Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты дэмакратычнай скіраванасьці ствараюць міжрэгіянальную дэпутацкую групу


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Буда-Кашалёва, Пружаны, Барысаў, Мазыр, Жлобін, Магілёў, Круглае, Рагачоў — вось гарады, адкуль зьехаліся ў менскі офіс Аб’яднанай грамадзянскай партыі нядаўна абраныя дэпутаты дэмакратычнай скіраванасьці для стварэньня міжрэгіянальнай дэпутацкай групы. Яе ініцыятары зьвярнуліся з заклікам да калегаў з усяе краіны каардынаваць намаганьні дзеля ўзаемападтрымкі, абмену вопытам, стварэньня ў мясцовых саветах партыйных фракцыяў, групаў.

(Карэспандэнт: ) “Першае пытаньне да вас, Марат Сьцяпанавіч: чым абгрунтаваная неабходнасьць камунікацыі дэмакратычных дэпутатаў розных рэгіёнаў? Каго разьлічваеце прыцягнуць да ўдзелу ў яе рабоце?”

(Марат Афанасьеў: ) “У апошнія выбары ў мясцовыя саветы вылучылася значная колькасьць дэмакратычна арыентаваных дэпутатаў. Дапамогі ад уладных структураў гэтым дэпутатам чакаць, напэўна, нельга, таму што праца гэтых людзей у мясцовых саветах ня вельмі задавальняе ўладныя структуры, і таму ім у большасьці прыйдзецца арыентавацца на ўласныя магчымасьці. Каб дапамагчы адзін аднаму і была рэалізаваная ідэя стварэньня адзінай арганізацыі, ці, як можна дакладней сказаць — адзінага органу, які б дапамагаў дэмакратычна арыентаваным дэпутатам рабіць адну справу, разьлічаную на сваіх выбарцаў”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Арлоў вядомы на Гомельшчыне чалавек — лідэр абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Леанід Васільевіч, гэткая выразна акрэсьленая палітычная пазыцыя не перашкаджае ў наладжваньні стасункаў зь беспартыйнымі дэпутатамі Жлобіна? Як вам бачыцца: ці могуць яны адмовіцца ад традыцыйных стэрэатыпаў безгалосых саветаў, ад практыкі дзяжурнага штампаваньня вышэйпрынятых рашэньняў?”

(Леанід Арлоў: ) “У прынцыпе прынялі мяне добра. На першай сэсіі, калі я прыйшоў, павіншавалі, і нават потым абраная на трэці тэрмін старшыня гарсавету пэрсанальна падышла да мяне, павіншавала. Пра стварэньне міжрэгіянальнай групы... Па-першае, неабходнае адчуваньне локця. Справа ў тым, што шмат у якіх гарадах і раёнах плянавалася, быццам некалькі чалавек пройдзе, а выйшла, што адзін. І як быць? Большасьць зь іх упершыню стала дэпутатамі. Калі ж мы зьбірацца будзем разам, здолеем атрымаць нейкі досьвед.

Дэпутаты, якія прайшлі ад улады ці са згоды ўлады, па плянах вэртыкалі будуць выконваць тыя функцыі, якія ім прызначаюцца зьверху. А прысутнасьць на паседжаньнях дэпутатаў іншага кшталту, якіх называюць дэмакратамі ці апазыцыянэрамі, ужо будзе нейкі адбітак наносіць на дзейнасьць традыцыйных дэпутатаў. Гэта будзе іх дысцыплінаваць, магчыма стымуляваць.

Да таго ж стасункі зь імі падчас сэсіі і ў кулюарах, я думаю, дапамогуць выявіць такіх, хто не заўсёды падзяляюць афіцыйнае гледзішча. І калі раней яны дзесьці толькі ў курылках маглі ўражаньнямі падзяліцца, выказаць сваю незадаволенасьць, дык дзякуючы прысутнасьці нашых дэпутатаў яны здолеюць хутчэй сфармавацца самастойна, адчуць свой унутраны стрыжань”.

(Карэспандэнт: ) “Зінаіда Ўладзімераўна, чаму вы падтрымалі ідэю міжрэгіянальнай групы? Ці не таму, што ўжо на першых кроках адчулі супраціў выканаўчай улады Круглянскага раёну, якая хуценька паспрабавала адсунуць вас убок, маўляў, ведай сваё месца — хоць час цячэ, аднак жа палітычныя традыцыі не мяняюцца!.. Разьлічваеце ўсё ж памяняць?”

