У акцыі пратэсту наважыліся ўзяць удзел і прафкамы гандлёвай арганізацыі “Альтаір”, тэрытарыяльнага мэдычнага аб’яднаньня і аграпрамысловага комплексу. Але іх кіраўнікі пасьля напісаньня ў райвыканкам замовы на мітынг нечакана адклікалі свае подпісы. У горадзе мяркуюць, што зроблена гэта было пад уціскам выканаўчых структураў.
А 16 гадзіне на пляцы ля кінатэатру “Прамень” сабраліся пэдагогі гарадзкіх школаў, супрацоўнікі дзіцячых садкоў, рабочыя з мэблевай фабрыкі, пэнсіянэры. Крыху пазней да іх далучыліся рабочыя мясцовага заводу “Дыяпраектар” і дэлегацыя Беларускага мэталюргічнага заводу з Жлобіну.
Удзельнікі мітынгу трымалі лёзунгі: “Саўмін, займайся эканомікай, а не прафсаюзнымі складкамі”, “Зарплату і пэнсіі – на ўзровень цэнаў”. “Мы супраць скасаваньня чарнобыльскіх ільготаў”.
Хаця мітынг быў санкцыянаваны райвыканкамам, аднак дырэкцыя кінатэатру “Прамень” не дазволіла арганізатарам падключыць узмацняльную апаратуру да энэргасілкаваньня. Прамоўцы – старшыня прафкаму “Дыяпраектару” Юры Чурыла, прафсаюзны кіраўнік сярэдняй школы №5 спадар Галоўчанка, мясцовыя мэбельшчыкі і мэталюргі з Жлобіну – вымушаны былі карыстацца мэгафонам.
Усе яны адзначалі: пастанова ўраду №1804 пра адмену безнаяўнага збору складак парушае тарыфныя пагадненьні прафсаюзаў з органамі ўлады, а таксама калектыўныя дамовы паміж наймальнікамі і прафсаюзамі. Усё гэта мае на мэце разбурыць прафсаюзныя структуры.
Пасьля выбараў прэзыдэнта ізноў затрымліваецца заработная плата. А ейны памер не адпавядае росту цэнаў на тавары, прадукты і камунальныя паслугі. Скарацілася дзяржаўная падтрымка ў сацыяльнай сфэры. Напрыклад, установы адукацыі раёну фінансуюцца цяпер зь бюджэту толькі на 60% ад неабходнага.
У рэзалюцыі, якую зачытаў старшыня настаўніцкага прафсаюзу Мікалай Зайцаў, утрымліваецца патрабаваньне тэрміновай адмены пастановы №1804, выказаны пратэст супраць узмацненьня антыпрафсаюзнай накіраванасьці ў палітыцы дзяржавы.
Падтрыманыя таксама высновы агульнагарадзкога мітынгу ў Салігорску, праведзенага ў студзені ў абарону правоў сяброў прафсаюзаў.