Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБВАСТРЭНЬНЕ СЫТУАЦЫІ Ў МАКЕДОНІІ


Мікола Іваноў, Прага

У ваколіцы Скоп’е Арачынава жывуць пераважна альбанцы. Каля тысячы паўстанцаў бяз бою ўвайшлі сюды мінулае начы. Макэдонская армія ў адказ заблякавала ўсе выхады з Арачынава і пачала сьцягваць у гэты раён падмацаваньні.

Любэ Баскоўскі, міністар унутраных справаў Макэдоніі, які наведаў раён Арачынава, прызнаў захоп яго альбанскімі партызанамі, але адначасна заявіў, што ваколіца аточаная макэдонскім войскам, і што нікому з альбанскіх партызанаў ня ўдасца ўцячы. “Мы іх усіх зьнішчым”, - падкрэсліў ён.

Арачынава пакінулі ўсе яго жыхары славянскага паходжаньня. Уцяклі таксама жанчыны і дзеці-альбанцы. Паніка ахапіла таксама і ўсходнія ваколіцы Скоп’е, якія мяжуюць з Арачынавам. Жыхары пакідаюць свае дамы. Каля 500 уцекачоў перакрочылі мяжу з Косавам. Усяго ж ад пачатку міжэтнічнага канфлікту ў Макэдоніі колькасьць уцекачоў-макэдонскіх грамадзянаў у Косаве перавысіла 20 тыс.чалавек.

Захоп Арачынава ажыцьцявіў атрад палявога камандзіра Хохкі, у склад якога ўваходзіць да тысячы жаўнераў, і на ўзбраеньні якога ёсьць лёгкая артылерыя. Сам жа Хохка напярэдадні апэрацыі заявіў, што калі макэдонская армія ня спыніць абстрэл альбанскіх вёсак на поўначы краіны, ягоны атрад пачне абстрэльваць сталіцу краіны Скоп’е, міжнародны аэрапорт і нафтаперапрацоўчы камбінат.

Цяпер пасля захопу Арачынава ў альбанскіх партызанаў такая магчымасьць зьявілася. Акрамя лёгкай артылерыі на ўзбраеньні атраду Хохкі ёсьць 120-мілімэтровыя рэактыўныя снарады, якімі ён здольны абстрэльваць Скоп’е і іншыя аб’екты.

Альбанскія партызаны ў Арачынаве адмовіліся прадэманстраваць сваю артылерыйскую зброю журналістам, якія, нягледзячы на рызыку, наведалі гэтую ваколіцу Скоп’е. Так што здольнасьць партызанаў сапраўды пагражаць цывільным аб’ектам у сталіцы Макэдоніі не пацьверджаная.

Аднак, урад Макэдоніі ўспрыняў апошнюю пагрозу з боку альбанскіх партызанаў, як цалкам рэальную. І ад 12 гадзінаў сёньня макэдонская армія абвесьціла перамір’е. Агонь прыпыніўся па ўсёй краіне.

Як рэальную ўспрыняла пагрозу альбанскіх партызанаў і ўсясьветная супольнасць. Бальшыня замежных авіякампаніяў скасавала палёты сваіх пасажырскіх самалётаў у Скоп’е.
XS
SM
MD
LG