Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАРЫСАВЕ ВЫСТАЎЛЯЮЦЬ НА АЎКЦЫЁН БУДЫНАК СЫНАГОГІ


Ігар Карней, Менск

Паводле бальшыні габрэйскіх грамадзкіх ды рэлігійных дзеячаў, тое, што адбываецца цяпер у Барысаве, ёсьць прамым парушэньнем закону аб свабодзе веравызнаньняў і вяртае сытуацыю да ўзроўню супрацьстаяньня савецкага часу. Да таго ж, ніколі яшчэ пагроза продажу будынка сынагогі "з малатка" не была такой блізкай да рэальнасьці. Вось якое меркаваньне выказаў старшыня Беларускага аб'яднаньня габрэйскіх арганізацыяў ды абшчынаў Леанід Левін:

(Левін:) "Сытуацыя вельмі дрэнная, яна не ўпрыгожвае дзяржаву. Мы накіравалі ліст у Камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, зараз рыхтуем другі. Але, дзеля справядлівасьці, не найлепш падыйшла да гэтага пытаньня й тамтэйшая рэлігійная суполка: ведалі пра магчымыя варыянты разьвіцьця падзеяў, але нам нічога не казалі...

Вы ж ведаеце нашыя законы: рэлігійныя будынкі павінны ў першую чаргу перадавацца рэлігійным аб'яднаньням. А гэтак жа, як у праваслаўных ці католікаў, у нас паміж рэлігійнымі дзеячамі шмат рознагалосьсяў".

(Карэспандэнт: ) "У Беларусі шмат будынкаў, якія чакаюць законных гаспадароў?"

(Левін:) "Безумоўна, амаль у кожным горадзе ёсьць. Я, натуральна, не хачу казаць, што яны ў добрым стане. Калі б у нас быў прыняты закон аб рэстытуцыі, усё было б інакш! Няма закону, таму што хочуць, тое й вырабляюць. Грошай няма, спонсараў няма. Але найперш дзяржава павінна была б вяртаць будынкі ў тым стане, у якім некалі забірала. Гэтага ж няма таксама".

Толькі ад сярэдзіны 1990-х габрэі Беларусі пачалі атрымліваць будынкі сынагогаў назад. Пераважная бальшыня іх была ў надзвычай занядбаным стане. Калі будынак месьціўся ў вёсцы, як правіла, у ім абсталёўвалі машынна-трактарныя майстэрні. Калі ў горадзе — альбо спартовыя школы, альбо канторы. Вось што прыгадвае кіраўнік менскай гарадзкой рэлігійнай абшчыны Ісаак Баран. Спадар Баран ёсьць таксама старастам сынагогі на вуліцы Крапоткіна ў Менску.

(Баран:) "Нашая сынагога пабудаваная ў 1910 годзе на просьбу тагачаснай абшчыны. Але, каб вярнуць яе, прыйшлося напісаць дзясяткі просьбаў, заяваў, зваротаў. Урэшце ў 1998 аддалі. Мы прасілі вярнуць і іншыя месцы. У прыватнасьці, шахматны клюб на вуліцы Дзімітрава — не аддалі. Будынак Рускага тэатра — гэта таксама нашая ўласнасьць (харальная сынагога, пабудаваная за сродкі нашых продкаў). Дом прыроды ў Траецкім прадмесьці. Адказы пакуль усе адмоўныя. А вось на гэтым месцы, дзе мы знаходзімся зараз, думаем рабіць капітальны рамонт, рэканструкцыю".

У чым кіраўнікі габрэйскіх абшчынаў салідарныя, дык гэта ў тым, што дзяржава ў шэрагу выпадкаў зусім неадэкватна ставіцца да існаваньня сынагогі, параўноўваючы храм з вытворчым цэхам. Спадар Баран працягвае:

(Баран: ) "Мы не займаемся ніякай вытворчасьцю, у нас адбываюцца толькі малебны. Усе мы існуем выключна коштам ахвяраваньняў. Але гэта такія нязначныя сродкі, што не хапае на аплату асьвятленьня, на паліва. І цяпер з нас патрабуюць яшчэ зямельны падатак. Калі за 2001 год 50 тысяч яшчэ неяк назьбіралі, то зараз патрабуюць ўжо 200 тысяч. Дзе мы возьмем грошы?

Такая сытуацыя паўсюль. У Горадні, прыкладам, сынагогу вернікам перадалі, але яна патрабуе капітальнага рамонту. Усе храмы былі разбураныя ў часе экспрапрыяцыі. Былі ў нармалёвым стане, а потым туды засялілі розныя ўстановы. У нас, прыкладам, да апошняга часу быў трэст малочна-гароднінных саўгасаў".

Што тычыцца паўтары сотні габрэйскіх вернікаў Барысава, то яны яшчэ спадзяюцца на станоўчы для сябе зыход барацьбы за гістарычную ўласнасьць. Гарадзкія ж улады пра саступкі пакуль не гавораць.
XS
SM
MD
LG