Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НАВАПОЛАЦКУ ЗЬНІШЧАЮЦЬ НЕЗАЛЕЖНЫ ПРАФСАЮЗ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак


З гэтай нагоды “незележнікі” зьвярнуліся да сваіх калегаў з адкрытым лістом.

Суполка Незалежнага прафсаюза, сьведчаць аўтары ліста, створаная з адной мэтай – абарона правоў працоўных. У выніку ейным кіраўнікам даводзіцца часьцяком канфліктаваць з адміністрацыяй. Так, Незалежны прафсаюз рашуча выступіў супраць плянаў адміністрацыі скараціць да мінімуму працягласьць адпачынкаў працаўнікоў. Дырэктар згадала пра бізуны і пернікі – выходзь зь “незалежнікаў”, і атрымаеш падвышэньне па службе, займееш пакой у інтэрнаце, уладкуеш на працу жонку – такімі, паводле сьведчаньня аўтараў ліста, словамі ачмуралі чальцоў прафсаюзу.

Адначасова было разгорнутае самае сапраўднае цкаваньне старшыні суполкі Вячаслава Лахашвілі. Прычым цквалі, як гэта не парадаксальна гучыць, за дакладнае выкананьне інструкцыі па эксплюатацыі абсталяваньня. (Адрываючыся ад тэксту ліста заўважым, што старшыня суполкі ў рэшце рэшт быў вымушаны звольніцца з прадпрыемства.) Ня вытрымалі ціску і некаторыя шараговыя сябры. У пачатку году ў прафсаюзных шэрагах налічвалася 145 сябраў, а сёньня іх на 10 меней. Але пры гэтым ніхто з тых, хто быў вымушаны пакінуць свабодны прафсаюз, у афіцыйны не ўступіў, лічачы яго фармальнай і безуладнай структурай.

І вось у час, калі адміністрацыя ня выканала 21 пункт калектыўнай дамовы ды энэргічна зжывае са сьвету Свабодны прафсаюз, пішацца ў лісьце, кіраўніцтва афіцыйнага прафсаюза адно пацірае рукі. Мы, – гавораць, зьвяртаючыся да сваіх калегаў аўтары ліста, – не антаганісты; у нашай дзейнасьці прысутнічае элемэнт спаборнасьці, але ўсе мы знаходзімся ў адным чоўне, і калі ўладам удасца зьліквідаваць адзін прафсаюз, дык дзе гарантыя, што такая ж доля не напаткае другіх?


XS
SM
MD
LG