Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАБ НЕ МАРНАВАЦЬ ЧАСУ НА ПАДАРОЖЖЫ, ВЯСКОЎЦЫ ЛЕЧАЦЦА ЗЁЛКАМІ ДЫ НАСТОЙКАМІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

У Бялыніцкім раёне за тры апошнія гады зачынілі чатыры фэльчарска-акушэрскія пункты, і адзін зь іх — у вёсцы Бахані. Гэты ФАП абслугоўваў 300 сялянаў, у тым ліку і ў аддаленых вёсках, куды ўзімку і дарогаў няма. Фэльчарка Натальля, жыхарка Баханёў, штодня звычайна прымала зь дзясятак чалавек з рознымі скаргамі й патрэбамі. Яна лічыць памылкай закрыцьцё ФАПу:

(Натальля: ) “Старым людзям, моцна старым, у каго ногі хворыя, цяжка кудысьці дабірацца. Так было бліжэй — прыйшоў, параіўся, набыў. Што і казаць, складана. Людзям цяжка”.

Пасьля таго, як ФАП у Баханях зачынілі, тутэйшым прапанавалі зьвяртацца ў суседнее Запольле, у сельскі шпіталь, які за 4 кілямэтры ад Баханёў — езьдзіць коньмі ці ісьці пешшу. Альбо ў раённы цэнтар за 20 кілямэтраў — праўда, аўтобус ходзіць туды толькі празь дзень. Людзей гэта не задавальняе.

(Спадар: ) “Ну, якое задавальненьне? Вось нават калі таблетку — цяпер людзі грыпуюць. Дзе што ўзяць? Няма дзе”.

(Спадар: ) “Вось так і лечымся. Нават няма дзе лекаў набыць. Во галава забалела, што-небудзь — няма куды. Першую дапамогу няма каму аказаць”.

Жыхары Баханёў вінавацяць у закрыцьці ФАПу дрэнную эканоміку і ўлады, тым больш што вяскоўцы прасілі начальнікаў пакінуць фэльчара і аптэку, і тыя нібыта абяцалі, аднак усё роўна зачынілі.

(Спадар: ) “Хто вінаваты? Значыць, вышэйшае начальства. Рыба адкуль гніе? З галавы! А людзям дазарэзу патрэбен гэты ФАП”.

(Спадар: ) “Канечне, патрэбны. Ці мала зьвярнуцца, даведацца пра здароўе. Ну да каго зьвярнуцца? Няма да каго!”

У Запольскім шпіталі гавораць, што да іх зьвяртаюцца ў асноўным маладыя жыхары суседніх вёсак, дый тых няшмат. Каб не марнаваць часу на падарожжы, людзі ратуюцца зёлкамі ды настойкамі. У старых жа ўвогуле няма сілаў дабірацца да шпіталю. А ў распараджэньні саміх мэдыкаў — адзін 13-гадовы ЎАЗік і вечныя праблемы з палівам. Таму мэдсёстры шкадуюць старых людзей.

(Спадарыня: ) “Народу мала, аднак яны таксама людзі, і ім таксама некуды трэба зьвяртацца. Яны некалі працавалі, нешта рабілі. Ім сапраўды цяжка сюды езьдзіць. Ніхто цяпер пра людзей ня дбае”.

Былая настаўніца, а цяпер пэнсіянэрка Ганна Іванаўна да Запольля дайсьці ня можа, і таму знайшла свой мэтад лячэньня: набывае лекі ў запас і самастойна іх ужывае.

(Ганна: ) “А як іначай. Купіш — дапамагае, значыць добра. Зьеў гэтыя, зьбірайся іншыя купляць, якія будуць есьціся. Ды і ўсё”.

Ганна Іванаўна, як і многія старыя вяскоўцы, разважае пра тое, як будзе паміраць. І ёй падаецца, што да гэтага часу добра было б падлячыцца.

(Ганна: ) “Памерці давядзецца, дык каб хоць не балюча так, як здараецца. Больніца заўсёды патрэбная, і доктар патрэбны. Што і гаварыць. Нешта збунтавалася ўсё і зрабілася абы-што”.

Бялыніцкі раён, паводле некаторых зьвестак, хутка стане базай для экспэрымэнту. Тут будзе апрабаваная новая сыстэма мэдычных акругаў, і сельская мэдыцына будзе рэарганізаваная. У раёне яшчэ ня ведаюць дакладна, ці будуць яшчэ зачыняцца ФАПы — маўляў, час пакажа. Аднак і мэдыкі, і іх пацыенты моцна спадзяюцца, што праз эканомію сродкаў ня будзе скасаваны асноўны прынцып сельскай мэдычнай дапамогі — яе даступнасьць для кожнага вяскоўца.
XS
SM
MD
LG