(Цыганкоў: ) "15 сакавіка — Дзень Канстытуцыі. Нагадаю, што гэтае сьвята зьявілася ў 1994 годзе адразу пасьля прыняцьця першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі тагачасным Вярхоўным Саветам.
Пасьля рэфэрэндуму 1996 году Канстытуцыя была кардынальна зьмененая, а 15 сакавіка ўжо не дзяржаўнае сьвята й не выходны дзень.
У Канстытуцыі пытаньням права на інфармацыю й свабоду поглядаў прысьвечаныя два артыкулы. Артыкул 33 сьцьвярджае: “Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананьняў і іхнае свабоднае выяўленьне. Ніхто ня можа быць прымушаны да выяўленьня сваіх перакананьняў або адмовы ад іх. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадзкімі аб’яднаньнямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца".
Артыкул 34: "Грамадзянам РБ гарантуецца права на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюджваньне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасьць дзяржаўных органаў, грамадзкіх аб’яднаньняў, пра палітычнае, эканамічнае, культурнае і міжнароднае жыцьцё, пра стан навакольнага асяродзьдзя. Дзяржаўныя органы, грамадзкія аб’яднаньні, службовыя асобы абавязаныя даць грамадзяніну РБ магчымасьць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць ягоныя правы й законныя інтарэсы".
Гэта прыгожыя словы з Канстытуцыі. А як напраўду паводзяць сабе чыноўнікі, калі журналіст недзяржаўнай прэсы зьвяртаецца да іх па інфармацыю?
Распавядае карэспандэнтка "Белорусской газеты" Ася Трацюк".
(Трацюк: ) "На просьбу даць тую ці іншую інфармацыю чыноўнікі часам гавораць: "калі мы будзем усім даваць інфармацыю, нам ня будзе калі працаваць".
Пры гэтым яны спасылаюцца, што ўжо далі інфармацыю БелТА ці "Советской Белоруссии" — маўляў, туды й зьвяртайцеся. Калі ім пачынаеш тлумачыць, што ў "Советской Белоруссии" і "Белорусской газеты" розны чытач, розная аўдыторыя, гэта ператвараецца ў нейкую бясплённую дыскусію".
(Цыганкоў: ) "Ці спрабуеце вы ў такой дыскусіі прыводзіць аргумэнты, што існуе Канстытуцыя й права журналіста, як, зрэшты, і кожнага грамадзяніна на атрыманьне інфармацыі?"
(Трацюк: ) "Я гэта раблю рэдка, бо разумею, з кім маю справу".
(Цыганкоў: ) "Напэўна, найбольш цяжка тым журналістам недзяржаўнай прэсы, якія спэцыялізуюцца на праваабарончай тэматыцы, пішуць пра парушэньні правоў грамадзянаў.
Нават тыя дзяржаўныя структуры, якія паводле свайго прызначэньня павінны дапамагаць журналістам здабываць інфармацыю, на справе часта займаюцца адваротным".
(Трацюк: ) "Здаецца, прэс-службы розных дзяржаўных установаў для таго й існуюць, каб перашкаджаць журналістам сумленна выконваць свой абавязак.
Не кажу пра тое, што часта тэлефануюць альбо з пракуратуры альбо са службы ўласнай бясьпекі міліцыі, нават прыходзілі да мяне ў рэдакцыю.
Часта з рэспубліканскай пракуратуры тэлефануе да нас у газэту адна службовая асоба. То яму не падабаецца загаловак, то ня гэтак фраза пабудаваная — знаходзіць, да чаго прычапіцца.
Але я лічу, што журналісты зь недзяржаўных СМІ, якія пішуць пра правы чалавека, павінны быць падрыхтаваныя да гэтага".
(Цыганкоў: ) "Журналіст агенцтва БелаПАН Генадзь Барбарыч, здаецца, сапраўды падрыхтаваны цяпер да ўсяго. Яму, як і многім журналістам недзяржаўных СМІ, забаранялі прысутнічаць на паседжаньнях у сілавых ведамствах. А нядаўна Барбарыча выклікалі ў пракуратуру адказаць на пытаньні ў справе Завадзкага".
(Барбарыч: ) "9 студзеня мяне выклікалі ў пракуратуру да супрацоўнікаў пракуратуры Менску, якія чамусьці сядзелі ў будынку МУС.
Там мяне дапыталі як сьведку з-за нейкай, на мой погляд, даволі дробнай маёй нататкі, якая была апублікаваная (ды й тое са скаротам) у "Народнай волі".
Мяне дапыталі як сьведку і паспрабавалі ўзяць падпіску пра нераскрыцьцё таямніцы сьледзтва. Хаця я ў прынцыпе й не валодаў матэрыяламі, якія мае сьледзтва. Я адмовіўся даць такую падпіску. Тады яны выклікалі двух панятых, і ў прысутнасьці тых жанчын аб’явілі пра падпіску пра нераскрыцьцё таямніцы сьледзтва.
Такім чынам, я лічу, што мае правы абмежавалі, і цяпер нада мною “дамоклавы меч” — могуць распачаць крымінальную справу, калі я напішу штосьці на гэтую тэму. Але я ўжо некалькі матэрыялаў напісаў — здаецца, пакуль справы не распачалі…
Ня толькі ж мяне выклікалі. Гісторыя цяперашняя вакол “Белорусской деловой газеты” — таксама выклікі ў пракуратуру й допыты. Увогуле, здаецца, там можа паўстаць пытаньне пра крымінальную справу на газэту ды закрыцьцё газэты".
