Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПОЛАЧЧЫНЕ ПРАЦЯГВАЕЦЦА ЗМАГАНЬНЕ СУПРАЦЬ ПАГАЛОЎНАЙ “КАНТРАКТЫЗАЦЫІ”


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Пікет дазволены гарвыканкамам і, па традыцыі, ладзіцца на пляцы ля гарадзкога палаца культуры. Як і мінулым разам, яго ўдзельнікі прыйшлі на пляц са сьцягамі Свабоднага прафсаюзу і са шматлікімі плякатамі, сярод якіх мінакі найбольш упадабалі плякат з надпісам: “Па кантракце працуй, не працуй, атрымаеш у выніку…” Тут жа арганізаваны збор подпісаў да кіраўніка дзяржавы пад патрабаваньнем спыніць павальную кантрактызацыю і кантрактныя расправы над актывістамі Свабоднага прафсаюзу.

Гаворыць старшыня прафсуполкі Наваполацкай цеплаэлектрацэнтралі Вадзім Духаменка:

(Духаменка:) “Улады разьлічвалі так: звольнім з працы кіраўнікоў прафсаюзных суполак, а астатнія самі разьбягуцца. Як бачым, так не атрымалася. З кожнай акцыяй народу зьбіраецца штораз больш. Мінулым разам на пікеце стаяла паўсотні чалавек, сёньня, відаць, будзе яшчэ больш. Вунь, бачыце, толькі пачынаем, а ўжо колькі набегла… Цяпер рыхтуем агульнагарадзкі мітынг пратэсту. Карацей, будзем змагацца да той пары, пакуль актывісты Свабоднага прафсаюзу ня будуць адноўленыя на працы і ня будуць скасаваныя кабальныя ўмовы кантракту”.

На пікеце быў праведзены адкрыты сход рэгіянальнай арганізацыі СПБ, на якім абмяркоўвалася падрыхтоўка да мітынгу і было паведамлена, што бліжэйшым аўторкам пяцёра актывістаў Свабоднага прафсаюзу, зь якімі адміністрацыі прадпрыемстваў адмовіліся працягнуць працоўныя кантракты, запрошаныя на сустрэчу зь місіяй Міжнароднай Арганізацыі Працы, якая надоечы прыехала ў Беларусь.

І, нарэшце, самае апошняе: усьлед за наваполацкімі настаўнікамі, якія зьвярнуліся да наймальніка зь пісьмовым пратэстам супраць пагалоўнай кантрактызацыі, калектыўны ліст аналягічнага зьместу напісалі наваполацкія мэдыкі. Ліст дасланы кіраўніку дзяржавы, а падпісалася пад ім 117 чалавек.
XS
SM
MD
LG