Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІХ ШКОЛЬНІКАЎ ПРЫМУШАЮЦЬ ПАДПІСВАЦЦА НА ДЗЯРЖАЎНЫЯ ВЫДАНЬНІ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Бліжэй да заканчэньня тэрміну падпіскі на другі квартал гэтага году віцебскім школам загадалі выканаць адмысловы плян — падпісацца на пэўную колькасьць дзяржаўных выданьняў. Пра тое, як гэтае распараджэньне выконваецца, распавядае настаўніца адной са школ Першамайскага раёну.

(Спадарыня: ) “Нашай школе даюць плян, колькі чаго школа мусіць выпісаць. Да прыкладу, “Віцьбічы” — 5 асобнікаў на клясу, “Советская Белоруссия” — 2 асобнікі. Абавязкова! Аж да таго, што, калі гэты плян ня будзе выкананы, кляснага кіраўніка чакаюць непрыемнасьці — пазбавяць прэміі, альбо яшчэ штосьці такое”.

Такім чынам, школьнікі мусяць зьбіраць грошы на калектыўную падпіску. У сярэднім, кожны вучань мусіць ахвяраваць на гэта ад 500 да 1 тысячы рублёў. Грошы невялікія, але змарнаваныя, бо часьцей за ўсё выпісаныя на школу газэты так і застаюцца непрачытаныя.

(Спадарыня: ) “Яны проста выпісваюцца на школу. Як яны толькі прыходзяць, іх адразу здаюць у макулятуру. Ну, хіба ў бібліятэцы застаецца некалькі асобнікаў. Іх ніхто не чытае! Гэта проста ліпавая папулярнасьць для газэты ствараецца!”

На пытаньне, чаму прапанаваныя пэрыядычныя выданьні не карыстаюцца папулярнасьцю ў школьнікаў, адзінаццаціклясьніца сярэдняй школы №33 адказала:

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што “Віцьбічы” — гэта ўвогуле не газэта! Яна падыходзіць хіба пэнсіянэрам: там пішуць, да прыкладу, як гатаваць кабачкі, калі няма алею, або як з хлеба рабіць пельмені… Таму зразумела, што гэтая газэта не для сучаснае моладзі, якая нешта разумее”.

У сьпісе “рэкамэндаваных” выданьняў няма ніводнага выданьня на беларускай мове, нават рэспубліканскай газэты для дзяцей ды падлеткаў “Раніца”. Затое ў адной са школ таго ж Першамайскага раёну вучням пачатковых клясаў загадана зьбіраць грошы на падпіску часопіса “Беларуская думка” — колішняга “Коммуниста Белоруссии”. Зразумела, што 6–9 гадовыя дзеці чытаць такі часопіс ня будуць. Што да іхных настаўнікаў, дык яны таксама хацелі бы зьбіраць грошы на іншыя выданьні:

(Спадарыня: ) “Раней, два-тры гады таму, настаўнікі абіралі тыя выданьні, якія ім насамрэч патрэбныя. Да прыкладу, цудоўныя расейскія прадметныя выданьні. Для настаўніка яны дарагія, і таму зьбіраліся грошы на гэтыя выданьні. Потым імі карысталіся адразу некалькі настаўнікаў, і гэта дапамагала ім рыхтавацца да ўрокаў. А цяпер яны ня маюць на гэта права, яны мусяць выконваць плян — “Віцьбічы”, Советская Белоруссия” ды іншыя дзяржаўныя выданьні”.

Віцебскія настаўнікі кажуць, што неўзабаве кантроль з падпіскай на дзяржаўныя выданьні будзе яшчэ больш жорсткі: у некаторых школах клясным кіраўнікам загадана высьветліць, якія газэты выпісваюць сем’і іхных вучняў. У адпаведных сьпісах трэба пазначаць, ці няма паміж іх недзяржаўных выданьняў, да прыкладу, газэты “Віцебскі кур’ер”. Гэтыя зьвесткі будуць захоўвацца ў школах да асобнага запатрабаваньня.
XS
SM
MD
LG