Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ НЕ СПРАЦОЎВАЕ СЫСТЭМА ПЛАТНАЙ МЭДЫЦЫНЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

Спадарыня Грамыка ўдакладніла, што грошы ўпраўленьню пералічылі толькі асобныя прадпрыемствы за прафагляды сваіх спэцыялістаў у мэдычных установах. Кепска ідзе справа з індывідуальнай платай гараджанаў за мэдычныя паслугі. На думку начальніцы ўпраўленьня, на прыёмах у лякарнях дактары мала распавядаюць пацыентам пра платныя паслугі й неабходнасьць падтрымліваць мэдыцыну.

Сёньня я пацікавіўся, якія паслугі прапаноўвае шараговая гарадзкая паліклініка №10, што на вуліцы Камсамольскай, і як да гэтых платных паслуг ставяцца гараджане. Распавядае пацыентка паліклінікі, пэнсіянэрка Еўдакія Цімафееўна:

(Еўдакія Цімафееўна: ) “Гэта страшна. Для людзей гэта страшна. Пра што вы кажаце?! У нас беднае насельніцтва”.

Анатоль Крукаў, вэтэран працы, змушаны быў ужо заплаціць за масаж. Яму слова:

(Крукаў: ) “Хаця б 50 адсоткаў зрабілі плату для пэнсіянэраў. Я заплаціў за масаж шэсьць з паловай тысяч рублёў. Сказалі яшчэ прайсьці электрафарэз. За пяць сэансаў таксама 6500. Я за тое, каб мэдыцына і адукацыя былі бясплатныя”.

У паліклініцы каля рэгістратуры вісіць пералік 18 відаў асноўных платных паслугаў. Найдаражэй каштуе прафагляд: для мужчынаў старэйшых за 40 гадоў — 9 тысяч 836 рублёў, для жанчын — 10 тысяч 706 рублёў. За агульны аналіз крыві трэба аддаць 4 172 рублі, за ўльтрагукавы дыягназ унутраных органаў — 5 тысячаў 442 рублі.

Аднак заплаціць грошы ў паліклініцы чалавек ня можа. Тлумачыць супрацоўніца кабінэту далекарскага прыёму Паліна Паўзунова:

(Паўзунова: ) “У нас няма касавага апарата. З часам будзе. А пакуль няма. Няма на гэта грошай”.

У кабінэце толькі выпісваюць два асобнікі квітка на аплату. Затым чалавек павінен ісьці ў якое-небудзь аддзяленьне “Беларусьбанку”, унесьці грошы і зноў вярнуцца ў паліклініку з аплачаным квітком. Тут яго зарэгіструюць, прызначаць дзень і гадзіну працэдуры. І толькі падчас трэцяга прыходу ў паліклініку пацыент можа атрымаць платную паслугу. Гэта ў тым выпадку, калі людзі пагаджаюцца на такія паходы.

Між тым, паводле распараджэньня кіраўніка дзяржавы, сёлета мэдычныя ўстановы ня толькі Гомеля, але ўсёй краіны павінны зарабіць ня менш за 30% грошай на сваё існаваньне. На поўнае забесьпячэньне мэдыцыны дзяржава сродкаў ня мае.

XS
SM
MD
LG