Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУДОВЫМ ШТРАФАМ СКОНЧЫЛІСЯ Ў АСІПОВІЧАХ СПРЭЧКІ ВАКОЛ ДЭКРЭТУ №8


Аляксандар Сердзюкоў, Асіповічы


Пазоўнікі сьцьвярджалі, што Ігар Сімбіроў незаконна выкарыстоўваў аргтэхніку. Паводле пратаколу, на незарэгістраванай аргтэхніцы ён выдаваў газэту “Панарама”. Міліцыянты яшчэ да суда канфіскавалі кампутар і іншае абсталяваньне. Яны ўпэўненыя, што выкарыстоўваючы амэрыканскую аргтэхніку, спадар Сімбіроў парушыў парадак паступленьня гуманітарнай дапамогі.

Цікавасьць да гэтага судовага працэсу праявілі прадстаўнікі ЗША. На судзе прысутнічаў супрацоўнік місіі ЗША пры АБСЭ Джэймс Мэрц і аташэ амэрыканскай амбасады ў Беларусі Мэгін Фіцжэральд. Яны прывезьлі з сабой ліст амбасады, прадстаўнікі якой сьцьвярджаюць, што яны ня супраць разьмяшчэньня аргтэхнікі ў Асіповічах. Як стала вядома, паводле дамоўленасьці паміж ЗША і Рэспублікай Беларусь гэтую ўласнасьць у 1996 годзе перадалі ў арэнду Магілёўскаму грамадзкаму аб’яднаньню “Кола сяброў”, а больш дакладна – яго прадстаўніку Сямёну Глазштэйну. За поўгадзіны да суду ён накіраваў сустрэчны пазоў да асіповіцкіх міліцыянтаў з патрабаваньнем вярнуць канфіскаваную аргтэхніку.

Менавіта тады прадстаўнікі адказьніка намесьнік старшыні Беларускага Гельсынскага камітэту Гары Паганяйла і юрысконсульт Свабоднага прафсаюза Сяргей Абадоўскі прапанавалі перанесьці працэс. Як яны лічаць, першапачаткова патрэбна разгледзець пазоў Сямёна Глазштэйна і вярнуць канфіскаваную замежную ўласнасьць, а потым вярнуцца да справы Сімбірова. Аднак судзьдзя Гаўрыкаў адхіліў гэітае хадайніцтва.

На судзе адказьнік сваю віну не прызнаў.

(Сімбіроў: ) “Тое, як са мной абыйшліся ўлады, зьяўляецца звычайным рабаўніцтвам на дзяржаўным узроўні. Сваю віну я не прызнаю і наагул не разумею, што я рабіў на гэтым судовым працэсе і зь якой нагоды мяне прыцягнулі да адказнасьці”.

Сутнасьць абвінавачаньняў зводзілася да таго, што Сімбіроў пасьля выданьня дэкрэту не зарэгістраваў абсталяваньне і выкарыстоўваў яго не па прызначэньні. На думку судзьдзі Сімбіроў таксама парушыў заканадаўства, калі на старонках “Панарамы” зьявіліся нататкі пра погляды прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта. Гары Паганяйла заявіў, што дэкрэт №8 выйшаў празь некалькі год пасьля дамоўленасьці паміж беларускім і амэрыканскім урадамі, і таму абвінавачаньні ў бок Сімбірова ня маюць юрыдычнай сілы.

Судзьдзя палічыў больш важкімі доказы міліцыянтаў і пакараў Ігара Сімбірова штрафам у памеры 50 мінімальных заробкаў (375 тыс. беларускіх рублёў).
XS
SM
MD
LG