Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды схіляецца сьвет – у бок рэлігійных войнаў ці экумэнічнага міру?


Кастусь Бандарук

Удзельнікі: прафэсар Каталіцкага ўнівэрсытэту ў Любліне а. Вацлаў Грыневіч і праваслаўны тэоляг а. дыякан Андрэй Кураеў, прафэсар Маскоўскага ўнівэрсытэту. (эфір 01.01.2000).

Аўтар і вядучы Кастусь Бандарук.

Прывітаньне. У першы дзень новага году Рыма-Каталіцкая Царква адзначае "Дзень Міру". Пачатак двухтысячнага году – дата абсалютна выключная – схіляе да роздуму над будучыняй: ці надыходзіць час міру паміж рэлігіямі?

Падпісаньне "дэклярацыі аб збаўленьні" паміж лютэранамі і каталікамі, спакойны ход візыту Яна Паўла ІІ-га ў Індыю, плянаваная ў наступным годзе пілігрымка Папы ў Сьвятую Зямлю, дзе мае адбыцца сустрэча трох вялікіх рэлігіяў, дыялёг Рыміскага Папы з Патрыярхам Грузіі – гэтыя падзеі схіляюць да адносна аптымістычнага прагнозу на будучыню.

У сьвята Рэфармацыі 31-га кастрычніка летась ў Аўгсбургу ў эванегельскай царкве сьвятой Ганны была падпісаная дэклярацыя "Аб апраўданьні", інакш кажучы, аб збаўленьні. Спрэчка аб гэтым дзяліла хрысьціянства ня менш, як можа выклікаць разнагалосьсі спрэчка аб стварэньні сьвету. Ідэоляг Рэфармацыі Марцін Лютэр вучыў, што чалавек ня ў стане сам сабе загарантаваць збаўленьне і
што да яго вядуць "толькі вера і божая ласка". Адсюль ўзьнікала пытаньне аб ролі Царквы. Ці Царква неабходная для збаўленьня? Ці збаўленьне магчымае па-за Царквою?

Каталікі пагаджаліся з тым, што чалавека можа збавіць толькі Бог, але дадаткова падкрэсьлівалі значэньне чалавечай волі і добрых ўчынкаў. Спрэчка аб гэтым выклікала падзел ў заходнім храсьціянстве і рэлігійныя войны. У 1555-м годзе ў Аўгсбургу, нарэшце, быў прыняты прынцып "Cuius regio, eius religio" – "Чыя ўлада, таго й рэлігія", што закончыла вайну паміж каталікамі і збунтаванымі прыхільнікамі Лютэра.

450 гадоў пазьней ў тым жа Аўгсбургу бакі заявілі, што "Толькі Бог можа збавіць чалавека, а зь веры выплываюць добрыя ўчынкі, і што ўзаемныя пракляцьці з 16-га стагодзьдзя ня тычацца сучасных вернікаў абедзьвюх канфэсіяў".

Хаця тэалягічная дэклярацыя з Аўгсбургу можа здавацца невялікім і спрэчным дасягненьнем, аднак гэта, несумненна, – сыгнал прагрэсу ў экумэнічным руху і знак добрай волі накіраваны ўсяму падзеленаму хрысьціянству.

Рыма-Каталіцкая Царква даўжэйшы час не шукала прымірэньня зь іншымі канфэсіямі. Яна ігнаравала экумэнічны рух, паколькі ён выйшаў не з Ватыкану, але з пратэстантызму. Рым не прыймаў да ведама, што існуюць іншыя хрысьціянскія канфэсіі. Сытуацыю пагоршыў І Ватыканскі Сабор ў 1870-м годзе, які прыняў дагмат аб "бяспамылковасьці Папы", калі ад імя Царквы ён выказваюцца ў пытаньнях веры. У 20-я гады Папа Пій ХІ адмовіўся супрацоўнічаць з экумэнічным рухам і забараніў каталікам удзельнічаць ў ім. Каталікі лічылі і гэтак былі выхаваныя, што сапраўдная толькі іхная Царква і сапраўдны хрысьціянін, гэта – рымскі каталік.

