Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ЛІЧАЦЬ, ШТО ПАСЬЛЯ ІХ ГАЛАДОЎКІ НІЧОГА ІСТОТНА НЕ ЗЬМЯНІЛАСЯ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

(Карэспандэнтка: ) “Ці адчулі вы якія-небудзь зьмены ва ўмовах свае працы пасьля таго, як у Віцебску прайшла прадпрымальніцкая галадоўка?”

(Спадарыня: ) “У прынцыпе, не зьмянілася нічога, ні ў лепшы, ні ў горшы бок. Бо мясцовыя ўлады, напэўна, чакаюць нейкага рашэньня з Савету Міністраў”.

(Спадар: ) “Нічога не зьмянілася, ні да лепшага, ні да горшага. Усе спадзяюцца, чакаюць”.

(Спадар: ) “Адзінае, на што мы спадзяемся, гэта на суд. Мы ж у суд падалі, каб нашаму рынку пакінулі ранейшы статус, і цяпер чакаем 31-га, калі суд скончыцца”.

(Спадарыня: ) “Нічога не зьмянілася! Як было, так і ёсьць! Падаткі тыя самыя, месцы тыя самыя, такія самыя грошы плацім! Лепшага мы нічога ня ўбачылі!”

(Карэспандэнтка: ) “Што, на ваш погляд, трэба зрабіць, каб зьмены да лепшага ўсё ж адбыліся?”

(Спадарыня: ) “А вось што рабіць, я ня ведаю! Гэта наш урад, нашае мясцовае кіраўніцтва абсалютна не клапоціцца пра нашае жыцьцё”.

(Спадар: ) “Не, напэўна, яны задумаліся пасьля ўсяго гэтага. Задумаліся пра тое, што яны робяць, пра тое беззаконьне, якім яны займаюцца. А калі людзі маўчаць, то іх ціснуць і ціснуць, ціснуць і ціснуць”.

(Спадарыня: ) “Яны адклалі сваё рашэньне, але толькі на месяц адклалі. Каб народ крыху супакоіўся. Людзі галадавалі, здароўе сваё трацілі, а што карысьці? Хіба што яшчэ раз паспрабаваць?!”

(Карэспандэнтка: ) “Ці не адчулі вы асаблівага ўціску з боку адміністрацыі рынку пасьля ўдзелу ў акцыі пратэсту?”

(Спадарыня: ) “Да мяне начальства прэтэнзіяў ня мела. Яшчэ й падтрымлівалі, маўляў, няхай цяпер “патрасуць” нашых гарадзкіх ды абласных “багоў”. Бо як нам не даюць працаваць, дык і ім, нашай адміністрацыі, замінаюць!”

(Спадарыня: ) “Начальства? Пакуль што не чапае.Яны баяцца, што страцяць усіх пакупнікоў!”

(Карэспандэнтка: ) “А як ставяцца да вас пакупнікі? Ці зьмянілася пасьля галадоўкі іхнае стаўленьне да вас?”

(Спадар: ) “Пакупнікі ў большасьці выпадкаў нас падтрымліваюць. Яны з разуменьнем да нас ставяцца, бо ў асноўным усё купляюць на рынках”.

(Спадарыня: ) “Казалі нават, што мы ўжо ўвогуле за мяжу зьехалі, што мы галадавалі не з ідэйных меркаваньняў, а каб эміграваць адсюль! Мы так і гаворым: “Калі б мы хацелі зьехаць, то нас бы тут ужо даўно не было!” Ну, а так…Бальшыня нас падтрымлівае! Амаль усе, можна нават так сказаць! Кажуць: “Спрабуйце, змагайцеся! Калі ў вас не атрымаецца, значыць, тады будзем галадаваць і мы!”
XS
SM
MD
LG