Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БОБРСКАЙ ЦАРКВЕ ЗАФАРБАВАЛІ ВЫЯВЫ ГРЭШНІКАЎ


Валянціна Аксак, Менск

Росьпісы ў царкве мястэчка Бобр пашкоджаныя: два твары ў сцэне страшнага суду, у якіх некаторыя бачылі падабенства з Аляксандрам Лукашэнкам і мітрапалітам Філарэтам, груба замаляваныя белаю фарбай. Кім і калі, аўтар росьпісу вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін ня ведае. Царква паўстала на сабраныя мясцовымі вернікамі грошы, якія самі ж яе й ахвярна дапамагалі будаваць. Расьпісаў царкву таксама бобравец Алесь Пушкін паводле эскізаў, бласлаўлёных царкоўнымі ўладамі. Сьвятар айцец Віктар адмаўляецца нешта тлумачыць мастаку, а на роспыты журналістаў пагражае міліцыяй.

А вось як пракамэнтаваў падзеі ў Бабры беларускі мастак і грамадзкі дзеяч Алесь Марачкін:

(Марачкін: ) “Эскізы былі зацьверджаныя, так што цяпер, што нейкая асоба на некага падобная…Ужо ў мяне было такое. У канцы 1970-х гадоў я намаляваў Мураўёва-вешальніка. А ў наш час з выставы гэту работу адхілілі толькі таму, што вусы былі зноў жа падобныя да вусоў кіраўніка краіны…”

Росьпісы ў бобрскай царкве былі зробленыя Алесем Пушкіным сем гадоў таму. За гэты час сьвятар неаднаразова выказваў мастаку сваё незадавальненьне згаданым падабенствам намаляваных вобразаў з рэальнымі асобамі. І вось ўчынены акт, які Алесь Марачкін назваў зьдзекам з мастацтва.

(Марачкін: ) “Я ўжо ведаў і раней, што быў ціск на Алеся Пушкіна…А тут… Я ўжо не кажу — гэта чыстае барбарства”.

На думку Марачкіна, рашэньне замаляваць росьпісы прымалася ўладнымі структурамі пасьля таго, як тэлеканал “Расея” паказаў сюжэт пра творы бобрскага мастака.
XS
SM
MD
LG