Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЕКТЫЎНУЮ ГАЛАДОЎКУ АБВЕСЬЦІЛІ Ў ВАЎКАВЫСКУ ДЗЕСЯЦЬ КІРОЎЦАЎ ПРЫВАТНЫХ ТАКСОВАК


Сяргей Астраўцоў, Гарадзенская вобласьць

Сёньня дзесяць кіроўцаў прынесьлі ў офіс матрацы і распачалі галадоўку. Яны напісалі заяву ў абласную пракуратуру і падатковую службу, у Ваўкавыскі райвыканкам і галоўнаму доктару райбальніцы. Кіроўцы пішуць, што засталіся бяз працы ў выніку незаконных, як яны лічаць, дзеяньняў супрацоўнікаў падатковай службы і таму на знак салідарнасьці з уладальнікам фірмы радыётаксі Мікалаем Аўтуховічам абвяшчаюць калектыўную бестэрміновую галадоўку.

Кіроўцы пішуць, што яны ведаюць пра абвінавачаньні, выстаўленыя сп. Аўтуховічу. Аднак яны лічаць, што пакуль ягоная віна не даказаная ў судзе, нельга пазбаўляць працы і сродкаў да існаваньня вялікую колькасьць людзей. Яны патрабуюць вярнуць прадпрымальніку аўтамабілі, а ім — працоўныя месцы.

Гаворыць адзін з галадоўнікаў — Генадзь Альшэўскі, якому 35 гадоў:

(Альшэўскі: ) “Я думаю, што людзі яшчэ далучацца. Проста гэта пачатак. Таму што немагчыма дастукацца, разумееце? Ні да кога не дастукацца. Трэба штосьці рабіць, таму што паасобку нас здратуюць усіх. Трэба ўсім разам быць. Няшчасьце і шчасьце звычайна гуртуюць людзей”.

У Генадзя Альшэўскага сям’я, 4-гадовы сын. Сам ён пэдагог, у таксафірме дзевяць месяцаў, раней год быў беспрацоўным. Гаворыць, што грошы плацяць своечасова і на жыцьцё больш-менш хапае, хаця ёсьць нявыплачаныя крэдыты за дзіцячы ложак ды іншае. Генадзь зазначае, што міліцыянт і супрацоўнік падатковай інспэкцыі арыштавалі ў яго з калегам машыны, прымусілі даставіць іх на платную стаянку за шэсьць кілямэтраў ад гораду. Абяцалі падвесьці назад, але не падвезьлі.

Старшыня райвыканкаму Міхаіл Савельеў сказаў, што ўлады ніяк не зьбіраюцца рэагаваць на галадоўку прадпрымальніка Аўтуховіча.

(Савельеў: ) “Сёньня па лініі абласной падатковай інспэкцыі ўсе гэтыя пытаньні, я ня маю права ўмешвацца ў расьсьледаваньне ўсіх гэтых справаў. Адзінае, што я ведаю, ёсьць пастанова на арышт гэтага транспарту”.

Старшыня райвыканкаму сказаў, што наконт галадоўкі дзесяці кіроўцаў упершыню пачуў ад мяне і што гэта для яго навіна. Але калі яны прыйдуць да яго, тады ён будзе думаць, як рэагаваць на іхную галадоўку.
XS
SM
MD
LG