Уладзімер Кацора спрабаваў праз суд вярнуць 38 тысячаў рублёў за падпіску на “БДГ” і спагнаць на карысьць газэты паўмільёна рублёў за нанесены яму маральны ўрон. Пошта, як лічыць спадар Кацора, пазбавіла яго крыніцы інфармацыі.
Судзьдзя Мальцаў вырашыў накіраваць пазоў падпісчыка Ўладзімера Кацоры ў Ленінскі суд сталіцы, дзе знаходзіцца рэспубліканскае прадпрыемства “Белпошта”. Паводле судзьдзі, менавіта “Белпошта” распарадзілася ня дастаўляць газэту падпісчыкам.
Цікава, што суд ужо другі раз выяўляе новага адказчыка.
Уладзімер Кацора выставіў пазоў аддзяленьню сувязі №18, якое прымала грошы на дастаўку “БДГ”.
На першым паседжаньні высьветлілася, што аддзяленьне сувязі ня мае статусу юрыдычнай асобы і ня можа быць адказчыкам. Сёньня судзьдзя Мальцаў пагадзіўся, што і прадпрыемства “Гомельаблпошта” ня можа адказваць за дзеяньні “Белпошты”.