Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Югаслаўскае люстэрка: ці можна праз выбары адхіліць ад улады дыктатара?


Юры Дракахруст

Удзельнічаюць: Іліе Джукіч, Андрэй Шары.

(эфір 29.09.2000)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст

Напярэдадні выбараў у Югаславіі, што адбыліся ў мінулую нядзелю, амаль усе знаўцы Балканаў гаварылі ў адзін голас: усё вырашана, ужо ў панядзелак будзе аб'яўлена пра "пераканаўчую" перамогу на выбарах Слабадана Мілошавіча. Прагназавалася, што гэта прывядзе да ўзрушэньняў, а можа нават і да грамадзянскай вайны, але што ў рэшце рэшт Мілошавіч – "Кашчэй Несьмяротны" югаслаўскай палітыкі – застанецца ва ўладзе. Напярэдадні выбараў старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы лёрд Расэл Джонстан падвёў пад гэтыя меркаваньні паліталягічны падмурак, заўважыўшы, што дыктатары ніколі не адыходзілі ад улады праз выбары. Дарэчы, падобны погляд даволі распаўсюджаны і ў Беларусі, маўляў, Лукашэнка на любых выбарах усіх падмане і ўсё сфальсыфікуе.

Але разьвіцьцё падзеяў у Югаславіі абвергла гэтыя прагнозы. У сераду Цэнтральная выбарчая камісія абвесьціла, што кандыдат ад апазыцыі Каштуніца набраў больш галасоў, чым дзейны прэзыдэнт Мілошавіч. Праўда, апазыцыя лічыць, што і гэтыя дадзеныя – вынік фальсыфікацыі, што Каштуніца ўжо ў першым туры набраў больш паловы галасоў выбаршчыкаў, і таму другі тур непатрэбны і незаконы.
Так што канчатковай палітычнай перамогі апазыцыя яшчэ не атрымала, на шляху вырашэньня крызы магчымыя яшчэ самыя розныя павароты, але псыхалягічна, сымбалічна – гэта ужо перамога, канец эры Мілошавіча.

Пасьля 24 верасьня Югаславія стала іншай краінаю. Ужо зараз там пачынае расколвацца маналіт сілавога і палітычнага апірышча Мілошавіча – чынавенства і "сілавікі" хочуць быць з пераможцам. У Беларусі нешта падобнае можна было назіраць паміж першым і другім турамі прэзыдэнцкіх выбараў у 1994 годзе, калі чынавенства ў масавым парадку перабягала ад Кебіча да Лукашэнкі.

Пра прычыны югаслаўскага "цуду", што адбыўся 24 верасьня, гаворыць Іліе Джукіч – адзін з кіраўнікоў сэрбскай грамадзкай арганізацыі "Форум у міжнародных праблемах". У пачатку 90-х гадоў сп-р Джукіч быў міністрам замежных справаў Югаславіі ў рэфарматарскім урадзе Мілана Паніча.

(Джукіч: ) "Пра гэта варта гаварыць з улікам гістарычнага досьведу Сэрбіі як краіны, і сэрбаў, як народа. Яны неаднойчы ў сваёй гісторыі рабілі крокі, нечаканыя і для іншых, і для саміх сябе. Грамадзянскі пратэст, які праходзіў па ўсёй Сэрбіі 4 гады таму, ня зьнік. З улікам падзей апошніх гадоў грамадзяне Сэрбіі ў рэшце рэшт самі падвялі вынікі праўленьня Слабадана Мілошавіча і яго палітычнай сям'і.
Што тычыцца выбараў – гэта поўная параза Мілошавіча. Ніхто, ў тым ліку і апазыцыя, не чакаў такога масавага ўдзелу ў выбарах. У народзе насьпела адчуваньне, што ужо хопіць і так званых "перамогаў", і падзеньня жыцьцёвага ўзроўню. Важным было і разуменьне, што ніхто ў сьвеце не падтрымлівае рэжым Мілошавіча, што ён вядзе палітычную вайну з большаю і лепшаю часткаю сьвету. Мілошавіч стаў закладнікам сваёй палітыкі і сваёй прапаганды. Ён ня здолеў прадугледзіць вынікі выбараў.

Вельмі паказальныя вынікі мясцовых выбараў, дзе сацыялістычная партыя Мілошавіча таксама атрымала сакрушальную паразу. Напярэдадні выбараў быў зьменены закон, уведзеная мажарытарная сыстэма на мясцовых выбарах. Яны меркавалі, што апазыцыя ня здолее аб'яднацца. Атрымалася наадварот".

