Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХЛЕБНЫЯ ЧЭРГІ НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Магілёўскі аблвыканкам пайшоў на гэты крок дзеля спыненьня хлебнай інтэрвэнцыі з Смаленскай і Бранскай вобласьці. З самага ранку на вакзалах і рынках зьбіраліся мясцовыя жыхары, каб набыць боханы расейскага хлеба, якія каштавалі на 5–10% менш, чым такія ж у магілёўскіх крамах. Людзі казалі пра ягоныя добрыя смакавыя якасьці.

Ажыятаж вакол расейскага хлеба выклікаў хваравітую рэакцыю чынавенства, якое сьцьвярджала, што наша прадукцыя — лепшая. Нават магілёўскія мытнікі пераконвал людзей, што сьвежасьць расейскага хлеба трымаецца на шкодных для здароўя спэцыяльных дабаўках.

Пасьля рашэньня аблвыканкаму цэны на беларускі хлеб зьнізіліся на 8–10%. Так, семісотграмовы бохан хлеба сёньня можна купіць за 250 беларускіх рублёў. Як стала вядома, у гэтых раёнах змаглі прадаваць танны хлеб за кошт таго, што камбінат зьнізіў цэны на муку. Але ягоная адміністрацыя ад гэтага не пацярпела, бо падняла іх у іншых раёнах Магілёўшчыны.

Сытуацыю камэнтуе галоўны спэцыяліст аб'яднаньня "Магілёўхлебпрам" Ларыса Новікава:

(Новікава: ) "Зьніжэньне цэнаў на хлеб адбылося коштам рэнтабэльнасьці нашага аб'яднаньня, коштам нашага прыбытку. Так, мука патаньнела ў трох раёнах, падаражэла ў іншых, аднак з-за гэтага хлеб там не падаражэў, бо мы вядзем узаемаразьлікі з гандлем, як і раней".

Аб'яднаньне "Магілёўхлебпрам" панясе страты. Аднак улады дабіліся свайго — расейскія гандляры зьніклі з рынкаў гэтых раёнаў. Тым ня менш, зьніжэньне коштаў на хлеб спарадзіла новую праблему. Танны хлеб кінуліся скупаць жыхары іншых раёнаў ня толькі яны. Як кажуць пакупнікі, цэны пакуль што зьнізілі ў гарадах і асобных вёсках, але ж гэтая мера не закранула амаль усю сельскую мясцовасьць.

Вось што адзначыў жыхар Крычава Валеры Курдзюмаў:

(Курдзюмаў: ) "Я жыву каля вакзала і бачу, як да нас зьяжджаюцца жыхары Крычаўскага раёну, якія ня могуць купіць у сваіх крамах танны хлеб. Каб купіць хлеб, мне як і маім сябрам, патрэбна адстаяць вялікую чаргу. Гандляры зь дзяржаўных крамаў Крычава не выключаюць, што іхныя пакупнікі пачнуць вывозіць танны хлеб у іншыя мясьціны Магілёўскай вобласьці".
XS
SM
MD
LG