Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СЛАВЯНСКІ БАЗАР У ВІЦЕБСКУ” ЗАВЯРШЫЎСЯ. ВІЦЯБЛЯНЕ СТАМІЛІСЯ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Меркаваньні пра тое, што “Славянскі базар” паступова губляе сваю папулярнасьць, цяпер можна пачуць у Віцебску амаль паўсюдна. І таму сёньняшняе закрыцьцё фэстывалю не выклікае асаблівага ажыятажу ды шкадаваньня. Хутчэй наадварот: многія віцябляне наўпрост кажуць, што ўжо чакаюць заўтрашняга дня, калі ў Віцебску ўзновіцца звычайны лад жыцьця – калі шматлікія харчовыя ды пітныя кропкі на цэнтральных вуліцах будуць ліквідаваныя ды па начох можна будзе зноў спакойна спаць, ня чуючы водгульля канцэртаў ды вясёлых вяртаньняў дахаты самых заўзятых гледачоў.

Узгадваючы колішнія перадфэстывальныя абяцаньні, віцябляне пасьпелі пры канцы фэстывалю пераканацца, што выкананыя яны далёка ня цалкам. Так, гарадзкія ўлады, паабяцаўшы сёлета забараніць продаж гарэлкі ў фэстывальным цэнтры, нічога не сказалі пра колькасьць завезеных сюды іншых алкагольных напояў. Таму гарадзкі выцьвярэзьнік ды “хуткая дапамога” працавалі зноў гэтаксама інтэнсіўна, як і падчас мінулых фэстываляў. Толькі ўноч з 21-га на 22-е ліпеня, калі на “Славянскім базары” праходзілі Дзень Беларусі ды Дзень Віцебску, служба “03” прыняла 199 выклікаў ды зафіксавала 15 няшчасных выпадкаў, калі пацярпелыя былі ў глыбока нецьвярозым стане…

Ня спраўдзіліся перадфэстывальныя надзеі і ў жыхароў праспэкту Перамогі, на адкрыцьці якога 19 ліпеня прысутнічаў Аляксандар Лукашэнка: грамадзкі транспарт па новым праспэкце дагэтуль ня ходзіць, затое будаўнікі ўсё яшчэ працягваюць няскончаныя працы… Дарэчы, менавіта падчас адкрыцьця праспэкту Перамогі Аляксандар Лукашэнка ўпершыню выказаў думку пра тое, што “Славянскія базары”, магчыма, трэба праводзіць радзей – раз на два, а то і на тры гады. Праўда, ён тут жа падкрэсьліў, што яму шкада пазбаўляць віцяблянаў іхнага ўлюбёнага сьвята.

Але шмат хто з тутэйшых жыхароў ад штогадовых сьвяткаваньняў проста стаміўся. І на віцебскіх вуліцах у мінулыя фэстывальныя дні нярэдка можна было пачуць меркаваньні месьцічаў пра тое, што найбуйнейшыя эстрадныя зоркі ў Віцебск цяпер ня едуць з-за малых ганарараў, а слухаць сьпевакоў “другога зорнага эшалёну” і нецікава, і шкада грошай. І пра бюджэтныя грошы, якіх сёлета фэстывалю бракуе, як ніколі, віцябляне таксама сёньня гавораць вельмі шмат, бо нават дзяржаўныя віцебскія газэты не хавалі ад сваіх чытачоў, што фінансаваньне фэстывалю з саюзнага бюджэту ідзе са спазьненьнем ды ня ў поўным аб’ёме і што гэта сьведчыць пра відавочную страту цікаўнасьці да віцебскага музычнага форуму.

Сёньня чарговы “Славянскі базар” завяршаецца. Бронзавая скульптура Арфея, створаная 3 гады таму ў якасьці сымбалю віцебскага фэстывалю, так і праляжала ўвесь гэты час у сховішчы. Бо, разважаючы над фінансавымі праблемі ды адмовамі запрошаных выканаўцаў, дырэкцыя фэстывалю ды гарадзкое кіраўніцтва і сёлета ня здолелі вырашыць, на якой вуліцы ды ў якім месцы паставіць гэты сымбаль – ці ўжо помнік? –“Славянскага базару ў Віцебску”.
XS
SM
MD
LG