Пералом наступіў ў часе ІІ Ватыканскага Сабору ў гадох 58-63. Папа Ян ХХІІІ заклікаў да адкрытасьці і аб'яднаньня ўсіх хрысьціян. У 61-м годзе ватыканская дэлегацыя ўжо ўдзельнічала ў паседжаньнях Усясьветнай Рады Цэркваў ў Нью-Дэлі. Чатыры гады пазьней Папа сустрэўся з Патрыярхам Канстантынопаля Афінагорам і выказалі шкадаваньне з прычыны ўзаемных анафемаў, якімі дзьве царквы абмяняліся ў 1054-м годзе. Незадоўга да сваёй сьмерці Ян ХХІІІ сустрэўся з першагерархам Англіканскай Царквы Архіепіскапам Рамсэям.

Гэтыя зьмены пазыцыі Ватыкану былі фундамэнтальнымі. Найбольшая хрысьціянская Царква, якая налічвае каля мільярда вернікаў, дапусьціла думку, што хрысьціянства ня круціцца вакол Рыму, але вакол Хрыста.

Дык можа сапраўды ў двухтысячным годзе зьявілася надзея на прымірэньне паміж рэлігіямі? Які можа быць прагноз на будучыню? Тым болей, што мы уступілі ў двухтысячны год хрысьціянства.

Ваша думка айцец Грыневіч?
(Грыневіч: ) "Сапраўды, дата вельмі важная і зьяўляецца стымулам для такога кшталту пытаньняў ды спробы адказу на іх. Я асабіста заўсёды на баку надзеі, хай сабе асьцярожнай, не празьмерана наіўнай, але абгрунтаванай надзеі. Справа тычыцца проста выжываньня рэлігіі, веры.
Мір паміж хрысьціянскімі канфэсіямі і рэлігіямі наогул зараз зьяўляецца проста неабходнасьцю. Сьвет робіцца малы, яму пагражаюць розныя небясьпекі. Зразумела, для хрысьціян аўтарытэтам зьяўляецца сам Хрыстос, які хоча, каб Ягоныя вучні "былі адно". Я лічу, што, прынамсі, тыя глыбокія падзелы могуць быць пераадоленыя, і ўжо бачныя некаторыя прыкметы гэтага. Больш ў нас гатоўнасьці да прымірэньня, нават ня толькі ў словах, бо гэта найпрасьцей, але больш шчырага жаданьня прымірэньня.
Аднак, каб яно магло зьдзейсьніцца, мусіць быць паскораны некаторы працэс зьмены сьвядомасьці хрысьціянаў і ўсіх вернікаў. На маю думку, ўсе мы сталіся нявольнікамі дактрынаў. Пагрозы і небясьпекі канфліктаў плывуць адтуль, што мы зрабіліся вартаўнікамі дактрынаў, а на самой справе іх нявольнікамі. Калі не засяродзімся на тым, што ў хрысьціянстве найбольш істотнае, калі ня будзе ў нас гатоўнасьці да самаабмежаваньня, то тады сапраўды няма надзеі.
Я аднак лічу, што хрысьціяне паступова вучацца таго самаабмежаваньня. Усе пачынаюць інакш разумець сутнасьць Царквы зыходзячы з прыкладу Самога Ісуса Хрыста, пра Якога сказана, што прыніжыў Сам Сябе, прыймаючы вобраз слугі. Па грэцку гэта гучыць "Экэнозэн эн Афтон", адмовіўся ад Боскай велічы, прыпадабніўся да людзей, стаўся нават слугою. Гэты кэнатычны матыў павінен мацней гучаць ў Царкве, бо ён дазваляе засяродзіць сваю ўвагу на тым, што найбольш істотнае для збаўленьня сьвету і людзей, бо гэтак паступіў Сам Бог, прыніжаючы Сябе і адмаўляючыся ад таго, што для збаўленьня не было неабходнае".

(Бандарук: ) "Менавіта ўсім патрэбная пакорлівасьць і сьціпласьць. Але ж на самой справе яе ня бачна. Усе лічаць сябе лепшымі хрысьціянамі за іншых. Няўжо ня бачыце разладу паміж тэорыяй і практыкай? Няўжо ня засмучае Вас напрыклад рэлігійнае варажнечы на Балканах?"

(Грыневіч: ) "Зразумела, што засмучае, але я заўсёды памятаю пра тое, што за адно стагодзьдзе экумэнічнага руху немагчыма адрабіць тыя вялікія занядбаньні, недабор, тыя вялікія працэсы адчужанасьці паміж хрысьціянамі зь мінулага. Зараз, назіраецца некаторы зрух, але таксама некаторая стомленасьць. Тым ня менш, я лічу, што двухтысячны год схіляе нас да таго, каб паскорыць крок, лепш зразумець тое пасхальнае пасланьне Хрысьціянства, якое схіляе нас прапаведваць не пакуты, ня крыж, не варожасьць, але ўваскрасеньне дабра, адбудаваньне таго, што было сапсаванае.

