Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ГАВОРАЦЬ ГАРАДЗЕНЦЫ ПРА ДЗЕНЬ 25 САКАВІКА?


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У Горадні захаваліся будынкі, зьвязаныя зь дзейнасьцю ўраду БНР. А таксама дом, дзе паводле сучасных гісторыкаў, у 1919 годзе адбываўся запіс у Першы беларускі полк. Усе апошнія гады апазыцыі ўдавалася наладзіць у горадзе масавыя акцыі з нагоды 25 сакавіка. Вось што думаюць пра гэтую дату самі гарадзенцы:

(Карэспандэнт: ) “Як вы думаеце: ці трэба 25 сакавіка адзначаць у Беларусі як дзяржаўнае сьвята?”

(Маладзён: ) “Я асабіста лічу, што безумоўна трэба. Таму што гэта гістарычная дата, якую ня раз адзначалі цягам апошніх гадоў, я сам удзельнічаў. І вельмі крыўдна, што цяпер мы адзначаем толькі дату вызваленьня Менску, а ня дату аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці. Так што я хацеў бы, каб мы 25 сакавіка зноў прайшлі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, але ўжо афіцыйна”.

(Спадар: ) “Дзяржаўнае сьвята, канечне, павінна быць. Таму што мы жывём у Беларусі, і Беларусь — незалежная дзяржава, гэтым мы павінны ганарыцца і сваё адстойваць. Сьвята павінна быць — як Дзень незалежнасьці ў Амэрыцы. Яно не павінна быць, як 9 траўня, яно павінна рэзка адрозьнівацца. Каб людзі сапраўды разумелі, што гэта сьвята, а не пагулянка якая-небудзь, каб сабрацца, моцна выпіць, пагуляць і ўсё”.

(Маладая спадарыня: ) “Так, абавязкова павінна быць сьвята. Чым больш сьвятаў, тым лепей”.

(Карэспандэнт: ) “25 сакавіка ў 1918 годзе была абвешчана незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Ці ведаеце вы пра гэта і што выдумаеце: ці павінен гэты дзень быць дзяржаўным сьвятам?”

(Спдарыня: ) “У нас, па-мойму, ёсьць нацыянальныя сьвяты, дзякуй богу, — і Дзень канстытуцыі, і Дзень незалежнасьці існуе. А пра тое, ці 25 сакавіка павінна быць сьвятам, я, шчыра кажучы, ня ведаю. Я жанчына і палітыкай мала цікаўлюся”.

(Пажылы спадар: ) “Я нават ня ведаю. Думаю, калі заснаваная дзяржава, тую гадавіну і трэба адзначаць. Калі лічыць, што менавіта адтуль пайшла Беларусь, а калі яна яшчэ раней узьнікла, то яшчэ ранейшую дату трэба адзначаць. А так, ведаеце, заўсёды розных падзеяў у жыцьці любой дзяржавы шмат бывае, розных узрушэньняў, і калі ад кожнага ўзрушэньня мы будзем новую дату пачынаць, то ў нас тады гісторыі ня будзе”.

(Спадар: ) “Я лічу, што трэба адзначаць гэтае сьвята на дзяржаўным узроўні. Таму што ў кожнай нармальнай краіне Дзень незалежнасьці — гэта заўсёды дзяржаўнае сьвята. Тое, што сёньня адзначаецца Дзень рэспублікі ў дзень вызваленьня Менску — для мяне, як для гарадзенца, вельмі крыўдна. Таму што ў гэты час у Горадні яшчэ стаялі нямецка-фашысцкія войскі. І таму адзначаць дзень незалежнасьці ў час акупацыі — гэта ненармальна”.
XS
SM
MD
LG