(Цыганкоў: ) "Выклік у пракуратуры — гэта, вядома ж, выключны сродак змаганьня з прэсай. Бадай, адзін з найпрасьцейшых спосабаў барацьбы з журналістамі — гэта не запрашаць іх на прэсавыя канфэрэнцыі, не пускаць на судовыя працэсы".
(Трацюк: ) "Апошнім часам ёсьць тэндэнцыя — прадстаўніка нашай газэты перасталі запрашаць на прэсавыя канфэрэнцыі, якія праводзіць МУС.
Таксама быў выпадак, калі не запрасілі на прэсавую канфэрэнцыю ў пракуратуру. Даводзілася тэлефанаваць, нагадваць, што існуе й Канстытуцыя, і адпаведны закон.
І канечне, журналістаў не пускалі на судовыя працэсы, якія сама ўлада разрэклямавала як гучныя. Гэта недапушчальна. Так было на судзе Міхаіла Чыгіра. Тое, што там было, — ганьба кіраўніцтву менскага гарадзкога суду, ганьба міліцыі".
(Цыганкоў: ) "Чаму канстытуцыйныя нормы ня ёсьць для чыноўнікаў чымсьці абавязковым?
Гаворыць Андрэй Бастунец, экспэрт Цэнтру прававой абароны журналістаў".
(Бастунец: ) "Амаль ва ўсіх судовых працэсах, у якіх я бяру ўдзел, пытаньне аб гэтых артыкулах (33 і 34) Канстытуцыі ставіцца, але, на жаль, нашыя судзьдзі ніяк ня могуць успрымаць Канстытуцыю як нарматыўны акт простага дзеяньня.
Гэта самая галоўная праблема, я ў судах адчуваю вельмі добра — свабоду слова ўлада, у тым ліку й судовая, не ўспрымае як каштоўнасьць.
Права грамадзтва, правы грамадзяніна на ўласнае жыцьцё, правы дзяржавы на вагах беларускай Фэміды значна болей важаць за свабоду слова".
(Цыганкоў: ) "Беларускія суды, відавочна, ня лічаць Канстытуцыю законам простага дзеяньня.
Рэч яшчэ ў тым, што акрамя Канстытуцыі, існуе шэраг законаў, якія абмяжоўваюць правы грамадзянаў на атрыманьне інфармацыі й вызначаюць паводзіны ўладаў у дачыненьні да СМІ. У Канстытуцыі адно, а ў жыцьці — зусім іншае".
(Бастунец: ) "Па-першае, абмежаваньні гэтых свабодаў праходзяць і ў заканадаўстве аб дзяржаўных сакрэтах, і ў Грамадзянскім кодэксе — там, дзе гаворка пра службовую, дзяржаўную, камэрцыйную тайну.
Ёсьць такія нормы і ў заканадаўстве аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці.
Але найбольш адыёзны прыклад — указ прэзыдэнта, згодна зь якім распаўсюджваньне прававой інфармацыі лічыцца ліцэнзійным відам дзейнасьці. Каб надрукаваць тэксты законаў ды іншых нарматыўных актаў, газэтам трэба атрымаць ліцэнзію на гэтую дзейнасьць.
Зразумела, што многія з гэтых абмежаваньняў парушаюць прынцыпы, закладзеныя Канстытуцыяй".
(Цыганкоў: ) "Дык што могуць зрабіць журналісты, як яны могуць патрабаваць выкананьня Канстытуцыі? Ці ёсьць прыклады змаганьня прадстаўнікоў прэсы за свае правы, якія вынікі гэткага змаганьня?"
(Бастунец: ) "Апошні прыклад — журналіст Юры Свірко падаў пазоў на кіраўніка прэсавай службы адміністрацыі прэзыдэнта. Падставай стала тое, што Сьвірка не акрэдытоўвалі на мерапрыемствы з удзелам прэзыдэнта. На жаль, пакуль што справа завершылася так, як звычайна ў нашай дзяржаве падобныя справы заканчваюцца — пазоў адхілілі.
Іншыя прыклады — калі праходзіў працэс Чыгіра, журналістаў у судовую залю не пускалі. Спатрэбілася ўмяшальніцтва БАЖу, былі адпаведныя заявы, звароты да дзяржаўных установаў, міжнародных арганізацыяў, урэшце гэтае пытаньне вырашылі.
Таму я б не казаў, што гэтая барацьба бясплённая. Калі мы зірнем, што адбывалася яшчэ некалькі гадоў таму ды на тое, што мы маем зараз — усё-такі вынікі ў гэтай справе ёсьць".
(Цыганкоў: ) "Жыцьцё само вучыць беларускіх журналістаў змагацца за свае правы — урэшце, за права грамадзтва атрымліваць дакладную й своечасовую інфармацыю.
Напэўна, гэта не зусім нармальна, калі людзі вымушаныя змагацца за тое, што ім належыць паводле Канстытуцыі. Зрэшты, ніхто, здаецца, не рызыкне назваць цяперашнюю беларускую ўладу "нармальнай".