Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД У ГОРАДНІ ПАКАРАЎ ЧАЛАВЕКА ЗА ДЭМАНСТРАЦЫЮ, ЯКОЙ, ПАВОДЛЕ РАНЕЙШАЙ ПАСТАНОВЫ ТАГО Ж СУДА, НЕ БЫЛО


Сяргей Астраўцоў, Горадня


Судзьдзя Дзьмітры Дземчанка вырашыў, што апрача мітынгу ў той дзень адбылася недазволеная ўладамі дэманстрацыя, і лідэр Маладога Форнту Вадзім Саранчукоў у гэтым вінаваты. Раней у гэтым жа абвінавачвалася і Сьвятлана Нех – яна таксама была сярод арганізатараў мітынгу на Дзень Волі. Судом, аднак, было даказана, што яна ні ў чым не вінаватая, бо дэманстрацыі не было. Так вырашыў судзьдзя Ярашэвіч.

Міліцэйскі відэазапіс сьведчыў, што Саранчукоў ня меў ні сьцяга, ні пляката, ні выгукваў лёзунгаў, аднак судзьдзя Дземчанка палічыў яго вінным і даў штраф у 150 мінімальных заробкаў, зважаючы на тое, што Саранчукоў не працуе, і што быў пакараны папярэджаньнем мінулае восені за ўдзел у акцыі “Моладзь за перамены”. Гэтак абгрунтаваў свой сёньняшні прысуд Дзьмітры Дземчанка і паслужліва патлумачыў: у рублях гэта будзе 855 тысяч, а пасьля з фальшывым спачуваньнем дадаў: гэта лепей, чым 10 сутак арышту, бо Саранчукоў студэнт і за пропуск заняткаў яго б выключылі, а за штраф, маўляў, нічога ня будзе.

Вадзім вучыцца на чацьвертым курсе юрыдычнага факультэту ў Гарадзенскім унівэрсытэце. Рашэньне судзьдзі сам ён ацаніў наступным чынам:

(Саранчукоў: ) “Я атрымаў пакараньне ў памеры 150 мінімальных заробкаў, што роўнае 43 маім стыпендыям. Пакараны за тое, што падпарадкаваўся патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі, якія прапанавалі людзям прайсьці да месца правядзеньня мітынгу. Я быў абвінавачаны ў правядзеньні дэманстрацыі, якой не было”.
XS
SM
MD
LG