Як сьцьвярджаюць аўтары заявы, міліцыянты парушылі заканадаўства 24 сакавіка, калі вымагалі прызнаньне ад удзельніка сьвяткаваньня Дня Волі Генадзя Круціліна. Яго затрымалі, калі ён заступаўся за непаўнагадовую дачку старшыні Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў Асіповічаў Альбэрта Яўменава. Міліцыянты патрабавалі адказу на пытаньне, чаму яна прыйшла на сьвяткаваньне Дня Волі.
У аддзяленьні Генадзя Круціліна абвінавацілі ў зьяўленьні на плошчы ў нецьвярозым стане і абразе начальніка раённай міліцыі. Спадар Круцілін сьцьвярджае, што такога не было і што міліцыянты адмовіліся накіраваць яго на мэдычную экспэртызу. Паводле ягонай заявы, на працягу васьмі гадзінаў утрыманьня ў пастарунку яго білі, прывязалі да ложку і прымусілі напісаць адпаведнае прызнаньне.