Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕРАСЬЦЕЙСКУЮ АРГАНІЗАТАРКУ МІТЫНГУ ДА ДНЯ ВОЛІ ЗЬБІЎ АЎТАМАБІЛЬ


Алег Супрунюк, Берасьце

Здарэньне адбылося 25 сакавіка ў самым цэнтры Берасьця, калі Ніна Давыдоўская пераходзіла вуліцу. Цяпер у спадарыні Давыдоўскай, акрамя траўмаў, вялікая гематома каля правага вока. Вось што гаворыць пра абставіны гэтай гісторыі сама кіраўніца берасьцейскай суполкі БНФ:

(Давыдоўская: ) “Машына была на адлегласьці прыкладна два мэтры ад мяне. Я пераходжу вуліцу, яна дае раптоўна задні ход і зьбівае мяне. Я падаю на правы бок тварам, хутка ўздымаюся і гляджу наўздагон машыне. Нумароў немагчыма было разгледзець, бо ўсё было залеплена ці то мылам, ці то брудам. Машына хуценька ад’ехала. Я лічу, што прычынаў даць задні ход у кіроўцы не было ніякіх. Да таго ж, калі кіроўца даў задні ход, ён павінен глядзець у люстэрка, каб не пашкодзіць каму-небудзь ззаду. Карацей кажучы, мне здаецца, што гэта невыпадкава. Тым больш, што заўтра, 27 сакавіка, адбудзецца мітынг, а я зьяўляюся ягоным адказным арганізатарам”.

Мітынг, пра які распавяла спадарыня Давыдоўская, мусіць адбыцца на берасьцейскім стадыёне “Будаўнік” пад лёзунгам “Беларускаму народу — годнае жыцьцё” і прымеркаваны да сьвяткаваньня Дня Волі.

Для Ніны Давыдоўскай учорашняе здарэньне — не адзіная непрыемнасьць. Абласны суд адхіліў ейную скаргу на рашэньне адміністрацыйнай камісіі Маскоўскага раёну Берасьця, якая пакарала кіраўніцу гарадзкой суполкі БНФ за распаўсюд улётак у Міжнародны дзень правоў чалавека 10 сьнежня. Спадарыня Давыдоўская мусіць сплаціць штраф 49 тысяч беларускіх рублёў.
XS
SM
MD
LG