Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДА ГАЛАДОЎШЧЫКАЎ У ВАЎКАВЫСКУ ДАЛУЧЫЛІСЯ ДЗЬВЕ ЖАНЧЫНЫ


Сяргей Астраўцоў, Ваўкавыск

Сёньня іх наведалі прадстаўнікі ўладаў, а прадпрымальніка Мікалая Яўтуховіча, які першым распачаў акцыю пратэсту, часова пазбавілі ліцэнзіі на таксаперавозкі.

Сёньня Мікалай Яўтуховіч езьдзіў у райбольніцу, каб спраўдзіць стан здароўя. Там яму зрабілі кардыяграму. Ён гаворыць, што пачуваецца ўсё яшчэ адносна няблага.

Раніцай галадоўшчыкаў наведалі першая намесьніца кіраўніка гарадзкой падатковай службы спадарыня Сямашка, начальнік упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі аблвыканкаму Амелька і намесьнік старшыні ваўкавыскага райвыканкаму Фядосаў.

Паводле Мікалая Яўтуховіча, яму прапанавалі перарэгістраваць таксомэтры на фірму “Ніка-Транс”. Ён адказаў, што яны ня маюць права яго прымушаць. Пагатоў фірма не валодае ліцэнзіяй на таксапервозкі.

У траўні, пасьля выхаду дэкрэту Лукашэнкі за нумарам 4, Мікалай Яўтуховіч болей ня меў права трымаць у сябе болей за тры кіроўцы. Вымушана яны перайшлі ў фірму “Ніка-Транс”, заснавальнікам якой зьяўляецца ягоная жонка, але працягвалі працаваць па дамове кіроўцамі таксовак.

Таксомэтры зарэгістраваныя асабіста на Мікалая Яўтуховіча, з гэтае прычыны кіроўцы здавалі грошы менавіта яму. Падаткавікі аднак лічаць, што грошы трэба было здаваць у касу фірмы “Ніка-Транс”. У гэтым яны бачаць асноўнае парушэньне гэтак званай касавай дысцыпліны.

Праз гэта арыштавалі 13 аўтамабіляў і рахунак. Праз гэта людзі не атрымалі заробікі, пазбыліся працы, і таму пратэстуюць, абвесьціўшы калектыўную галадоўку.

Адна зь дзьвюх жанчын галадоўшчыц - дыспэтчарка Сьвятлана Хасанава, якой 25 гадоў, расказвае:

(Хасанава: ) “Ляжаць у пакоі 13 чалавек, якія трэйція суткі ўжо нічога не ядуць. П'юць толькі мінэралку. Ува ўсіх дзеці ўдома галодныя, кватэры неаплочаныя. З 15-га пайшла пеня за кватэрную плату. Плаціць няма чым.”

Прадстаўнікі ўладаў пачалі намаўляць, каб галадоўшчыкі спынілі сваю акцыю пратэсту, але тыя рашуча адмовіліся, паколькі іхныя патрабаваньні ня выкананыя. Размова скончылася нічым.

Да дзеяньняў супраць Мікалая Яўтуховіча падлучылі і міністэрства транспарту. Сёньня яму перадалі копію загаду міністра Міхаіла Баравога, згодна зь якім прадпрымальніка з 20 кастрычніка пазбаўляюць ліцэнзіі на таксаперавозкі тэрмінам на адзін месяц.

Мікалай Яўтуховіч гаворыць, што ў загадзе спасылка на фірму “Ніка-Транс”, якая нібыта парушыла касавую дысцыпліну, але сам ён фармальна дачыненьня да гэтай фірмы ня мае.
XS
SM
MD
LG