Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА РАДЗІМЕ ТАДЭВУША КАСЬЦЮШКІ Ў ІВАЦЭВІЦКІМ РАЁНЕ ЎСТАЛЯВАНЫ ПАМЯТНЫ КРЫЖ


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Да сёньняшняга дня на месцы, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка, знаходзіўся толькі памятны знак, усталяваны чатыры гады таму. Побач зь ім цяпер зьявіўся драўляны крыж вышынёй пяць мэтраў. Крыж зроблены на ахвяраваньні сябраў берасьцейскай філіі Маладога Фронту. Кіраўнік гэтай арганізацыі Сяржук Бахун кажа, што крыж мусіць сымбалізаваць памяць ня толькі пра Тадэвуша Касьцюшку, але і іншых паўстанцаў, што загінулі ў змаганьні за свабоду і незалежнасьць.

Згадваючы пра памятныя мясьціны, якія церпяць ад вандалізму, спадар Бахун таксама выказаў спадзяваньне, што ўсталяваны крыж ня будзе чарговай ахвярай:

(Бахун: ) “Мы будзем старацца, каб гэты крыж не прыцягваў вялікай увагі. На ім ня будзе разьмешчана ніякіх шыльдаў. Мы выдатна разумеем, што могуць быць акты вандалізму з боку дзяржавы. Мы ня хочам рабіць гэтую акцыю папулісцкай. Гэта сапраўды памяць пра Касьцюшку”.

Удзел у сёньняшніх урачыстасьцях бралі каля сотні сябраў Маладога Фронту ня толькі зь Берасьцейшчыны, але і зь іншых рэгіёнаў Беларусі, якія адмыслова прыехалі на радзіму Касьцюшкі.

Цяпер каля Косава працягваецца аднаўленьне сядзібы, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка — ганаровы грамадзянін Францыі, нацыянальны герой Злучаных Штатаў Амэрыкі й Польшчы. Берасьцейскія ўлады запэўніваюць, што сядзіба будзе адноўленая сёлета да 1 ліпеня. Гэтае абяцаньне было дадзенае амбасадару ЗША ў Беларусі Джоржду Кролу, калі ён наведаў Косава ў дзень нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі 4 лютага. Дарэчы, амэрыканская амбасада выдаткавала больш за 28 тысяч даляраў на адбудову сядзібы. За гэтыя грошы мусяць паўстаць сьцены новага будынку.
XS
SM
MD
LG