Пераважная большасьць магілёўцаў, якія бралі ўдзел у апытаньні, лічаць, што правы чалавека ў Беларусі парушаюцца ў той ці іншай ступені. Адны людзі прыводзілі прыклады са свайго жыцьця, іншыя спасылаліся на сытуацыі, у якія трапілі сваякі альбо знаёмыя. Суразмоўцы таксама выказвалі свае меркаваньні пра тое, як можна змагацца з парушэньнямі правоў чалавека.
(Спадар: ) “Канечне, парушаюць правы чалавека. Скажам, з той жа самай кватэрай у нас з жонкай. Адабралі, чыноўніку аддалі, а мы дасюль з маленькім дзіцём на кватэрах бадзяемся”.
(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, як з гэтым можна змагацца?”
(Спадар: ) “Я лічу, што ўлады трэба мяняць. Сядзяць дзесяць, дванаццаць, пятнаццаць гадоў на адным месцы, ды нахабнічаюць проста”.
(Спадарыня: ) “Правы ўсюды парушаюцца. Наконт вучобы нават возьмем. З паступленьнем ва ўнівэрсытэт сутыкнуліся — дык як гэта робіцца? Побач былі людзі, якія дамаўляліся, каб прапіхнуць сваё дзіця. З боку глядзець на гэта было непрыемна. З гэтым ужо бессэнсоўна змагацца. Тут усё куплена, і прададзена ўсё”.
(Спадарыня: ) “Што да асабістых правоў, то ўсё ж такі былі парушэньні, аднак я сама вінаватая, што не дамагалася. Карацей, мне давялося сысьці з працы, аднак я нічога не дамаглася. Вось такое было”.
(Спадар: ) “Любыя выпадкі іншадумства ў любым кірунку, ад гаспадарчага, эканамічнага жыцьця і да незадаволенасьцю кіраўніцтвам гораду, вобласьці — прыціскаюцца. І свабоды слова прынцыпова няма і быць ня можа ў сувязі з таталітарным рэжымам”.
(Спадарыня: ) “Свабода слова — гэта можна ўсё гаварыць, калі ня выкрасьляць. Так магу што заўгодна гаварыць, правільна. А там жа гэтая цэнзура, там яны будуць глядзець”.
(Спадар: ) “Так, такое паняцьце як адміністрацыйны рэсурс у нас даволі вылучаецца. У тым ліку маецца на ўвазе прэса, тэлебачаньне і гэтак далей. Гэта ёсьць, і з гэтым спрачацца ніхто ня будзе”.
(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як можна змагацца з парушэньнем правоў чалавека?”
(Спадарыня: ) “Напэўна, жорстка. На найвышэйшым роўні павінны быць нейкія законы, каб просты чалавек мог зьвярнуцца, каб нейкі быў вынік ад гэтага звароту. Карупцыя, хабарніцтва, крадзяжы, што немагчыма нічым перамагчы. Я з гэтым сутыкнулася — і выніку не было. Лобам муру не праб’еш…”
Гэткія меркаваньні магілёўцаў пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.