Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ НЕВЯДОМЫЯ СПРАБАВАЛІ ЎЛЕЗЬЦІ Ў ПАМЯШКАНЬНЕ ГАЗЭТЫ “ДЕНЬ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У дзяжурным пакоі міліцыі, калі я туды трапіў, знаходзіліся каля дзесяці міліцыянтаў, галоўны рэдактар газэты “День” Мікола Маркевіч і два мужчыны, якія мелі пануры выгляд. Аднаму прыблізна гадоў 40, другому — 45. У кнізе затрыманых іх запісалі як Аляксандра Вашкевіча і Віктара Макарава. Мікола Маркевіч сьцьвярджаў, што ведае аднаго зь іх, і таму зьвярнуўся да міліцыянта, які рабіў запіс:

(Маркевіч: ) “Ён не беспрацоўны, ён — супрацоўнік УКГБ па Гарадзенскай вобласьці. Калі ласка, спраўдзьце. Гэта фальсыфікацыя — тое, што вы зараз запісалі”.

Дарэчы, затрыманыя не абвяргалі словаў Міколы Маркевіча. Ён схільны лічыць, што яны рабілі спробу перашкодзіць дзейнасьці газэты “День”, якая выходзіць легальна, і запалохаць журналістаў. Празь некаторы час абодвух затрыманых міліцыянты забралі. Я пакінуў дзяжурны пакой у другой гадзіне ночы, і гэтых людзей да таго часу не выпусьцілі.

На сярэдзіну дня былі дзьве супрацьлеглыя інфармацыі: што нібыта затрыманых адпусьцілі, іх асобы высьвятляюцца, праводзіцца праверка. Паводле другой, яшчэ да абеду яны знаходзіліся ў міліцыі. Я зьвярнуўся па дапамогу да Тацяны Ламакі з прэсавага цэнтру абласнога КГБ:

(Ламака: ) “Я не магу даваць інфармацыі аб супрацоўніках, скажам так, гэта — першае. А другое, па дадзеным моманце, які вы назвалі, — аб затрыманьні — я не валодаю ніякай інфармацыяй. Таму мне складана пацьвердзіць або абвергнуць штосьці”.

Мы ведаем, што прыблізна а 22-й гадзіне ўчора некалькі мужчынаў спрабавалі падабраць ключы да дзьвярэй у калідор, за якім — памяшканьне карпункту рэдакцыі газэты “День”. Яны ня ведалі, што ўнутры знаходзіцца актывіст БНФ Мікола Лемяноўскі, які па тэлефоне выклікаў старшыню абласной арганізацыі БНФ Сяргея Мальчыка. Прыбыла таксама міліцыя. Супольна яны затрымалі двух чалавек. Астатнія ўцяклі на машыне, якая чакала побач.

(Лемяноўскі: ) “Я раптам у адную хвіліну ўставіў ключ, адчыніў дзьверы і выскачыў на іх, яны не чакалі гэтага. Яны былі ля дзьвярэй ледзь не гадзіну. Яны разгубіліся адразу”.

Мікола Лемяноўскі адзначае дзьве акалічнасьці. Ён лічыць, што напачатку міліцыянты затрымалі трох зламысьнікаў. Па-другое, абодва затрыманыя сьпярша паводзіліся ў райаддзеле вельмі свабодна. А адзін зь іх, у якога была валізка зь вялікай нізкай ключоў, нават паспрабаваў уцячы зь дзяжурнага пакою, і міліцыянты яму не перашкаджалі.
XS
SM
MD
LG