Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ НЕ ПРАЦАВАЛІ НА ЗНАК САЛІДАРНАСЬЦІ З ГАЛАДОЎНІКАМІ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Віцебскія кірмашы, гандлёвыя шапікі ды прыватныя таксоўкі страйкавалі на знак салідарнасьці з галадоўнікамі, якія ўжо адзінаццаць сутак праводзяць сваю акцыю ў будынку крытага рынку “Мішэль”. Менавіта сюды ўвесь дзень прыходзілі людзі, каб сустрэцца з галадоўнікамі, сказаць ім некалькі цёплых словаў ды абмяняцца апошнімі навінамі.

У сваю чаргу галадоўнікі, дэлегаваўшы частку калегаў у Менск на прэсавую канфэрэнцыю, чакаюць зьвестак адтуль. Яны кажуць, што сёньняшні агульнабеларускі страйк ёсьць дзеля іх самай істотнай падтрымкай.

(Спадар: ) “Мы, прынамсі, на гэта спадзяёмся, таму што іншага выйсьця ў нас няма. Гэта адзіны шанец, калі нам нешта яшчэ можа дапамагчы. Ужо было шмат тэлефанаваньняў з розных гарадоў, відавочна, што людзі нас падтрымліваюць”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што любы страйк — у Менску або ў якім іншым беларускім горадзе — абавязкова нам дапаможа. Проста гэта яшчэ адзін доказ таго, што ня ўсе людзі абыякавыя, што прадпрымальнікі з усяе Беларусі нас падтрымліваюць, бо ў кожнага набалела”.

(Спадарыня: ) “Я таксама лічу, што агульнабеларускі страйк — добрая нам падтрымка, падтрымка дзеля далейшага змаганьня”.

Галадоўнікі цьвёрда вырашылі не адступацца ад сваіх патрабаваньняў ды працягваць акцыю пратэсту столькі, колькі хопіць іхных сілаў. Яны лічаць, што ўрэшце ўлады мусяць зразумець гэта ды пайсьці насустрач.
XS
SM
MD
LG