Дабро, калі нават памерла на працягу стагодзьдзяў, дык яно можа ўваскрэснуць. Тады, аднак, трэба больш прапаведваць больш пасхальнае Хрысьціянства, больш сьведамае таго, кім быў Хрыстос, да Якога мы належым. Мы не павінны пытацца: хто я, але – да каго належу. І тады зьменіцца профіль Хрысьціянства. Яно зробіцца больш гатовае несьці людзям спачуваньне, зразуменьне, блізкасьць. Тады вернікі ня будуць адчуваць спакусу пашырэньня Царства Божага мячом і прымусам, бо Бог ня робіць гэтага, бо гэта пярэчыць асноўнаму духу Хрысьціянства. Я ўвесь на баку надзеі, што гістарычны вопыт ня будзе змарнаваны".

(Бандарук: ) "Зараз, айцец прафэсар, Хрысьціянства ніхто не пашырае агнём і мячом, але ж спаборніцтва паміж канфэсіямі не закончылася. Вайна за душы працягваецца. Мы гаварылі пра некаторае зьбліжэньне паміж каталікамі і пратэстантамі, але найцяжэй разьвіваецца дыялёг з Праваслаўем, хаця, ў асноўным, яно бліжэйшае да каталіцызму чымся пратэстантызм. Папа далей ня можа наведаць Расею і Украіну. Штопраўда, ў траўні ён наведаў Румынію і ў лістападзе Грузію, але там цяплей яго прыймалі сьвецкія ўлады, чым царкоўныя. Дык, ўлічваючы гэтыя факты, ці ёсьць нейкія пэрспэктывы перад экумэнічным рухам у наступным стагодзьдзі?"

(Кураеў: ) "Несумненна, перад экумэнічным рухам ў ХХІ стагодзьдзі ёсьць пэрспэктывы, пры ўмове, што гэты рух вернецца да мэтаў, якія ён ставіў перад сабою ў самым пачатку, калі гутарка йшла пра тое, што для хрысьціян самае галоўнае і дарагое. На жаль пазьней, ў 60-я і 70-я гады, гэтая мэта экумэнічнага дыялёгу была падмененая палітыкай. З аднаго боку, да руху далучыліся цэрквы з краінаў трэцяга сьвету, дзе актыўна праводзілася нацыянальна-палітычная барацьба. Далучыліся таксама цэрквы з сацыялістычных краінаў, якіх урады і грамадзтвы падштурхоўвалі сваіх царкоўных дзеячоў да таго, каб яны гаварылі пра палітыку і пазьбягалі тэалягічнай дыскусіі.

Акрамя таго, разгром Праваслаўных цэркваў ва Ўсходняй Эўропе і Расеі прывёў да таго, што яны ня мелі адпаведных тэалягічных школаў і традыцыі, каб як роўны з роўным весьці дыялёг із Захадам. Я думаю, што разам з нармалізацыяй сацыяльна-царкоўнага жыцьця ва Ўсходняй Эўропе нашыя цэрквы змогуць перайсьці да дыялёгу чыста тэалягічнага, тым болей, што згодна дасьведчаньню 90-х гадоў, такі дыялёг можа быць прадуктыўны. Пасьпяховае было, напрыклад, завяршэньне дыялёгу аб "Фільёквэ" паміж усеправаслаўнай і каталіцкай камісіямі. Трэба таксама ясна сказаць, якія мэты ставіць перад сабою экумэнічны рух, і на што ён не прэтэндуе. Праваслаўны бок палохае прэтнзія некаторых экумэнічных лідэраў на тое, каб стварыць нейкую агульную Царкву, якая ўбярэ ў сябе альбо падменіць гістарычную царкву. Ад гэтай мэты трэба адмовіцца і ясна заявіць, што да гэтага не імкнемся.