(Зінаіда Мілешчанка: ) “Па першым запытаньні маіх выбарцаў і працоўных калектываў я зьвярнула ўвагу на неправамоцныя дзеяньні ўладаў у навядзеньні так званага парадку на зямлі. Яны пачалі абразаць дрэвы так, што людзі атрымлівалі проста шок. Мы зайшлі ў экалягічную службу, каб папрасіць адпаведныя дакумэнты. Але начальнік пачаў на мяне крычаць: “Якая твая справа?! А калі дужа нада, дык едзь у вобласьць і бяры гэтыя паперы”.

Я адразу асадзіла яго: “Вы не крычыце, вы просты чыноўнік, вам плацяць заробак”. І палічыла сябе як дэпутата абражанай, тут абраза майму гонару, дзелавой рэпутацыі, таму й зьвярнулася ў суд з заявай. Але яе не прынялі, бо за два дні так і ня высьветлілі — ці павінен дэпутат плаціць дзяржпошліну? Паколькі я беспрацоўная, то вызвалілі ад аплаты не як дэпутата, а як грамадзяніна, што я лічу парушэньнем. Мы зьвярнуліся ў пракуратуру, да старшыні райвыканкаму, а таксама да старшыні райсавету з тым, каб спыніць гэтыя вырубкі, пакуль ня будзе поўнага набору ўсіх рэглямэнтуючых дакумэнтаў”.

(Карэспандэнт: ) “У міжрэгіянальную групу ўваходзяць ня толькі дэпутаты, але й экспэрты па важнейшых сфэрах дзейнасьці саветаў. Спадар Валчанін двойчы запар уваходзіў у “блізкую ўладу” Барысава, а зараз пагадзіўся стаць дарадцам тых, для каго дэпутацкая дзейнасьць толькі пачынаецца... Чаму, Аляксандар Васільевіч?”

(Аляксандар Валчанін: ) “Улічваючы мой вопыт дэпутата мясцовага савету, мяне запрасілі быць экспэртам міжрэгіянальнай дэпутацкай групы, куды будуць уваходзіць дэпутаты розных кірункаў, розных партыяў. Гэта, я лічу, вельмі добра. Чаму? Як я й сам быў дэпутатам, нам вельмі не хапала такога органу, які б дапамагаў, падтрымліваў юрыдычна, сацыяльна, абараняў ад таго чыноўніцтва, якое й зараз застаецца на сваіх месцах.

У нас у Жодзіна сама ўлада ўтварыла ўмовы, пры якіх ужо большасьць насельніцтва падтрымлівае людзей, што думаюць ня так, як начальства. Да чаго ж яно баіцца дэпутатаў, якія ня так, як ім падавалася, паводзілі сябе, што нават не запрасілі нас на першую сэсію... Нават гэтым парушаюцца нормы закону аб статусе дэпутата гарадзкога савету.

Той вынік, што па 15 акругах у Жодзіна з 33 ня выбраны дэпутаты пра многае кажа. Грамадзяне тым самым паказалі свой недавер у першую чаргу менавіта кіраўніцтву. Я, калі яшчэ быў дэпутатам, накіраваў старшыні парлямэнцкай групы “Рэспубліка” Парфяновічу паперу пра ўсё гэта і прасіў падняць адпаведнае пытаньне на парлямэнцкіх слуханьнях у Палаце прадстаўнікоў”.

(Карэспандэнт: ) “Пытаньне да каардынатара міжрэгіянальнай групы спадара Афанасьева: Марат Сьцяпанавіч, у якой ступені вы думаеце кантактаваць з групай “Рэспубліка”?”

(Афанасьеў: ) “Могуць быць некалькі відаў кантактаў: і асабістыя, і перапіска, і нават сумесныя сустрэчы, якія дадуць плён у рабоце і групе “Рэспубліка”, і нашай дэпутацкай групе”.

(Карэспандэнт: ) “Незалежныя і партыйныя дэпутаты, у адрозьненьне ад тых, хто падтрымліваюць уладу, маюць куды больш магчымасьцяў дзеля наладжваньня сувязяў з замежнымі структурамі мясцовага самакіраваньня. Ці разьлічваеце вы задзейнічаць гэты рэсурс, спадар Арлоў?”

(Арлоў: ) “У прынцыпе я згодны: наша партыя шукала кантакты як на захадзе, так і на ўсходзе. І сувязі тыя сёньня даволі трывалыя. Прыяжджаюць да нас, і езьдзім мы. Што тычыцца прадстаўнікоў улады, яны прывыклі адпачываць, ім дэпутацкія мандаты даюцца лёгка, без усялякай напругі, некаторыя нават ня ўкідвалі ўлёткі ў паштовыя скрыні, ня тое што нам даводзілася хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй, кожнаму выбарцу ціснуць руку. Таму ва ўсіх кірунках у іх больш пасіўнасьці. Я думаю, будзем іх вучыць, маючы міжнародны вопыт, і зь іхнага боку было б плённым яго пераймаць”.

