Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАБРУЙСКІЯ ЎЛАДЫ РАСПАЧАЛІ «ГАНДЛЁВУЮ ВАЙНУ» Ў ІНТАРЭСАХ МЯСЦОВАГА ВЫТВОРЦЫ МАЛАКА


Марыя Ўсьціновіч, Бабруйск

Бабруйскія крамы – і дзяржаўныя, і прыватныя – цяпер прапануюць пакупнікам пераважна тыя малочныя прадукты, якія вырабленыя на мясцовым малочным заводзе. Гэта наступства настойлівага пажаданьня гарадзкіх уладаў. Кіраўніцтва гораду лічыць, што бюджэт церпіць вялізныя страты толькі з-за таго, што жыхары Бабруйску аддаюць перавагу асіповіцкаму і берасьцейскаму малаку. Чыноўнікі хочуць падтрымаць Бабруйскі малочны завод, каб у гарадзкі бюджэт трапіла больш падаткаў.

Камэнтуе кіраўнічка ўправы гандлю Бабруйскага гарвыканкаму Зінаіда Луніхіна.

(Луніхіна: ) “Гэта жыцьцё, гэта неабходнасьць. Каб не выліць тое, што трэба пераапрацаваць і прадаць. Мы ж не можам супрацоўнікаў заводу пакінуць бяз працы”.

Жыхары Бабруйску паставіліся да новаўвядзеньня адмоўна. Яны абураюцца, тэлефануюць у гарвыканкам, патрабуюць тлумачэньняў і наракаюць на якасьць бабруйскага малака. Дэпутат гарадзкога савету Алесь Чыгір лічыць, што рашэньне «вэртыкалі» пазбаўляе людзей права выбару.

(Чыгір: ) “Па-першае, гэта ня рынкавае рашэньне, па-другое, на мой погляд, гэта парушэньне закону. Тут закранаюцца правы спажыўцоў самым нахабным чынам. Нехта наверсе зноў спрабуе вырашаць, што мне есьці, як мне жыць і як сябе паводзіць”.

Местачковыя «гандлёвыя войны» час ад часу здараюцца ў гарадох і раёнах Магілёўскай вобласьці, хаця цяпер іх стала меней. Самыя буйныя гандлёвыя абмежаваньні рабіліся прыкладна два гады таму ў раёнах, памежных з Расеяй. Там катэгарычна забаранілі гандляваць танным расейскім хлебам.

Сутыкаюцца таксама і гандлёвыя інтарэсы розных рэгіёнаў Беларусі. Свабоднай канкурэнцыі тавараў, рознага кошту і якасьці, пакуль няма. Чыноўнікаў у сельскіх раёнах раздражняе, што ў крамах побач зь мясцовымі харчамі свабодна прадаюцца, напрыклад, магілёўскі хлеб ці берасьцейскае малако.

Аднак, як правіла, вялікія «гандлёвыя войны» пачынаюцца ў тых месцах, дзе прадпрыемствы і, адпаведна, мясцовы бюджэт, трапляюць у цяжкае фінансавае становічша, і ўзьнікае пагроза для чыноўнікаў, якія могуць пазбавіцца сваіх пасадаў. У Бабруйску лічаць, што менавіта з гэтых прычынаў гараджанаў прымушаюць спажываць толькі мясцовае малако.
XS
SM
MD
LG