Большасьць гандляроў пакінулі свае месцы на Цэнтральным рынку і прыйшлі да аблвыканкаму. Яны стаялі на тратуары каля галоўнага ўваходу. Прадпрымальнік Валеры Дубінін:
(Дубінін: ) “Мы прыйшлі, каб заявіць свой пратэст адміністрацыі вобласьці за ўстанаўленьне высокіх ставак адзінага падатку ў адпаведнасьці з дэкрэтам Лукашэнкі №4. Мы ня згодныя са значным падвышэньнем ставак, бо гэта прывядзе да галечы прадпрымальнікаў”.
Што галеча сапраўды пагражае дробным гандлярам рынкаў, казалі многія іншыя ўдзельнікі пікету. Прадпрымальніца Надзея Горла:
(Горла: ) “Заўтра я працую апошні дзень. Сплаціць падаткі з 1 сакавіка я ня ў стане. Красьці я ўжо не магу навучыцца. Куды мне ісьці пасьлязаўтра і што есьці?”.
Падтрымаць акцыю пратэсту гамельчукоў прыехалі бізнэсоўцы са Сьветлагорску і Жлобіна. Распавядае старшыня Жлобінскай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Тамара Сяргеенка:
(Сяргеенка: ) “Многія і так стаяць на мяжы катастрофы. Яны вымушаны пакласьці пасьведчаньні прадпрыймальнікаў уладам на стол, не плаціць падаткі, а стаць на біржу працы”.
Міліцыя не чапала пікетоўцаў. Палкоўнік Гаркоў з абласной міліцэйскай управы папярэджваў толькі, каб прадпрымальнікі не распачыналі мітынг. Іначай будуць несьці адказнасьць.
Пяцёх прадпрымальнікаў ахоўнікі пусьцілі ў будынак аблвыканкаму. Аднак выступіць дазволілі толькі Тацяне Марчанцы з абласнога цэнтру. Прадстаўнікам іншых гарадоў слова не далі.
Сэсія зацьвердзіла прапанаваныя абласной падатковай інспэкцыі новыя стаўкі адзінага падатку. Яны падвышаныя на розныя тавары ад 27 да 75%. Пяцёра прадпрымальнікаў сыходзілі з сэсіі з гучнымі воклічамі пратэсту.
Старшыня аблсавету Валер Сяліцкі заявіў: калі прадпрымальнікі масава пакінуць рынкі, то няхай ужо новы склад абласнога савету пераглядае сёньняшняе рашэньне. Самі ж прадпрымальнікі наважаныя з 1 красавіка распачаць бестэрміновы страйк.