Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАНДАЛЫ ПАШКОДЗІЛІ ПОМНІК УЛАДЗІМЕРУ КАРАТКЕВІЧУ Ў ВОРШЫ


Браніслава Станкевіч, Ворша

Шыльда са словамі зь верша Ўладзімера Караткевіча “Ворша” была адным з элемэнтаў помніка пісьменьніку, усталяванага ў 1992 годзе. Помнік месьціцца ў гарадзкім парку, які ўзімку амаль бязьлюдны. Таму і зьнікненьне шыльды заўважылі не адразу. Распавядае дырэктарка музэю Ўладзімера Караткевіча Сьвятлана Кусьпіц:

(Кусьпіц: ) “У нас у Прыдняпроўскім парку, дзе калісьці была хата бацькоў Караткевіча, стаіць помнік. Аўтар — скульптар Ігар Голубеў. Дык вырвалі жыўцом шыльду зь вершаванымі радкамі:

Тут нарадзіліся думкі, мары , памкненьні, жаданьні,
тут стаў я сынам краіны, апален яе агнём…”

Пра гэта нам паведаміў супрацоўнік прадпрыемства “Арыён”, якое даглядае парк. Міліцыя шукае злодзея, пра гэта паказвалі й па мясцовым тэлебачаньні, каб усе, хто нешта ведае ці бачыў, тэлефанавалі.

Пакуль што злодзея не знайшлі. На думку Сьвятланы Кусьпіц, патэнцыйная пагроза для помніка — небясьпечнае суседзтва, супраць якога музэйныяработнікі змагаюцца ўжо даўно, але безвынікова.

(Кусьпіц: ) “Часта заходзяць да нас ды пытаюцца: “Чаму побач з помнікам вядомаму пісьменьніку стаіць бар, які працуе ад 18-й вечара да 6-й раніцы? Некаторыя нават мяркуюць, што якраз там і месьціцца музэй Караткевіча! Падыходзяць і бачаць шыльду “Бар “Тры лімоны” ды расклад працы. Ноччу там можа рабіцца што заўгодна!”

Паводле вэрсіі міліцыянтаў, шыльду скралі дзеля продажу ў Расеі ў якасьці каляровага мэталу. Гэта значыць, што адшукаць яе ўжо наўрад ці магчыма. Таму Сьвятлана Кусьпіц мяркуе днямі зьвярнуцца ў гарвыканкам, а таксама да грамадзкасьці гораду, каб знайсьці неабходныя сродкі ды аднавіць пашкоджаны вандаламі помнік вядомаму пісьменьніку.
XS
SM
MD
LG