Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІЯ ПАМЕЖНІКІ ЗАЗНАЮЦЬ УЗЬДЗЕЯНЬНЕ РАДЫЯЦЫІ НА ЗАРАЖАНЫХ ТЭРЫТОРЫЯХ, НА ЯКІХ СЛУЖАЦЬ


Казімер Яноўскі, Гомель

Сёньня спэцыялісты хімічна-радыяцыйнай і мэдычнай службаў памежных войскаў Беларусі разам з супрацоўнікамі Гомельскай філіі Інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны распачалі абсьледаваньне асабовага складу Мазырскай камэндатуры.

Тут правяралі й памежнікаў, што нясуць службу на пераходах "Славечна" Ельскага і "Аляксандраўка" Нараўлянскага раёнаў. Заўтра спэцыялісты ладзяць праверку памежнікаў на асноўным месцы дысьлякацыі ў абласным цэнтры. 570-кілямэтровая мяжа, якую вартуе Гомельскі атрад, наагул моцна забруджаная радыяцыяй. Распавядае падпалкоўнік Сяргей Мітрафанаў з аддзелу маральна-псыхалягічнага забесьпячэньня атраду:

(Мітрафанаў: ) "Камандаваньне трывожыцца, што людзі ўвесь час знаходзяцца ў зоне павышанага ўзроўню радыяцыі. Сам гэты факт вымушае турбавацца за стан іхнага здароўя".

Да канца тыдня з дапамогай спэцыяльнай апаратуры на апраменьванне правераць увесь атрад — звыш 600 чалавек. Такім чынам будзе вызначана, каму неабходная сацыяльная альбо мэдычная дапамога.

Праверку пройдуць і вайскоўцы тэрміновай службы. Адрозна ад кадравых афіцэраў і прапаршчыкаў, якім за службу на забруджанай радыяцыяй мяжы даюць дадатковы 7-дзённы адпачынак, салдаты тэрміновай службы ня маюць ніякіх ільготаў. Нават у выглядзе дадатковага харчаваньня. Гэтага не прадугледжвае заканадаўства.

Паводле інфармацыі Сяргея Мітрафанава, у атрадзе не было выпадку, каб хто-небудзь з вайскоўцаў з-за радыяцыі адмовіўся несьці службу. Падпалкоўнік сьцьвярджае, што ўсе разумеюць сытуацыю ў рэгіёне.

Да таго ж памежнае ведамства імкнецца зрабіць службу на мяжы больш бясьпечнай. Тры гады таму сумесна зь Дзяржкамітэтам гідрамэтэаралёгіі памежнікі дасьледавалі ўсе месцы сваёй сталай дысьлякацыі, а сёлета яшчэ й базу рачных катэраў у Лоеве і 9 пунктаў пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы.

З-за дасьледаваньняў дэзактывацыю прыйшлося рабіць на чыгуначнай станцыі "Славечна" і пункце памежнага кантролю "Аляксандраўка".

Пра тое, што існуе рэальная небясьпека, сьведчыць і факт выяўленьня памежнікамі на пачатку году радыеактыўнага воблака, якое перайшло беларускую мяжу паблізу ўжо спыненай Чарнобыльскай атамнай стацыі.

XS
SM
MD
LG