Праваслаўе разумее экумэнізм менавіта як дыялёг роўнапраўных удзельнікаў, і мэта гэтага дыялёгу, што надзвычай важнае, – пазнаць нашыя адметнасьці. Мэта дыялёгу ня толькі ў тым, як некаторыя памылкова думаюць, каб знайсьці падабаенствы, але і ў тым, каб усьведаміць, што мы розныя, і супаставіць свае уяўленьні пра другога з тым, што сам ён думае пра сябе. Гэта таксама вельмі карысна. Такім чынам, калі мы выразна акрэсьлім мэты і сродкі экумэнічнага дыялёгу, я думаю, што ў яго будзе будучыня і ў ХХІ стагодзьдзі".

(Бандарук: ) "Да сказанага Вамі, айцец Андрэй, хачу дадаць, што сьпіс праваслаўных папрокаў ў адрас экумэнічнага руху даўгі: гэта дапушчэньне ў некаторых пратэстанцкіх цэрквах жанчын да сьвятарства, новыя пераклады Бібліі, у якіх пазьбягаецца акрэсьленьня Бога мужчынскім родам, ухваленьне сэксуальных мяншыняў, з чаго выплывае дапушчэньне сужэнстваў і сьвятарства гомасэксулаў, сумесныя багаслужбы і прычасьце зь неправаслаўнымі, пошукі супольных каранёў з будыстамі і гіндуістамі.

Што тычыцца папрокаў ў адрас Ватыкану з боку расейскага Праваслаўя, дык яно абвінавачвае Каталіцызм ў агрэсіўным празэлітызьме, падрэзваньні каранёў гістарычнага Праваслаўя. Інакш кажучы, Маскоўскі Патрыярхат лічыць, што Захад здабывае душы нячыстымі мэтадамі, скарыстоўваючы несьвядомасьць або беднасьць.

Дарэчы, гэты сучасны варыянт аўгсбурскага прынцыпу вельмі жывучы. Ня толькі ў Маскве лічаць, што Расейцы мусяць заставацца праваслаўнымі, гіндусы – гіндуістамі, жыды – жыдамі, арабы – мусульманамі, а палякі – каталікамі. Праваслаўныя баяцца каталікоў, баптыстаў, сьведкаў Яговы, мармонаў, мусульманаў, а тыя ў сваіх краінах таксама баяцца ўплыву чужых.

Такім чынам, барацьба за душы і за праўду ў сучасным сьвеце зьяўляецца рэлігійнай вайною, хаця і "халоднай". Рэлігійны "кактэйль Молатава" – гэта сумесь боязі, агрэсіі і упэўненасьці, што
валодаецца абсалютнай праўдай. Каб гэты кактэйль выбухнуў, дастакова дробязі: плёткі, кніжкі, блюзьнерскага фільму. Заміж застанавіцца над тым, адкуль бярэцца папулярнасьць канкурэнцыі, напрыклад, Каталіцызму ў Расеі, духавенства і сьвецкія больш схільныя ўсё тлумачыць нячыстай гульнёй з боку іншых.

Гэта – міжхрысьціянскія непаразуменьні, але ж некаторыя перасьцерагаюць перад небясьпекай ісламу, гавораць пра небясьпеку фундамэнталізму. Ці няма небясьпекі з гэтага боку, айцец Грыеевіч".

(Грыневіч: ) "Небясьпеку можна прадчуваць, і таму тым болей хай міжрэлігійны дыялёг спрабуе прадухіліць тыя парывы, тыя фундамэнталізмы. З другога боку, хрысьціяне не павінны ўжо рыхтавацца да нейкага непасрэднага канфлікту. Трэба таксама і ісламу паказаць новае аблічча хрысьціянства, якое не зьяўляецца ворагам, якое гатовае да мірнага суіснаваньня, якое таксама вырастае з каранёў веры ў Аднаго Бога.

Пры лепшым разуменьні веры адпадае перацягваньне іншых у сваю веру і пашырэньне яе з дапамогай гвалту ды прымусу. Я думаю, што ўсе мы паразумнеем, бо вайна была б разбуральнаю і шкодзіла б усім. У ёй не было б пераможцаў і пераможаных. Больш за рэлігійныя войны я аднак баюся нацыяналізму і шавінізму, спалучаных з рэлігійнымі лёзунгамі, з тэндэнцыяй да захопу і падпарадкаваньня іншых. Але тады гэта ўжо не была б рэлігійная вайна, але вельмі небясьпечная сумесь. Гэтага я баюся і трэба рабіць ўсё магчымае, каб не дапусьціць гэтага, усьведмляць людзям, што няма іншага шляху. Мір і згода паміж народамі і рэлігіямі – адзінае выйсьце для сьвету".

