Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЗЭТУ “ДЕНЬ” АДМАЎЛЯЮЦЦА РАСПАЎСЮДЖВАЦЬ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Гарадзенскі абласны “Белсаюздрук” стаўся адзінай арганізацыяй, якая напачатку пагадзілася распаўсюджваць газэту “День”. Аднак, калі наклад даставілі ў экспэдыцыю, газэту там браць адмовіліся. Рэдакцыя зьвярнулася да службовай асобы, якая адказвае за распаўсюд. Галоўны рэдактар Мікола Маркевіч гаворыць:

(Маркевіч: )“Яна наўпрасткі патлумачыла, што кіраўніцтву гарадзенскага “аблсаюздруку” паступіў тэлефонны загад зь міністэрства інфармацыі”.

Калі Маркевіч зьвярнуўся ў міністэрства інфармацыі, там усяляк абвяргалі такое абвінавачаньне. Я пацікавіўся сёньня ў начальніка галоўнага аналітычнага упраўленьня міністэрства інфармацыі Ўладзіміра Матусевіча, як можна расцаніць тое, што ўсе арганізацыі адмаўляюцца распаўсюджваць газэту “День”.

(Матусевіч: ) “Гэта пытаньне двух суб’ектаў гаспадараньня, што яны падпісваюць і што выконваюць. Ёсьць заканадаўства, і сытуацыя павінна вырашацца толькі ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Ёсьць ворганы, якім нададзена права вырашаць: што законна, а што незаконна. Гэта крышку ня наша кампэтэнцыя”.

Атрымліваецца, што ніхто не бярэ адказнасьці за тое, што наклад афіцыйна зарэгістраванай газэты ўсе установы, у тым ліку недзяржаўныя, адмаўляюцца распаўсюджваць, нават маючы падпісаную з рэдакцыяй дамову. Мікола Маркевіч расцэньвае гэта так:

(Маркевіч: ) “Сёньня склалася такая сытуацыя ў Рэспубліцы Беларусь, што і дзяржаўныя, і недзяржаўныя інстытуцыі знаходзяцца пад жорсткім кантролем міністэрства інфармацыі, іншых арганізацыяў, мэта якіх сачыць за чысьцінёй інфармацыі, якая распаўсюджваецца ў Рэспубліцы Беларусь”.

Мікола Маркевіч схільны нават больш рэзка акрэсьліваць існуючае становішча.

(Маркевіч: ) “Сёньня я абсалютна перакананы ў тым, што ў краіне працуе нейкая цэнзарская арганізацыя, якой нададзены самыя вялікія паўнамоцтвы”.

Мікола Маркевіч гаворыць, што сёньня рэдакцыя спрабуе распаўсюджваць у Горадні першы нумар газэты “День” уласнымі сіламі.
XS
SM
MD
LG