. У Кур’ане закладзеныя асновы дэмакратыі, свабоды сумленьня і веравызнаньня. Бог ясна гаворыць свайму прароку Мухамаду: “Скажы, зыходзіць ісьціна ад Бога твайго, хто хоча той паверыць ў Яго; хто не захоча, той застанецца няверным”. Выразна гаворыцца, што калі б Бог захацеў, ён Сам зрабіў бы людзей адной грамадою, адной веры. Усё гэта закладзена ў Каране і абавязковае для ўсіх мусульманаў. Іншая справа, што цягам гісторыі мусульмане ў многіх краінах аказаліся недастаткова стойкімі ў веры, паддаваліся ціску ўладалюбных валадароў і неаднойчы адбывалася рэстаўрацыя жорсткіх, паганскіх законаў. Дарэчы ў Бібліі, у Кнізе Другазаконьня ёсьць такі сюжэт. Людзі патрабавалі ад пророка Самуіла, каб той даў ім цара. Калі Пророк зьвярнуўся да Бога, той адказаў Самуілу: “Яны адкінулі не цябе, але Мяне”. Манархія – гэта адмаўленьне ад Бога, бо цар становіцца сурагатам Бога на зямлі. І вось гэтыя элемэнты, гэты атавізм паганства, на жаль, адрадзіліся ў мусульманскім сьвеце. Бліскучая цывілізацыя 9-13 стагодзьдзяў перажыла заняпад. Такім чынам, дыктатарскія рэжымы цалкам ня маюць каранёў ні ў Каране, ні ў ісьлямскай традыцыі. Гэта проста вынік нявысокага тэалягічнага ўзроўню і палітычнай культуры тых народаў, якія называюцца мусульманскімі. У меру рэлігійнай асьветы яны сталі б больш дэмакратычнымі”.

(Бандарук: ) “Вячаслаў Сяргеевіч, пасьля 11-га верасьня многія падхапілі тэзыс Гантынгтана пра “вайну цывілізацыяў”. Да ажыўленай дыскусіі 29-га верасьня далучылася вядомая італьянская журналістка і пісьменьніца Арляна Фалячы (Oriana Fallaci), якая 10 апошніх гадоў маўчала. У газэце Corriere della Sera яна апублікавала вельмі спрэчны артыкул пад загалоўкам “Злосьць і гонар”. Вось найбольш моцнае зь ейнага выказваньня: “Людзі, прачніцеся! Ці ж не разумееце або ня хочаце зразумець, што адбываецца рэлігійная вайна? Яе мэта – не захоп нашай тэрыторыі, але заваяваньне нашых душаў, зьнішчэньне нашай свабоды і нашай цывілізацыі. Людзі такія як бін Лядэн лічаць, што маюць права забіваць вас і вашых дзецей толькі таму, што п’еце віно і піва, не адпускаеце даўгую бараду, што ходзіце ў тэатр і кіно, танчыце ў дыскатэках і носіце міні-спаднічкі…Які сэнс мае павага для таго, хто нас не паважае? Які сэнс бараніць іхную культуру, калі яны пагарджаюць нашай? Нельга гаварыць пра дзьве раўнапраўныя культуры, бо за нашай цывілізацыяй стаіць старажытная Грэцыя зь яе дэмакратыяй, Рым са сваімі правамі, літаратурай і архітэктурай.
І Хрыстос, які нас вучыў любові і справядлівасьці…За нашй цывілізацыяй Леанарда, Мікельанджэла, Рафаэль, музыка Баха, Моцарта і Бэтховена. І навука, якая зразумела шмат хваробаў і тэрапіяў. Дзякуючы ёй я яшчэ жыву, не дзякуючы навуцы Махамада” –напісала Арляна Фалачы. Гэта характэрны для яе тэкст поўны крайнасьцяў, жарсьці і яду. Гэта далёка ад паліткарэктнасьці, але многія нават калі ім не выпадае гаварыць, усё ж такі гэтак думаюць. Спадар Палосін, а як Вы пракамэнтавалі б гэтую заяву?”

(Палосін: ) “Такія рэчы гаварыць нельга. Акрамя таго, гэта супярэчыць гісторыі. З 9-га па 13-е стагодзьдзе мусульманская цывілізацыя была найбольш разьвітай ў сьвеце. Усе паняцьці – такія як алгебра, альхімія і г.д. – арабскага паходжаньня. Ібн Гусін вучыў эўрапейцаў змагацца з чумою і воспай. Нават пра любоўную лірыку эўрапейцы даведаліся з арабскай літаратуры і толькі пасьля самі пачалі ствараць свае раманы. Такім чынам, гэта высокая цывілізацыя, хаця і адбыўся яе заняпад, ізноў жа не па віне саміх мусульманаў. У кожным разе, у гэткім стылі нельга гаварыць пра нейкае вяршэнства хрысьціянства над ісьлямам. Гэта абсалютна памылкова. Наагул, нельга параўноўваць рэлігіі, тым болей ўсясьветныя рэлігіі. У рэшце рэшт, Богу найбольш угодна, каб чалавек быў багабаязны. У Кур’ане сказана: “Першы сярод вас – чалавек багабаязны”, а такім можа быць і хрысьціянін, і габрэй, і мусульманін”.

(Бандарук: ) “Спадар Палосін. Мне здарылася прачытаць пра Вас шэраг публікацыяў. Яны, як Вы раней сказалі, сапраўды вельмі розныя. Людзі гаварылі і будуць гаварыць што заўгодна. Аднак галоўнае, як вы сябе адчуваецце як мусульманін? Менавіта, як?”

(Палосін: ) “Маё першае адчуваньне – гэта адчуваньне свабоды, свабоды надзвычайнай, якой раней ў мяне не было. І адчуваньне вялікай радасьці ад гэтай свабоды, калі паміж Богам і чалавекам няма пасярэднікаў. Хаця і сам быў такім пасярэднікам, будучы пратаірэем Праваслаўнай Царквы. Аднак гэта заўсёды было мне ў цяжар. Я лічу, што чалавек можа ўсьведаміць сваю ўласную годнасьць, дадзеную яму Богам толькі тады, калі ён наўпрост стае перад Богам, непасрэдна кантактуе зь Ім. Дарэчы, Ісус Хрыстос таксама гаварыў, што “Кожны з вас павінен наўпрост зьвяртацца да Айца Нябеснага “Авва, Ойча”, гэта значыць – без пасярэднікаў. І вось ісьлям дае адчуваньне менавіта такой свабоды, калі чалавек сам добра ведае, што вось гэта цнота, а гэта – грэх, і я павінен уладжваць сваё жыцьцё гэтак, каб жыць пабожна і справядліва. На заканчэньне я хацеў бы пажадаць міру ад Ўсявышняга ўсім жыхарам Беларусі. Я сам па маці маю беларускую кроў. Дарэчы прозьвішча маці – Кавалеўская. Бацькі маці – зь Віцебскай вобласьці. Я бываю там ў сваіх сваякоў, і таму мне вельмі блізкае ўсё, што зьвязанае зь Беларусьсю”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG