Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці існуе ў Беларусі журналісцкая салідарнасьць?


Віталь Цыганкоў

(эфір 8 Студзеня 2001)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) "Штогод пры канцы сьнежня Міністэрства замежных справаў Беларусі ладзіць калядны прыём для акрэдытаваных пры МЗС журналістаў. Апошнімі гадамі падчас гэтай вечарыны можна назіраць адну і тую ж карціну: "чэсныя" — направа, "нячэсныя" — налева.

Рэч у тым, што пераважная большасьць журналістаў недзяржаўных СМІ наўмысна ігнаруе тыя сталы, дзе гуртуюцца прадстаўнікі Беларускага тэлебачаньня. Ну, сапраўды, якому прыстойнаму чалавеку прыйдзе ў галаву падысьці, напрыклад, да Зімоўскага і спытаць што-небудзь кшталту "Як справы, Саша? Над чым зараз працуеш?"

Заўважу, дарэчы, што нават супрацоўнікі многіх дзяржаўных выданьняў пазьбягалі дачыненьняў з найбольш адыёзнымі фігурамі Беларускага тэлебачаньня, ахвотна кантактуючы са сваімі "недзяржаўнымі" калегамі.

Гэты маляўнічы штрышок напэўна, паслужыць добрым пачаткам да сёняшняй тэмы нашай праграмы — што такое журналісцкая салідарнасьць? Ці ёсьць яна сёньня ў Беларусі? Якія могуць быць агульныя карпаратыўныя інтарэсы ў дзяржаўных і недзяржаўных журналістаў?

Напачатку нашай размовы меркаваньне рэдактара газэты "Фемида" Ірыны Сакаловай".

(Сакалова): "Мой асабісты досьвед не дазваляе казаць пра нейкую дзейсную журналісцкую салідарнасьць. Мяркую, існуе ўнутрывідавая барацьба і жорсткая канкурэнцыя, нават зараз, у незалежных выданьнях.

Я чула, што, прыкладам, галоўныя рэдактары вялікіх незалежных выданьняў дрэнна гаварылі пра газэты, якія ўзначальваюць іхныя калегі. Але калі мая газэта апынулася ў складаным становішчы (мы зь лістапада не выходзім, фінансавая сытуацыя цяжкая), да мяне паставіліся са спачуваньнем — дзякуй ім за гэта.

Карпаратыўная падтрымка, абарона правоў журналістаў — усё гэта трэба арганізаваць. Гэтым займаюцца БАЖ, Цэнтар прававой абароны СМІ, менавіта яны дзейсна падтрымліваюць выданьні ці журналістаў, якія трапілі пад ціск уладаў. Гэта вельмі важна.

Прымаюць заявы ў падтрымку журналістаў, але друкуе іх ня кожная дэмакратычная газэта. Галоўныя рэдактары некаторых паважаных выданьняў лічаць, што іхным чытачам гэта нецікава…"

(Цыганкоў: ) "Увогуле, ці ня штучнае, ці ня выдуманае гэта паняцьце — журналісцкая салідарнасьць? Ніхто ж не гаворыць, прыкладам, пра салідарнасьць сьлясарскую альбо настаўніцкую.

Дык што: журналістыка — нейкая асаблівая прафэсія? На гэтае пытаньне адказвае Сяргей Ваганаў, старшыня камісіі БАЖу ў справах этычных праблемаў".

(Ваганаў: ) "Прафэсія асаблівая — тут няма ніякай тайны, публічная прафэсія, прафэсія грамадзкая.

Я амаль сорак гадоў працую ў журналістыцы і поўнага адказу на гэта пытаньне не знайшоў. Бываюць такія хвіліны, калі зьведваеш поўнае расчараваньне ў сваім жыцьцёвым выбары, асабліва апошнімі часамі, у цяперашняй сытуацыі.

Мэта журналістаў, галоўны іхны абавязак — з аднаго боку, адлюстроўваць тыя тэндэнцыі, тыя думкі, якія высьпяваюць у грамадзтве, з другога боку — інфармаваць грамадзтва…"

(Цыганкоў: ) "Журналісты, сапраўды, маюць пэўныя прынцыпы, калі ўсе сапраўдныя прафэсіяналы, незалежна ад палітычнай арыентацыі, аднолькава ставяцца да той ці іншай зьявы.

Ці могуць сапраўдныя агульныя інтарэсы, а ня толькі ідэйныя прынцыпы, быць грунтам для журналісцкай салідарнасьці? Вось што кажа беларускі журналіст Ігар Сінякевіч, які зараз працуе ў Маскве, карэспандэнтам ОРТ".

(Сінякевіч: ) "Журналісцкая салідарнасьць, у пэўным сэнсе, усё ж існуе, таму што людзі адной прафэсіі думаюць аднолькава, думаюць нейкімі прафэсійнымі катэгорыямі. Прыкладам, сытуацыі, калі ўлада не дае доступу да пэўных крыніцаў інфармацыі — ня можа падабацца журналістам, якія б палітычныя погляды яны ня мелі.

