На пачатку 90-х гадоў дырэктары беларускіх прадпрыемстваў былі ня надта задаволеныя сваім становішчам. Распад адзінай краіны прывёў да рэзкага падвышэньня цэнаў на энэрганосьбіты і камплектуючыя, якія ў Беларусь традыцыйна пастаўляліся з Расеі. Рынкавыя рэформы, распачатыя расейскім урадам, распаўсюджваліся і на Беларусь, пагражаючы лёсу заводаў-гігантаў.
Вырашэньня менавіта гэтых праблемаў беларускія дырэктары гучна патрабавалі на пачатку 90-х гадоў.
Але, часам, самыя вялікія расчараваньні прыносіць менавіта здзяйсьненьне жаданьняў. Высьвятляецца, што гэта, па-першае, не дае асаблівай радасьці, а па-другое, суправаджаецца зусім ужо непрыемнымі пабочнымі зьявамі, скасоўваючы перавагі, да якіх людзі прызвычаіліся і лічылі натуральным – як дыхаць паветрам.
У пэўнай ступені можна сказаць, што дырэктарскія патрабаваньні, якія найбольш гучна гучалі на пачатку 90-х гадоў, новая ўлада, што прыйшла ў 1994 годзе, больш-менш задаволіла.
Пра тое, што атрымалі дырэктары за апошнія 7 гадоў, гаворыць кіраўнік цэнтру праблемаў эўраінтэграцыі Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэту Юрый Шаўцоў.
(Шаўцоў: ) “Па-першае, пэўную стабільнасьць адносна крыміналу. На пачатку 90-х гадоў у Беларусі, як і ў Расеі, на Украіне, у краінах Балтыі хваля крыміналу была вельмі высокаю. Гэта было зьвязана з працэсам вельмі хуткай прыватызацыі. У нас дзяржава выступіла ў ролі адзінага “даху” і пэўны парадак у гэтым сэнсе быў наведзены. Нашыя дырэктары ня ведаюць таго, што, як альфабэт, ведаюць дырэктары Расеі і Ўкраіны, а менавіта ўлады арганізаванай злачынасьці. Па- другое, плюс таго, што адбылося, гэта тое, што ў нас на заводах у працоўных калектывах не адбылося рэзкай псыхалягічнай ломкі. Вытворчасьць, асабліва буйныя прадпрыемствы, застаюцца сфэраю сацыялістычнага мысьленьня, традыцыйнага для нашага народу, і гэта мае пэўныя плюсы. Нашым дырэктарам ня трэба ламаць галаву, для чаго яны жывуць.
Яшчэ ў 1995 годзе, як Вы памятаеце, буйныя заводы працавалі два-тры дні на тыдзень, рабочыя, і ня толькі рабочыя, былі занятыя дробным гандлем. Зараз заводы працуюць збольшага нармалёва, заробкі выплочваюцца нармалёва, і гэта сталася дзякуючы досыць танным энэрганосьбітам з Расеі і тым магчымасьцям, што забясьпечыла дзяржава”.
Гэта было меркаваньне беларускага дасьледчыка Юрыя Шаўцова.
Іншы балянс набыткаў і стратаў беларускага дырэктарату падводзіць былы дырэктар машынабудаўнічага канцэрну “Амкадор”, прэзыдэнт Асацыяцыі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Васіль Шлындзікаў.
(Шлындзікаў: ) “Я не сустракаў ніводнага дырэктара, які б сказаў, што ён што-небудзь выйграў. Заробак дырэктараў рэзка зьнізіўся і працягвае пастаяна зьніжацца. Але ўлады увесь час падкрэсьліваюць, што дырэктары шмат зарабляюць. А дырэктары, якія атрымліваюць крыху больш ( у параўнаньні з Расеяй – дробязь), зазнаюць цкаваньне.
Зараз давайце паглядзім з пункту гледжаньня магчымасьці стаць ўласьнікам. Мы усё ж ідзем да рынку, і хто ж, калі не дырэктары, упраўленцы мусяць стаць тым самым эфэктыўным уласьнікам, пра якога мы ўсе марым? Тут таксама дырэктары нічога ня выйгралі. Па-першае, спынілася прыватызацыя. Па-другое, дырэктары, якія здолелі набыць істотны пакет акцыяў – ня скрасьці, а купіць, інвэставаўшы ўласныя грошы ў эканоміку краіны – іх таксама цкуюць. Таму дырэктары перасталі купляць акцыі сваіх прадпрыемстваў, перасталі імкнуцца да акцыянаваньня сваіх прадпрыемстваў. А некаторыя зь іх, карыстаючыся тым, што яны дзяржаўныя і вялікія, проста паразытуюць на эканоміцы краіны, выбіваючы для сябе тыя ці іншыя ільготы”.
Гэта быў Васіль Шлындзікаў.