(Бандарук: ) "Гэта была думка каталіцкага тэоляга айца Вацлава Грыневіча. А ці Вы, айцец Андрэй, ня бачыце небясьпекі з боку напрыклад рэлігійнага фанатызму і фундамэнталізму?"

"Мой улюбёны аўтар ў "Лістах Баламута" даваў такі вось рэцэпт, які ёсьць на д'ябальскай кухні. Менавіта ў тую эпоху, калі нейкая пажадлівасьць апаноўвае сьвядомасьць людзей, тады прапагандуецца цнота, якая максымальна блізкая да гэтай пажадлівасьці. І вось зараз, у эпоху татальнай рэлігійнай абыякавасьці, зразумела ўздымаецца барацьба з рэлігійным фанатызмам, які, нібыта, зьяўляецца найгоршым злом. Калі б мы жылі ў 17-м стагодзьдзі, тады аб такой небясьпецы можна было б гаварыць, але ў эпоху татальнай макдональдызацыі лічыць, што менавіта з рэлігійнай неталерантнасьці і радыкалізму зыходзіць нейкая пагроза, гэта пэўнае перабольшаньне.

Я лічу, што галоўная пагроза для ўсіх хрысьціянаў – гэта імкненьне быць як ўсе, гэта іхная няўстойлівасьць. Ёсьць ў біялёгіі закон Кенана, згодна якому, ступень жыцьцяздольнасьці арганізму акрэсьліваецца ступеньню стабільнасьці ягонага ўнутарнага асяродзьдзя.

Тэмпэратура трупа і навакольнага паветра заўсёды аднолькавыя, але ў жывых арганізмах ёсьць здольнасьць захоўваць свой унутраны клімат незалежна ад капрызаў вонкавых умоваў: вільготнасьці, ціску і так далей. Такім чынам, пакуль Царква жывая, у яе павінен быць свой унутраны клімат. Улічваючы, што мы жывем з эпоху новага аб'язычваньня нашага дзяржаўнага, грамадзкага і культурнага жыцьця, у эпоху нэапаганства, вось ў гэтых умовах мне здаецца, што для хрысьціян важнейшае за ўсё – быць самімі сабой, быць вернымі сабе і сваёй традыцыі".

(Бандарук: ) "Гаварыў прафэсар Андрэй Кураеў. Безумоўна, ня шкодзіла б усім заставацца сабою. Амэрыканскі сацыёляг Пітэр Бэргэр лічыць, што ў кожным грамадзтве ёсьць магутныя фракцыі гэтак званых "швэдаў" і "гіндусаў". "Швэды – талерантныя, лагодныя, памяркоўныя, яны паважаюць свабоду ўсякіх рэлігіяў, філязофіі і спосабу жыцьця. "Гіндусы" – гарачыя, фанатычныя і бескампрамісныя, гатовыя нават гвалтам адстойваць сваю "праўду", як, напрыклад, ў выпадку бомбавых замахаў супраць прыхільнікаў абортаў.

У кожнай царкве і ў любым грамадзтве ёсьць свае і "швэды" і "гіндусы". Ачагоў канфліктаў значна больш, чым мяркуецца, і таму хіба зарана гаварыць пра канец рэлігійных войнаў.

Папа моліцца разам з прадстаўнікамі іншых рэлігіяў у Асыжу, Ганс Кінг піша тоўстыя тамы на тэму іншых рэлігіяў і заклікае да міжрэлігійнага міру, але кожная з гэтых рэлігіяў падтрымоўвае свае аспірацыі да выключнасьці. Фундамэнталісты ўжо асудзілі і дэклярацыю ў Аўгсбургу і малітоўную сустрэчу ў Асыжы. Яны лічаць, што Царква хоча прыняць да сябе паганскі "Нью-Эйдж".
Такім чынам "Вайна багоў працягваецца і, нават, умацоўваецца".
Застаецца толькі спадзявацца, што яна застанецца "халоднай вайною".

У кожным разе, рэлігія ня хутка памрэ, бо яна не перастала быць патрэбная. Мір спрыяе разьвіцьцю рэлігіі, але бязь міру паміж рэлігіямі цяжка будзе захаваць усеагульны мір.

Я дзякую за ўдзел у праграме прфэсарам Вацлаву Грыневічу і Андрэю Кураеву, а вам, шаноўныя слухачы, за ўвагу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG