Iнiцыятыва распаўсюду анкетаў сярод жыхароў Маларыцкага раёну належыць адзiнаму апазыцыйнаму дэпутату ў мясцовым савеце, сябру БНФ Уладзiмеру Малею. Анкета ўтрымлiвае два пытаньнi – цi ведаюць жыхары раёну пра распачатую будоўлю могiльнiку радыяактыўных адкiдаў i цi згодныя яны з тым, каб такi могiльнiк зьявiўся каля вёскi Струга. Вось як спадар Малей тлумачыць мэту сваёй акцыi.
(Малей: ) "Меркаваньне жыхароў раёну па гэтым пытаньні ня ўлiчвалася. Я лiчу, што неабходна правесьцi анкетаваньне i выявiць адносiны жыхароў Маларыччыны па гэтаму пытаньню. I калi людзi будуць супраць, на падставе выбарчага кодэксу Рэспублiкi Беларусь можна гэтае пытаньне вынесьцi на мясцовы рэфэрэндум".
Для абвяшчэньня такога рэфэрэндуму неабходна сабраць подпiсы 10% выбаршчыкаў, што жывуць на згаданай тэрыторыi. Уладзiмер Малей мяркуе, што зрабiць гэта цалкам верагодна. Тым больш, што зараз жыхароў раёну вельмi непакояць новыя абставiны будаўнiцтва могiльнiку.
Паводле апошнiх зьвестак, адмысловая мiжурадавая камiсiя, створаная ў справе фiнансаваньня гэтага небясьпечнага аб'екту, рэкамэндавала зьменшыць выдаткi на будаўнiцтва могiльнiку. Канчатковае рашэньне павiнна быць абвешчанае на гэтым тыднi, але кiраўнiк Берасьцейскага гарадзкога ўпраўленьня капiтальнага будаўнiцтва Ўладзiмер Сморшчак, чыё прадпрыемства адказвае за будаўнiцтва могiльнiку, сьцьвярджае, што бясьпека могiльнiку ад зьмяньшэньня фiнансаваньня не пацерпiць i ў жыхароў маларыцкiх вёсак няма падставаў для хваляваньня.
(Сморшчак: ) "Мы ў курсе справы. Так, людзi зьвяртаюцца. Але калi параўнаць, дык сёньня гэты забруджаны радыяцыяй грунт ляжыць у цэнтры гораду. А пасьля заканчэньня будаўнiцтва могiльнiку ён будзе знаходзiцца па-за межамi населеных пунктаў. Там будзе прыкладна каля трох з паловай кiлямэтраў да блiжэйшай вёскi".
На думку Ўладзімера Сморшчака, могiльнiк, на стварэньне якога ўжо выдаткавана больш за адзiн мiльярд рублёў, усё роўна будзе пабудаваны. З гэтых словаў вынiкае, што мясцовыя ўлады не зьбiраюцца ўлiчваць крытычнае стаўленьне грамадзянаў да небясьпечнага аб'екту.