Яго меркаваньні ўдакладняе экспэрт міжнароднай фінасавай карпарацыі Леанід Злотнікаў.
(Злотнікаў: ) “У 1994 годзе было палажэньне ў нормах прыватызацыі, што дырэктарскаму корпусу можна было набываць да 15% акцыяў прадпрыемстваў. Але як толькі ў 1994 годзе зьмяніўся рэжым, гэтае палажэньне было скасаванае. З аднаго боку нашыя дырэктары ня маюць маёмасьці, у адрозьненьне ад дырэктараў расейскіх прадпрыемстваў. З другога боку, іх заробкі разоў у 10 менш, чым у іх калегаў у Расеі на аналягічных прадпрыемствах. Заробкі нашых дырэктараў у сярэднім толькі ў тры разы вышэй, чым заробкі рабочых на іх прадпрыемствах. На думку кіраўнікоў вытворчасьці, гэта вельмі малая розьніца”.
Гэта быў эканаміст Леанід Злотнікаў.
Магчыма, спыненьне прыватызацыі і вяртаньне савецкіх мэтадаў кіраваньня гаспадаркаю сапраўды ўратавала дырэктарскі корпус ад пагрозы з боку арганізаванай злачыннасьці, пра што казаў Юры Шаўцоў. Да таго ж ня выключана, што марнымі былі спадзяваньні кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў стаць іх гаспадарамі ў выніку прыватызацыі. Ізноў гаворыць Юры Шаўцоў.
(Шаўцоў: ) “Гэта вельмі распаўсюджаны пункт гледжаньня – нібыта, заводы перайшлі да дырэктараў у той жа Расеі. Але гэта не зусім так. У Расеі, на Ўкраіне, у большасьці ўсходнеэўрапейскіх краінаў “савецкія” дырэктары зусім ня сталі новымі ўласьнікамі. Дырэктар – гэта і ў савецкія часы, і ў нашыя ня ёсьць палітык ці бізнэсовец, гэта ёсьць кіраўнік. Дырэктар насамрэч дрэнны ўласьнік і нашым дырэктарам гэта асабліва не “сьвяціла” і ня “сьвеціць” – захаваць свой завод ў сваіх руках у выпадку прыватызацыі”.
Гэта быў Юры Шаўцоў.
Але наўрад ці беларускія дырэктары пагодзяцца з гэтым меркаваньнем. Па-першае, яго справядлівасьць не ўнівэрсальная, па-другое, адчуваньне страчанага шанцу, хай і зьвязанага з рызыкаю, у любым выпадку не паляпшае маральнае становішча беларускага дырэктарату.
Тым больш, што страты гэтым не абмяжоўваюцца. Ізноў гаворыць Васіль Шлындзікаў.
(Шлындзікаў: ) “А якую пэрспэктыву маюць дырэктары? Назавіце прозьвішча дырэктара хаця б аднаго пасьпяховага прадпрыемства, які б пайшоў уверх па службовай лесьвіцы, напрыклад, ва ўрад. Дырэктары гэтай магчымасьці пазбаўленыя, асабліва кіраўнікі пасьпяховых прадпрыемстваў. Таленавітых выраўноўваюць. Як толькі прадпрыемства, барані Бог, пасьпяхова працуе, туды высаджваюць дэсант правяральшчыкаў, і гэтыя “дэсантнікі” ставяць яго на мейсца.
Увесь час адсочваецца палітычная добранадзейнасьць. Прайшлі выбары, хтосьці з дырэктараў не арганізаваў прыпіскі сваіх працаўнікоў у выбарчых камісіях, не забясьпечыў праходжаньне патрэбнага кандыдата. Зараз мы бачым працэс замены такіх людзей.
Застаецца адзіная магчымасьць. Калі ты буйны, калі ў цябе працуе шмат людзей, хадзіць коламі вакол ураду і Аляксандра Рыгоравіча і выдумляць розныя праграмы кшталту зернавога камбайна і да таго падобнай туфты, расказваць казкі пра “саюзны тэлевізар”, фінансава-прамысловыя групы і пад гэтыя “казкі” “даіць” бюджэт”.
Гэта быў былы дырэктар канцэрну “Амкадор” Васіль Шлындзікаў.
Палітыка “даеньня” бюджэту, пра якую ён распавеў, магчымая толькі для буйных парадпрыемстваў. У цэлым жа перспектывы іх прадпрыемстваў падаюцца дырэктарам даволі змрочнымі. На працягу некалькіх гадоў дасьледчы інстытут міністэрства эканомікі вымярае так званы індэкс вытворчага аптымізму. Пра вынікі гэтых падлікаў, якія робяцца на падставе апытаньняў дырэктараў дзяржаўных прадпрыемстваў, распавядае наш наступны суразмоўца эканаміст Ігар Жалткоў.
