Адкрыцьцё помніка ў Гомелі Тарасу Шаўчэнку прымеркавана да ягоных 190-х угодкаў. Помнік пастаўлены ў прыгожым сквэры на вуліцы Барыкіна. Раней тут зьбіраліся ўсталяваць помнік удзельнікам вайны ў Аўганістане, але перадумалі. Сквэр гарадзкія ўлады, у дадатак да існай вуліцы ў цэнтры гораду, назвалі імем Тараса Шаўчэнкі, а цяпер яшчэ адкрылі яму і помнік зь меднага сплаву і мармуру. Помнікі Шаўчэнку ёсьць таксама ў Берасьці і Менску.
Паказальна, што падчас урачыстасьці ў Гомелі ўкраінскі амбасадар Пятро Шапавал прамаўляў на роднай украінскай мове, а старшыня Гомельскага аблвыканкаму Аляксандар Якабсон зьвяртаўся да прысутных па-расейску.
Як высьветлілася, помнік украінскаму кабзару вырабляўся ў Гомелі пры фінансавай падтрымцы ўкраінскай амбасады. Добраўпарадкаваньне вакол гомельскія гарадзкія ўлады рабілі за свой кошт. Распавядае намесьнік старшыні гарвыканкаму Сяргей Парошын:
(Парошын: ) “Назваць суму, якую выдаткаваў той ці іншы бок, я не магу. Лічба ўвесь час павялічваецца. Тут трэба было зрабіць добраўпарадкаваньне, арганізаваць адкрыцьцё. Гэта вялікі ўклад беларускага і ўкраінскага народаў”.
У суседніх абласьцях Украіны, якія мяжуюць зь Беларусьсю, помніка беларускаму нацыянальнаму генію няма. Таму зьвяртаюся да старшыні гарвыканкаму Леаніда Барабанава з пытаньнем: ці зьбіраюцца гомельскія ўлады падарыць у адказ, напрыклад, суседняму Чарнігаву, скульптуру Янкі Купалы?
(Барабанаў: ) “Пакуль не абмяркоўвалі. Я думаю, што дойдзем да гэтае тэмы”, — адказаў Леанід Барабанаў.
Кіраўнік абласной вэртыкалі Аляксандар Якабсон знайшоў прапанову пра падарунак Чарнігаву скульптуры Янкі Купалы слушнай:
(Якабсон: ) “Гэта цікавая прапанова. Трэба яе асэнсаваць. Калі будзе добрая воля ўкраінскага боку, то канечне”.
У Гомелі помнік Янку Купалу ўсталяваны летась, праз год пасьля юбілею паэта. Прэстыжнага месца для помніка ў горадзе не знайшлося — пастаўлены ён у нізіне каля Палацу хімікаў на Рэчыцкай шашы.