Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЖЫТКАВІЦКІМ РАЁНЕ З-ЗА КАНФЛІКТУ З ФЭРМЭРАМ СТАРШЫНЯ РАЙВЫКАНКАМУ МОЖА ПАЗБАВІЦЦА ПАСАДЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

Фэрмэрская гаспадарка Міхаіла Шруба з Тураўшчыны нават афіцыйнай уладаю прызнана летась найлепшаю ва ўсёй Беларусі. Яна застаецца такою і цяпер. Ураджайнасьць збожжавых, бульбы ў гаспадарцы Шруба ў два зь лішкам разы вышэйшая, чым у суседніх калгасах, а гародніны – наагул ў 10-15 разоў. І заробак у ста чалавек, што працуюць на фэрмэрскім полі, непараўнальны з калгасным: за кастрычнік, напрыклад, 234 тысячы рублёў. Да таго ж фэрмэр выплочвае грошы кожны тыдзень.

На агульным тле збанкрутаваных калгасаў і саўгасаў посьпехі фэрмэра Шруба не даспадобы новапрызначанаму старшыні Жыткавіцкага райвыканкаму Пётру Савіцкаму. Ён скасаваў ранейшае рашэньне пра выдзяленьне ў арэнду Шрубу дадаткова 179 гектараў зямлі. Абласная пракуратура нават уносіла пратэст на незаконныя дзеяньні райвыканкаму. Дзяржаўны камітэт зямельных рэсурсаў Беларусі таксама рэкамэндаваў раённаму Савету, як уласьніку зямлі, скасаваць несправядлівае рашэньне выканкаму.

Аднак зямельнае пытанне за два гады так і не ўрэгуляванае. Вось што распавёў у гэтай сувязі на калегіі камітэту дзяржкантролю фэрмер Шруб:

(Шруб: ) "Я сюды прыйшоў не капусту дзяліць і не зямлю адваёўваць. Я, як любы грамадзянін, маю права выказаць свае адносіны ды свае прэтэнзіі да ўлады. Тое, што робіцца ў Жыткавіцкім райвыканкаме, пераўзыходзіць усялякія межы. Мне пагражалі нават і кайданкі надзець. Але ё людзі, якія не баяцца, адкрыта сьмяюцца над гэткімі прадстаўнікамі ўлады".

Прэтэнзіі старшыні райвыканкаму Савіцкага выказваў нават старшыня калгасу імя "22 з'езду КПСС" Іван Серада, якому выканкам перашкаджае заключаць выгадныя дамовы з фэрмэрскай гаспадаркай.

Камітэт дзяржкантролю вырашыў ўнесьці прадстаўленьне аблвыканкаму пра неадпаведнасць Пятра Савіцкага пасадзе кіраўніка раённай “вэртыкалі”.

Тымчасам, агракомплекс рэгіёну мае на сёньня 172 мільярды рублёў крэдыторскага доўгу. Большасьць калгасаў і саўгасаў працуюць стратна ва ўсіх раёнах вобласці.


XS
SM
MD
LG