Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫШОЎ У АДСТАЎКУ СТАРШЫНЯ ГАРВЫКАНКАМУ БЕРАСЬЦЯ


Алег Супрунюк, Берасьце

Як паведамiў журналicтам кiраўнiк справамi Берасьцейскага аблвыканкаму Георгi Козел, старшыня гарадзкога выканаўчага камiэту сапраўды напiсаў заяву пра сыход з займанай пасады. Паводле афiцыйнай вэрсii, Генадзь Масько зрабiў гэта па ўласным жаданьнi, і зараз заява разглядаецца кiраўнiцтвам абласной вэртыкалi. Але зь iншых крынiцаў вядома, што адстаўка cпадара Масько ня ёсьць дабраахвотнай i была iнiцыяваная старшынём Берасьцейскага аблвыканкаму Васiлём Даўгалёвым.

Камэнтаваць рашэньне свайго былога кiраўнiка супрацоўнiкi гарвыканкаму адмаўляюцца. Мiж тым, некалькi дзён таму з рэзкай крытыкай на адрас адказных чыноўнiкаў берасьцейскай вэртыкалi выступiў Камiтэт дзяржаўнага кантролю. Кiраўнiцтва гарвыканкаму абвiнавачвалі ў тым, што яно не кантралюе сытуацыю ў Берасьцi i спрыяе злоўжываньням як з боку дзяржаўных, так i камэрцыйных структураў. Кантралёры зрабiлi выснову, што сваiмi дзеяньнямi берасьцейскiя кiраўнiкi нанесьлi дзяржаве стратаў больш як на 130 тысяч амэрыканскiх даляраў.

Дарэчы, пазачарговае паседжаньне гарвыканкаму, на якiм прагучала заява Генадзя Масько аб сваёй адстаўцы, была прысьвечана менавiта вынiкам праверкi Камiтэту дзяржкантролю. Гэтая частка паседжаньня адбывалася за зачыненымi дзьвярыма: вядома толькi, што некалькi супрацоўнiкаў вэртыкалi атрымалi спагнаньнi.

Крынiцы ў берасьцейскiх праваахоўчых структурах не выключаюць, што ў хуткiм часе гарвыканкам чакае яшчэ больш грунтоўная праверка. Для яе правядзеньня ёсьць досыць сур'ёзныя падставы, i тычацца яны менавiта першых асобаў гарадзкой вэртыкалi.

Зьвяртае на сябе ўвагу тая акалiчнасьць, што адстаўка старшынi Берасьцейскага гарвыканкаму адбылася напярэдаднi вiзыту ў гэты горад Аляксандра Лукашэнкi. Падчас свайго наведваньня Берасьця ён зьбiраецца правесьцi нараду зь мясцовымi прадстаўнiкамi выканаўчай улады i кiраўнiкамi прадпрыемстваў.

Асобы, якiя рыхтуюць гэтую нараду, мяркуюць, што заплянаванае мерапрыемства можа прынесьцi яшчэ некалькi нечаканых рашэньняў, зьвязаных зь пераменамi ў кiроўным складзе берасьцейскай вэртыкалi.


XS
SM
MD
LG