Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ ПРАЙШЛА АКЦЫЯ “МЫ ПАМЯТАЕМ”


Браніслава Станкевіч, Віцебск

(Залеская: ) “7 траўня 1999 году зьнік Юры Захаранка, былы міністар унутраных справаў Рэспублікі Беларусь, сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі…”

Такімі словамі старшыня віцебскай арганізацыі АГП Алена Залеская распачала сёньняшнюю акцыю — адмысловы перасоўны пікет, у якім ўзялі ўдзел сябры АГП і партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада. Удзельнікі акцыі прайшлі па ходніках уздоўж вуліцы Леніна з партрэтам зніклага пяць гадоў таму Юрыя Захаранкі. Часам яны спыняліся, каб раздаць віцебскім мінакам улёткі ды адказаць на іхныя пытаньні.

(Спадарыня: ) “Няўжо дагэтуль пра зьніклых палітыкаў так нічога і не вядома?”

(Залеская: ) “Так! Пра іх дагэтуль нічога не вядома. Колькі ні патрабавалі іхныя маці, жонкі ды нават іхныя дзеці, ніякага нават сьледзтва не праводзілася. Гэтым проста ніхто не займаецца. І вось мы вырашылі зьвярнуцца да вас: можа, хто-небудзь што-небудзь ведае або чуў”.

Праз паўгадзіны ўдзельнікі акцыі мусілі спыніцца, бо рухацца далей ім забаранілі трое міліцыянтаў ды двое байцоў АМОНу з аўтаматамі ды ў бронекамізэльках. Яны запрапанавалі апазыцыянэрам разам зь імі пайсьці ў пастарунак, але тут на абарону пікетоўцаў выступілі віцебскія мінакі, якія толькі што пыталіся пра лёсы зьніклых беларускіх палітыкаў.

(Спадарыня: ) “Ды што ж вы! За што вы іх забіраеце? Гэта ж ваш былы міністар!”

(Спадарыня: ) “І я кажу: гэта ж быў міністар унутраных справаў! А вы й тады дазволілі яго “ўбраць”, і цяпер перасьледуеце тых людзей, хто шукае яго, вашага міністра! Трэба ж думаць пра тое, што сёньня зьнік ён, а заўтра можа зьнікнуць нехта з вас! Праўду я кажу?”

Урэшце міліцыянты мусілі саступіць: на вачох у вялікага натоўпу мінакоў гэтым разам нікога не затрымалі. І ўсе ўдзельнікі акцыі адзначылі, што апошнім часам адчуваюць усё больш актыўную падтрымку cваіх землякоў.
XS
SM
MD
LG