Гэта быў былы міністар замежных справаў Югаславіі Іліе Джукіч.

Дарэчы, перамогу аб'яднанай апазыцыі на мясцовых выбарах, пра што казаў сп-р Джукіч, прызнаў нават югаслаўскі Цэнтарвыбаркам. Хаця, здавалася, амаль усе чыньнікі былі супраць сэрбскай апазыцыі. Сярод 18-ці партыяў, што напярэдадні выбараў стварылі блёк "Дэмакратычная апазыцыя Сэрбіі", толькі студэнцкі рух "Оtpor" ("Супраціў") меў структуры па ўсёй краіне. Безумоўна адным з найбольш удалых крокаў апазыцыі стаў выбар агульнага кандыдата ў прэзыдэнта – Ваіслава Каштуніцы. За лічаныя тыдні ён стаў сапраўдным нацыянальным лідэрам.

Сваё тлумачэньне "фэномэну Каштуніцы" прапануе аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Андрэй Шары, які шмат гадоў працаваў карэспандэнтам ў Югаславіі.

(Шары: ) "Каштуніца – якасна новая зьява на сэрбскай палітычнай сцэне, найперш таму, што гэты чалавек не валодае ніякай харызмаю, ён не народны трыбун, ён ня мае моцнага мужчынскага шарму, які традыцыйны для сэрбскай палітыкі. У чым адрозьненьне Каштуніцы ад іншых сэрбскіх палітыкаў? Перш за ўсё тое, што Каштуніца 10 гадоў на палітычнай сцэне, ён быў заіграны ў розных камбінацыях, але тым ня меньш застаўся асабіста незаплямленым, нічога ня скраў, не ўдзельнічаў у прыватызацыі, апрануты некалькі год запар у адзін і той жа гарнітур, жыве ў сьціплай кватэры ў Бялградзе. Жонка – сьціплая настаўніца, сам ён – выкладчык ва ўнівэрсытэце. Ён такі ж як усе сэрбы. А народ стаміўся ад карумпаванай улады, ад надзьмутых чыноўнікаў, ад лідэраў апазыцыі з выглядам людзей, якія пачнуць "грэбці" пад сябе, як толькі прыйдуць да ўлады. Вось на іх тле зьяўляецца Ваіслаў Каштуніца: знаёмы чалавек, просты сэрбскі твар, гаворыць упэўнена, ціха, адчуваецца, што за ім ёсьць нейкая моц. Менавіта такога чалавека Сэрбія і чакала".

Мяркуе аглядальнік расейскай служба Радыё Свабода Андрэй Шары.

Посьпех сэрбскай апазыцыі тым больш дзіўны, што яна вяла барацьбу на ўмовах, вызначаных прэзыдэнтам, які да таго ж мяняў іх на сваю карысьць падчас самой барацьбы. У прыватнасьці, апазыцыя ня мела аніякага доступу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі – гэтай "зброі масавага зьнішчэньня" дыктатарскіх рэжымаў. Паводле расповяду Андрэя Шарага, перадвыбарчая кампанія апазыцыі была арганізаваная наступным чынам.

(Шары: ) "Каштуніца хадзіў па вёсках, стукаў у кожны дом, твар у твар размаўляў з людзьмі. Іх перадвыбарчая кампанія так і называлася: "Ад дому да дому". Яны сабралі "караван", і гэты "караван" на працягу двух тыдняў перадвыбарчай кампаніі аб'ехаў 50 гарадоў. У дзень Каштуніца казаў 3-4 прамовы і аб'яжджаў 3-4 гарады. Ніякіх магчымасьцяў выступаць па тэлебачаньні і па радыё ў іх няма, бо ўсё гэта кантралюецца Мілошавічам, і часу на гэта яны не гублялі. Трэба адзначыць, што 18 лідэраў арганізацыяў, што ўваходзілі ў блёк "Дэмакратычная апазыцыя Сэрбіі", – яны ўзялі на сябе тыя ж паўнамоцтвы, што і сам Каштуніца. Гэта было 18 "караванаў". Гэтая кампанія атрымалася пасьпяховаю, бо людзі ўбачылі Каштуніцу не па тэлебачаньні. Па тэлебачаньні ім хапіла Слабадана Мілошавіча".

Гаварыў Андрэй Шары.

