Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ СУДЗІЦЦА З АДМІНІСТРАЦЫЯЙ У МАГІЛЁВЕ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў


Спадар Паўлоўскі патрабуе адмяніць дысцыплінарнае спагнаньне, якое адміністрацыя трэста дала яму за адмову перайсьці на іншае працоўнае месца.

У той дзень будоўлю, на якой працаваў ініцыятар пазову, правярала дзяржаўная інспэкцыя паводле ягонай жа скаргі. Юрыдычны кансультант прафсаюзаў Аляксандар Каралёў адзначыў, што перавёўшы "нязручнага" рабочага на іншае месца, адміністрацыя хацела схаваць яго ад прадстаўнікоў інспэкцыі.

У пазове муляр Паўлоўскі тлумачыць, што не хацеў ісьці на іншую будоўлю, бо яму не паказалі загад і прымушалі працаваць падсобным рабочым.

Цягам двух апошніх гадоў працы Паўлоўскаму далі ажно чатыры дысцыплінарныя спагнаньні. Пасьля наступнага спагнаньня яго можа напаткаць лёс лідэраў Свабоднага прафсаюзу, працаўнікоў Магілёўскага аўтазаводу Барыса Бухеля ды Ігара Бугрова, а таксама Альберта Яўменава з Асіповіцкага шклозаводу. Іх звольнілі з працы пасьля некалькіх папярэджаньняў. Усе яны патрабавалі паляпшэньня ўмоваў працы, своечасовых выплатаў заробкаў і выкананьня калектыўных дамоваў.

Кіраўнікі прадпрыемства ўвесь час кажуць, што вымовы й спагнаньні ня маюць палітычнага характару, але напраўду не заўжды гэта так. Таму ж Паўлоўскаму за тыдзень да суду далі яшчэ адно спагнаньне з гэткай фармулёўкай: "За няякасную ўкладку пліткі, бо ейная таўшчыня не адпавядае нарматывам". Як мы даведаліся, плітку клалі некалькі дзясяткаў рабочых, а пакаралі толькі прафсаюзнага лідэра.

Як ужо паведамляла Радыё Свабода, летась з-за адсутнасьці працы ў магілёўскім будаўнічым упраўленьні №56 дзьве гадзіны ніхто не працаваў. Спагнаньне ж далі зноў спадару Паўлоўскаму.

Калі суд не задаволіць ягоных патрабаваньняў, чалавек, які працаваў на будоўлі 20 гадоў, можа застацца бяз працы, а амаль 100 членаў прафсаюзнай арганізацыі — без старшыні.
XS
SM
MD
LG