Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАМЕСЬНІК ГЕНЭРАЛЬНАГА САКРАТАРА ААН НАВЕДАЎ БЕЛАРУСКІЯ ТЭРЫТОРЫІ, ПАЦЯРПЕЛЫЯ ПРАЗ ЧАРНОБЫЛЬСКУЮ КАТАСТРОФУ


Казімер Яноўскі, Ветка

Спадар Ашыма ня толькі агледзеў адселеную вёску Барталамееўка, але і сустракаўся з жыхарамі вёскі Сьвяцілавічы Веткаўскага раёну. Якраз тут з дапамогаю брытанскай амбасады ў Беларусі і эканамічных структураў гораду Чарлсбэры, Вялікая Брытанія, рэалізуецца праект самазанятасьці жыхароў. Яны гадуюць гусей, мяса якіх найменш набірае радыяцыі. У пэрспэктыве плянуецца нават пабудаваць тут цэх для перапрацоўкі хатняй птушкі.

Высокі госць з Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў заявіў у Сьвяцілавічах, што новая стратэгія ААН у дачыненьні да пацярпелых рэгіёнаў заключаецца ў пераходзе ад гуманітарнай дапамогі да іх ўстойлівага эканамічнага разьвіцьця. Падтрымлівацца будуць праекты, скіраваныя менавіта на эканоміку, ахову здароўя насельніцтва і экалягічную бясьпеку.

(Ашыма: ) “Мы хочам назваць гэта новай стратэгіяй, і акцэнт будзем рабіць на жыцьцядзейнасьць людзей, паляпшэньне іхнай самазанятасьці і эканамічнага стану. Але каб стратэгія спрацавала, патрэбная згода нацыянальных урадаў, мясцовай ўлады і, натуральна, міжнароднай супольнасьці, улучна з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў”.

Новая стратэгія ААН замацаваная ў адмысловай справаздачы. Яна сталася вынікам мінулагодняе працы місіі ААН у пацярпелых раёнах.

Старшыня беларускага Камітэту ў справах Чарнобылю Уладзімер Цалка пагаджаеццца з высновамі прадстаўнікоў усясьветнай арганізацыі.

(Цалка: ) “Трэба зьмяніць падыходы да ліквідацыі наступстваў катастрофы. Людзі 15 гадоў казалі: “Дайце! Дайце!” Нам трэба, наадварот, каб яны зараблялі, на сябе працавалі. Гэта галоўнае”.

Каб прадпрыемствы ў чарнобыльскіх раёнах разьвіваліся, Гомельшчына, як найбольш забруджаная вобласьць, ужо не адзін год дамагаецца для іх ільготнага падаткаабкладаньня і прэфэрэнцыяў для магчымых інвэстараў. Аднак адпаведныя дакумэнты на дзяржаўным узроўні яшчэ не прынятыя.

Што ж да пэрспэктываў новай стратэгіі, то Кензо Ашыма сказаў так:

(Ашыма: ) “Я веру, што нам гэта ўдасца. Але, канешне, на гэта спатрэбіцца нейкі час. Патрэбна цярпеньне, упэўненасьць, што ўсё гэта будзе ўвасобленае ў жыцьцё”.
XS
SM
MD
LG