Зразумела, нават прыход сэрбскай апазыцыі да ўляды стане не пераможнаю фінальнаю кропкаю, а толькі пачаткам цяжкога выхаду Югаславіі з міжнароднай ізаляцыі, яе вяртаньня ў Эўропу. Перадвыбарчыя заявы Каштуніцы пра асобны сэрбскі шлях, пра ЗША як "імпэрыю зла" заходні друк і заходнія палітыкі называлі "памяркоўным нацыяналізмам", даючы зразумець, што пасьля Мілошавіча прымуць любога лідэра. Штосьці ў гэтых заявах сапраўды было перадвыбарчай рыторыкай. Але штосьці і не – і справа тут ня толькі ў самім Каштуніцы, а ў настроях, што пануюць ў Сэрбіі. Накал перадвыбарчай барацьбы засьведчыў глыбокі раскол у сэрбскім грамадзтве.

Можна спрачацца наконт таго, колькі галасоў на самой справе атрымаў Мілошавіч, але тое, што яго дагэтуль падтрымлівае значная частка насельніцтва – відавочна. І гэтыя людзі нікуды не падзенуцца з краіны пасьля таго, як бялградзкі дыктатар разьвітаецца з уладай. Адвесьці краіну ад мяжы грамадзянскай вайны, зрабіць так, каб новая меншасьць ня стала аспрэчваць рашэньне большасьці са зброяй ў руках – гэта задача для новага прэзыдэнта Югаславіі ня менш важная, чым правядзеньне эканамічных і палітычных рэформаў. Для Беларусі падобныя праблемы пакуль выглядаюць заўчаснымі, але ў свой час яны безумоўна паўстануць і перад ёю.

Патрабаваньне Лукашэнкі, каб Захад ня ўмешваўся ва ўнутраныя справы Югаславіі, што прагучала 28 верасьня, сведчыць пра тое, што вынікі югаслаўскіх выбараў выклікаюць значную нэрвовасьць у кіраўніка Беларусі. Нават расейская пазыцыя больш гнуткая: міністар замежных справаў Расеі Іваноў камэнтуе сытуацыю ў Югаславіі ў стылі Лукашэнкі, але тым часам канцлер Нямеччыны Шродэр і францускі міністар замежных справаў Ведрын сустракаюцца з Пуціным і паведамляюць, што гаспадар Крамля падзяляе падыходы Захаду. У Пуціна ёсьць магчымасьць манэўру, у Лукашэнкі – няма. Вынікі югаслаўскіх выбараў гэта, па-першае, вельмі сур'ёзнае папярэджаньне афіцыйнаму Менску – аналёгіі напрошваюцца самі сабой, а па-другое, – моцны ўдар па беларускай палітыцы самаробнага панславізму.

Ізноў гаворыць аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Андрэй Шары.

(Шары: ) "Карта расейска-югаслаўскіх адносінаў ці беларуска-югаслаўскіх адносінаў – гэта карта толькі Мілошавіча. Гэта ня карта апазыцыі. У Сэрбіі разумеюць, што "пара" вакол гэтых адносінаў, што разьдзімаецца бялградзкім рэжымам, гэта ня больш, чым "пара". З другога боку, калі трэба, апазыцыя выкарыстоўвае Маскву. Калі Каштуніца прыйдзе да ўлады, расейска-югаслаўскія адносіны не нашмат зьменяцца. Тым ня менш рыторыкі з боку новых югаслаўскіх уладаў будзе значна менш. Прапагандысцкі патэнцыял сувязяў з Беларусьсю таксама вычарпае сябе даволі хутка".

Гэта быў Андрэй Шары.

І напрыканцы – меркаваньне на гэты конт нашага бялградзкага суразмоўцы, былога міністра замежных справаў Югаславіі Іліе Джукіча.

(Джукіч: ) "Я буду шчырым з Вамі і скажу тое, што, магчыма, будзе непрыемна для расейскіх і беларускіх палітычных вушэй. Шлях Югаславіі ў Эўропу, куды, дарэчы, імкнуцца і Расея, і Беларусь, ня йдзе ні праз Маскву, ні праз Менск. Але я ўпэўнены, што шлях да дэмакратыі, да супрацоўніцтва, да засваеньня эўрапейскіх стандартаў – ён чакае нас усіх: і Югаславію, і Расею, і Беларусь".

Гэта быў былы міністр замежных справаў Югаславіі Іліе Джукіч.

XS
SM
MD
LG