(Карэспандэнт: ) “А як такога жаданьня ня стане? Леанід Васільевіч, наколькі рэальнай бачыцца вам магчымасьць уплыву міжрэгіяналаў на пераарыентацыю грамадзкай думкі, на рост колькасьці вашых прыхільнікаў у цяперашніх умовах?”

(Арлоў: ) “У першую чаргу нам трэба абудзіць тых дэпутатаў ад вэртыкалі ці якія ў адным зь ёю зьвязе, сваімі ідэямі, прапановамі, урэшце выкрыцьцём тых нэгатыўных зьяваў, якія ўзьніклі ў грамадзтве. Чаму людзі ня йдуць на выбарчыя ўчасткі? Калі ідуць, то чаму шмат галасуюць супраць? Бо ня вераць уладзе. Значыць, трэба абудзіць дэпутатаў, паказаць ім (а некаторыя толькі робяць выгляд, што ня бачаць) — паглядзіце, мужыкі, дзяўчаты, людзі ж вам ня вераць... І другі кірунак — аказваць уплыў празь іхных жа выбарцаў”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Афанасьеў хоча нешта дадаць?”

(Афанасьеў: ) “Сярод выбраных дэпутатаў знаходзяцца спэцыялісты розных кірункаў. І ў кожнага маецца асабісты вопыт — жыцьцёвы, прафэсійны, які можна выкарыстоўваць у дэпутацкай працы. Калі ён змог нечага дабіцца на сваім выбарчым участку, у сваёй акрузе, то чаму гэты вопыт не пашырыць за конт сяброў дэпутацкага аб’яднаньня ў другіх рэгіёнах? Тым больш, гэты вопыт станоўчы, і ён вельмі добра ўспрымаецца выбарцамі”.

(Карэспандэнт: ) “Дарэчы, міжрэгіянальная група ставіць адной з найважнейшых сваіх мэтаў наладжваньне дзейснай камунікацыі з электаратам. Спадар Валчанін, ваш двайны дэпутацкі тэрмін дазваляе заўважыць зрухі ў сьвядомасьці людзей — як зрэагавалі яны на мінулую выбарчую кампанію, на, так бы мовіць, чарговую “перамогу” ўлады?”

(Аляксандар Валчанін: ) “Гэтымі дзеяньнямі мясцовая вэртыкаль адштурхнула нават тых людзей, якія ідэйна верылі прэзыдэнту. А такіх многа. І яны зараз кажуць — прэзыдэнт ведае, што робіцца на месцах. Бо так бы мясцовае чыноўніцтва ніколі не паводзіла, каб не падтрымка зьверху. Я хачу сказаць , што калі Мілошавіча прадалі за мільярд даляраў, то прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь такое чынавенства аддае бясплатна”.

(Карэспандэнт: ) “Такім чынам, пэрспэктывы ў рабоце міжрэгіянальнай групы падаюцца цікавымі — ці ня так, Марат Сьцяпанавіч?”

(Афанасьеў: ) “Ва ўсіх нашых дзеяньнях прысутнічае рацыянальнае, яно станоўча ўзьдзейнічае на ўсіх дэпутатаў, зь якімі даводзіцца працаваць. І калі яны бачаць гэта станоўчае, то становяцца нашымі саюзьнікамі. Гэта дапамагае. Раней праціўнікі выкарыстоўвалі нас як жупел, але зараз нашы паводзіны, прапановы пачынаюць успрымацца. Разумнае заўсёды знойдзе дарогу”.

(Карэспандэнт: ) “Леанід Васільевіч, першапачатковы штуршок ідэі стварэньня міжрэгіянальнай дэпутацкай групы мясцовых саветаў далі актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ці не азначае гэта, што і надалей яна будзе яднаць аднадумцаў выключна з АГП?”

(Арлоў: ) “Хаця ініцыятарам міжрэгіянальнай групы была Аб’яднаная грамадзянская партыя, але гэта не азначае, што толькі яе сябры будуць удзельнічаць у рабоце гэтай групы. Сумесная дзейнасьць дэпутатаў, і ня толькі дэпутатаў, дазволіць ім самім мабілізаваць сябе, аказаць уплыў на не зусім заангажаваных чыноўнікаў, дэпутатаў і прыцягне да яе электарат на будучых выбрах, прарлямэнцкіх, прэзыдэнцкіх, таму гэта справа будзе нарастаць, як сьнежны ком”.
XS
SM
MD
LG