Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ НОВАГА ЗАКОНУ “АБ СВАБОДЗЕ ВЕРАВЫЗНАНЬНЯЎ”


Алег Супрунюк, Берасьце

Паводле афiцыйных зьвестак, цяпер на Берасьцейшчыне зарэгiстравана 317 праваслаўных прыходаў, 56 рымска-каталiцкiх, а таксама шматлiкiя пратэстанцкiя грамады. Найбольш уплывовыя i масавыя зь iх належаць да баптыстаў, хрысьцiянаў Веры Эвангельскай i адвэнтыстаў. Што да прадстаўнiкоў iншых рэлiгiйных вызнаньняў — як, напрыклад, юдаiзму цi iсьляму — дык iх у заходнiм рэгiёне Беларусi няшмат.

У абласным савеце па справах рэлiгiяў i нацыянальных меншасьцяў пацьвердзiлi, што апошнiм часам пашыраюцца найперш пратэстанцкiя грамады. У многiх вёсках Столiнскага раёну колькасьць людзей, што наведваюць малiтоўныя дамы, ужо пераўзыходзiць тых, хто лiчыць сябе праваслаўным.

Таму прыняцьце новага Закону, якi значна ўскладнiць стварэньне новых рэлiгiйных суполак, з трывогай успрыняты менавiта ў пратэстанцкiх колах Берасьцейшчыны. Але намесьнiк старшынi абласнога савету па справах рэлiгiяў i нацыянальных меншасьцяў Васiль Марчанка ня бачыць у новым Законе нiчога дыскрымiнацыйнага.

(Марчанка: ) “Я лiчу, што ўсё iдзе ў звычайным рэчышчы. А тое, што трэба было ўнесьцi некаторыя зьмены, гэта запатрабавана жыцьцём. Што тычыцца нейкiх канфлiктаў альбо зацісканьня правоў альбо iнтарэсаў — гэта проста надумана. Няма гэтага, каб закон якую-небудзь канфэсiю заціскаў. Няма такога ўвогуле”.

Iншай думкi прытрымлiваюцца прадстаўнiкi грамадзкасьцi ў некаторых рэгiёнах Берасьцейшчыны. Так, у Iвацэвiчах мясцовая суполка Аб’яднанай грамадзянскай партыi выйшла з iнiцыятывай правядзеньня круглага стала з удзелам прадстаўнiкоў розных канфэсiяў, выканаўчай улады, палiтычных партыяў i грамадзкасьцi.

Паводле словаў старшынi Iвацэвiцкай суполкi АГП Станiслава Кучынскага, новы закон правакуе стварэньне канфлiктаў у рэлiгiйным асяродку ў раёне, што ў першую чаргу павiнна непакоiць мясцовыя ўлады. Сябры суполкi Аб’яднанай грамадзянскай партыi заклiкаюць выканаўчую вэртыкаль зрабiць усё магчымае, каб гэты закон ня быў ухвалены i не пачаў дзейнiчаць.
XS
SM
MD
LG