(Жалткоў): “Амаль палова кіраўнікоў прадпрыемстваў чакаюць пагаршэньня эканамічнага становішча прадпрыемстваў. На падставе дадзеных кан’юнктурных апытаньняў у прамысловасьці вылічваецца паказчык – індэкс вытворчага аптымізму. Ён вылічваецца на падставе адказаў на тры пытаньні: пра запасы прадукцыі, прагназуемы аб’ем вытворчасьці і аб’ем попыту. На працягу 2000 году гэты паказчык значна зьніжаўся. У лістападзе 1999 году яго значэньне раўнялася чатыром, у лістападзе 2000 году гэты паказчык быў ужо мінус 25. Гэта найбольш значнае зьніжэньне за ўвесь тэрмін апытаньня з 1994 году”.
Гаварыў эканаміст Ігар Жалткоў.
Падчас апытаньняў, пра якія ён распавёў, беларускія дырэктары ў якасьці адной з галоўных прычынаў пагаршэньня сытуацыі называлі страту пазыцыяў на расейскім рынку. Беларуская прадукцыя ў Расеі ўжо не такая канкурэнтаздольная, як некалькі год таму. Беларускія прадпрыемствы ужо ня могуць атрымліваць перавагі за кошт больш нізкіх цэнаў, бо цэны ў Беларусі і ў Расеі сталі амаль роўнымі.
Як падказвае досьвед, у сваіх скаргах бізнэсмэны і дырэктары дзяржпрадпрыемстваў часам крыху хітруюць – звычай такі. Але звычка гэтая – якасьць пастаяная, і патлумачыць ёю нарастаньне сумных чаканьняў у “капітанаў” індустрыі ніяк не атрымліваецца. У падцьвержаньне свайго пункту гледжаньня наконт настрояў дэрэктарскага корпусу Юры Шаўцаў прыводзіць аргумэнт з палітычнай сфэры.
(Шаўцоў: ) “Мы бачым рэакцыю дырэктарату на ўладу па паводзінах дырэктарату. Дырэктарат падчас усіх палітычных кампаніяў ніколі ня выступаў як сацыяльная група супраць улады”.
Адзначае Юры Шаўцаў.
Але сп-ры Шлындзікаў і Злотнікаў лічаць, што прычыны маўчаньня і ляяльнасьці дырэктарату – зусім іншыя.
Гаворыць Леанід Злотнікаў.
(Злотнікаў): “Куды дырэктару падацца, калі яго звольняць з працы? Гэта не дворнік і ня просты рабочы, Калі яго звольняць, ён ніякай працы ў сваім горадзе ня знойдзе. Яны страцілі сваю палітычную актыўнасьць, іх можна сказаць “пераламалі”. У 1997 годзе 15% дырэктараў у сыстэме міністэрства прамысловасьці былі зволеныя ці аддадзеныя пад суд. Пасьля гэтай практыкі, калі іх так “пераламалі”, яны проста баяцца зараз уголас гаварыць пра палітыку, выказваць сваё абурэньне. Яны толькі гавораць, што ім цяжка, што разбураецца прамысловасьць, абсталяваньне старэе, што іх прадукцыя неканкурэнтаздольная. Вельмі незайздроснае ў іх становішча”.
Гаварыў Леанід Злотнікаў.
Васіль Шлындзікаў прыгадвае, якімі былі адносіны ўлады і кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў у часы Кебіча.
(Шлындзікаў: ) “Раней бывала пасьля чарговай пастановы ўраду падымаўся такі шум, што на гэты шум прыяжджаў Вячаслаў Францавіч, доўгі час ішло абмеркаваньне, якое сканчалася пагадненьнем. Ніхто нікога не саджаў ў турму, не здымаў з пасады, імкнуліся зразумець адзін аднаго”.
Зараз жа, паводле словаў Васіля Шлындзікава, дырэктарам застаецца толькі прыгадваць горкую народную прымаўку.
(Шлындзікаў: ) “Як той казаў, батагом абуху не пераб’еш. Народ зрабіў свой выбар і таму трэба пераконваць народ. І я мяркую, што дырэктары разам з народам зробяць свой выбар. Натуральна, што гэта не праяўляецца публічна. Бо любы публічны выступ дырэктара – гэта імгненная расправа: ад страты працы і пагаршэньня умоваў для працоўнага калектыву да турмы”.
Так што чакаць гучных выступаў дырэктараў не даводзіцца. Аднак іх, ў адрозненьне ад так званага “простага чалавека”, немагчыма пераканаць у неверагодным росквіце беларускай гаспадаркі. “Капітаны індустрыі” дакладна ведаюць, на якую водмель селі кіраваныя імі караблі. Ілюзіяў ў іх няма, ёсьць страх. Але як доўга страх можа стрымліваць людзей, прафесія якіх – прымаць адказныя рашэньні?