Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗУБРЫ” Ў ЖОДЗІНЕ ПАКАЗАЛІ ПРАЦЯГ АКЦЫІ “КАНЧАТКОВЫ ДЫЯГНАЗ”


Алесь Мікалайчанка, Жодзіна


Як і раней у менскай і барысаўскай акцыях, учора ў жодзінскім варыянце "Канчатковага дыягназу" галоўнымі героямі выступалі тыпажы ў вусатых масках, што нагадвалі твар усім вядомага дзяржаўнага дзеяча. Іншыя "зубры", апранутыя ў белыя халаты, паказвалі "дзядзьку-санітара" і "цётку-доктарку" з "псыхбрыгады". Але ў Жодзіне імпрэза мела свае адметнасьці.

Пэрформанс пачаўся з таго, што пэрсанажы ў масках на алеях жодзінскага парку сталі ганяць шайбу дзіцячымі клюшкамі, а потым ўсчалі між сабой бойку. "Мэдыкі" хуценька заламалі "хакеістам" рукі за сьпіны, а цікаўным паведамілі: у іхных падапечных выявіліся наступныя хваробы — раздваеньне асобы, манія вялікасьці ды мазаічная псыхапатыя, таму іх трэба неадкладна даставіць у адмысловую лякарню.

Па дарозе, а яна пралягала праз цэнтральныя вуліцы і спадарожныя мікрараёны, "хворыя" раз-пораз вырываліся з рук "мэдыкаў". І тут жа чапляліся да гандляроў бананамі, вымагаючы пачастунку. Але ніхто іх не частаваў, то яны пачалі лаяцца.

Цікавым быў фінал імпрэзы. На рэчавым рынку "цётка-доктарка" разам са сваімі "хворымі" ды з адмысловай скарбонкай у руках, на якой былі намаляваныя вусаты твар і чырвоны крыж, прасіла ў гандляроў і пакупнікоў грошай на лячэньне.

("Цётка-доктарка": ) "Падайце на лячэньне Сашку! А то ён трохі хворы. У хакей гуляе на асфальце. Хто колькі можа ! Хоць рубель!"

(Гандляр: ) "З задавальненьнем. На мэдыцыну без проблем".

(Гандлярка: ) "У мяне дробных няма. Буйных шкада".

("Цётка-доктарка": ) "Бачыш, ня хочуць цябе людзі лячыць, дрэнны ты быў, дрэнна спраўляўся са сваімі справамі!"

Усяго ўчора "зубры" дзеля "лекаваньня" галоўнага героя імпрэзы назьбіралі 1054 рублі. Акцыя абышлася без затрыманьняў і арыштаў, бо міліцыянтаў на шляху ўдзельнікаў імпрэзы не сустрэлася.
XS
SM
MD
LG