Паводле словаў Джорджа Крола, ён наведвае Віцебск ужо другі раз, але ў якасьці амбасадара Злучаных Штатаў Амэрыкі гэта ягоны першы візыт.
Віцебская бібліятэка ангельскай літаратуры атрымала сёньня адмысловы падарунак ад амэрыканскага амбасадара – новыя кнігі па гісторыі, геаграфіі ды мастацтву ЗША. Перадаючы падарунак, спадар амбасадар зьвярнуўся да прысутных па-беларуску.
(Крол: ) “Шаноўнае спадарства, дазвольце мне сказаць колькі словаў на беларускай мове. Мне вельмі прыемна перадаць віцебскай гарадзкой бібліятэцы замежнай літаратуры падарунак ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі – гэтыя кнігі ды матэрыялы дзеля вывучэньня ангельскае мовы. Я заўсёды быў у захапленьні ад замежных моваў ды культур, і менавіта гэтае захапленьне прывяло мяне на дыпляматычную службу. Я заўсёды з задавальненьнем адкрываю для сябе вашу вечную культуру, якую значна ўзбагаціла творчасьць Марка Шагала, Казіміра Малевіча. А таксама вывучаю мілагучную беларускую мову”.
У адказ на гэтыя словы загадчык аддзелу культуры віцебскага гарвыканкаму Віктар Кібасаў па-расейску падзякаваў амбасадару, запрасіўшы яго часьцей прыяжджаць у Віцебск.
Пасьля наведаньня бібліятэкі замежнае літаратуры Джордж Крол скіраваўся ў гарадзкі грамадзкі ангельскі цэнтар, дзе сустрэўся з выкладчыкамі, студэнтамі, ды іншымі аматарамі ангельскае мовы.
Далейшы плян візыту амэрыканскага амбасадара не афішуецца, паколькі гэты візыт ёсьць неафіцыйным. Паводле некаторых зьвестак, прадстаўніцтва амэрыканскае амбасады мае сустрэцца з абласнымі ўладамі ды актывістамі грамадзкіх арганізацыяў.
Мяркуецца, што Джордж Крол прабудзе ў Віцебску два дні, і заўтра зь ягоным удзелам адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя для мясцовых журналістаў.