Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВАБОДНЫ ПРАФСАЮЗ НАВАПОЛАЦКАЙ ЦЭЦ ЗМАГАЕЦЦА З “КАНТРАКТНЫМІ РЭПРЭСІЯМІ”


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Агулам на акцыю выйшла дзевятнаццаць чалавек. Яны сталі шыхтом ля галоўнай прахадной, распаўсюджваючы адмысловы нумар прафсаюзнага бюлетэню “Рэгіён” ды зьбіраючы подпісы пад зваротам да міністра энэргетыкі спадара Таўпянца. “Мы разглядаем намер адміністрацыі не працягваць кантракту як відавочны факт ціску на людзей і перасьледу іх за перакананьні, свабода якіх гарантаваная Канстытуцыяй”, — гаворыцца ў звароце.

Удзельнікі акцыі і тыя, хто да іх падыходзіў, адкрыта абураліся тым, што з прадпрыемства звальняюць не прагульшчыкаў, п’яніцаў ды іншых парушальнікаў працоўнай дысцыпліны, а добрых спэцыялістаў, годных грамадзянаў сваёй краіны. І звальняюць толькі за тое, што яны адкрыта абараняюць свае законныя правы, зьяўляючыся сябрамі Свабоднага прафсаюзу. Як сказаў нам старшыня Свабоднага прафсаюзу Наваполацкай ЦЭЦ Вадзім Духаменка, сёньняшняя акцыя кладзе пачатак барацьбы супраць ініцыяваных уладамі “кантрактных рэпрэсіяў”.

Гаворыць Вадзім Духаменка:

(Духаменка: ) “Мы сёньня выйшлі да прахадной нашага прадпрыемства, каб правесьці інфармацыйную акцыю. Яе мэта — паінфармаваць работнікаў ЦЭЦ аб тых мерах, якія мы будзем ужываць дзеля абароны працоўных ад чынавенскага свавольства. Канкрэтна ў эфіры пра гэтыя меры казаць не хацелася б, але ўжо сёньня распачалі збор подпісаў у падтрымку звольненых таварышаў. Прычым, подпісы зьбіраюцца ня толькі сярод работнікаў ЦЭЦ, але і на іншых прадпрыемствах рэгіёну — на “Нафтане”, “Шкловалакне”, “Паліміры”. Тым больш, што “кантрактныя рэпрэсіі” пачаліся паўсюдна”.
XS
SM
MD
LG