Таму журналісцкая салідарнасьць існуе, але я ўсё ж не перабольшваў бы яе значнасьці…"

(Цыганкоў: ) "Калі гаварыць пра салідарнасьць, то ўзьнікае яшчэ адно складанае пытаньне — ці можа быць прафэсійная еднасьць зь людзьмі, якія сваёй дзейнасьцю заплямілі прафэсійны гонар, і многія журналісты даўно ня лічаць іх калегамі.

Што лучыць, напрыклад, карэспандэнта газэты "Народная воля" і камэнтатара БТ Аляксандра Зімоўскага? Якая між імі магчымая салідарнасьць? Разважае Сяргей Ваганаў, старшыня камісіі БАЖу ў справах этычных праблемаў".

(Ваганаў: ) "Я ўвогуле супраць таго, каб падзяляць журналістаў на нашых і нянашых, на "чэсных" і "нячэсных", тут павінен быць адзіны крытэр — чалавек піша праўду ці хлусіць. Вось такі просты падзел падаецца мне найбольш рэальным, абгрунтаваным.

Людзей, якія хлусьню выбралі сваёй асноўнай дзейнасьцю, не лічу журналістамі. Гэта больш палітычная дзейнасьць, прычым з адмоўным знакам, чым прафэсійная журналістыка. Сродак масавай інфармацыі празь дзейнасьць гэткіх журналістаў — гэта ўжо ня сродак масавай інфармацыі, але сродак масавай прапаганды. Таму я й не лічу Зімоўскага сваім калегам.

Між іншым, мяркую, што і ў недзяржаўнай прэсе ёсьць такія самыя прапагандысцкія тэндэнцыі, а не інфармацыйныя ці аналітычныя…"

(Цыганкоў: ) "Паказальна, што рэдактар газэты "Феміда" Ірына Сакалова сапраўдную салідарнасьць убачыла ў журналістаў беларускай правінцыі".

(Сакалова: ) "Я лічу, што карпаратыўнай падтрымкі болей у рэгіянальных выданьнях. Яны больш лагодна ставяцца да сваіх калегаў, больш спачувальна. Яны стварылі Асацыяцыю незалежнай рэгіянальнай прэсы. Я колькі разоў наведвала іх, і мне вельмі спадабалася. Але што да таго, чаго насамрэч не павінна быць, і пра рэчы, якія я ўважаю за неэтычныя — не хацелася б дрэнна гаварыць пра сваіх калег…"

(Цыганкоў: ) "Ці засталася карпаратыўная лучнасьць, напрыклад, у расейскіх журналістаў, дзе даўно існуюць мэдыя-імпэрыі, што канкуруюць паміж сабой?

Карэспандэнт ОРТ Ігар Сінякевіч расказвае, як розьняцца норавы і прафэсійныя паводзіны беларускіх і маскоўскіх журналістаў".

(Сінякевіч: ) "Безумоўна, адрозьніваюцца. Беларускі журналісцкі асяродак нагадвае журналісцкі асяродак Масквы, якім той быў недзе ў 1991-м годзе. Тады складалася такая чорна-белая карціна, што вось ёсьць улада, а вось ёсьць мы — журналісты, і мы, журналісты, можам пісаць тое, што захочам.

А ў Маскве цяпер сытуацыя іншая, ужо больш блізкая да заходніх стандартаў, калі журналіст мусіць адлюстроўваць тую думку, якая адпавядае палітыцы выданьня. У Маскве журналістыка выглядае ўжо гэткім калектыўным відам спорту, камандным відам спорту. Гэта дужа розьніць маскоўскую ды беларускую журналістыку.

А што да таго, ці перашкаджае гэта журналісцкай салідарнасьці, то пэўным чынам тут сказваецца тое, што ў Маскве большае кола журналістаў, і ня ўсе адзін аднаго ведаюць — у гэтым сэнсе кожны сам за сябе. Але паміж тымі журналістамі, якія адзін аднаго ведаюць, таксама ёсьць сяброўскія дачыненьні, ёсьць абмен інфармацыяй.

Але ўсё ж рынак бярэ сваё, і кожны мусіць даводзіць, што ён нечага варты на гэтым рынку."

(Цыганкоў: ) "Даводзіць, што ты нечага варты — у рынкавай сытуацыі гэта робіцца найважнейшаю мэтай для любога прафэсіянала, для журналіста ўлучна. Аднак дзеля гэтага патрэбныя пэўныя ўмовы, якіх пакуль няма ў Беларусі — свабода слова, роўныя правілы гульні для дзяржаўных і недзяржаўных мэдыяў.

А дамагчыся гэтага можна толькі сумеснымі намаганьнямі".

XS
SM
MD
LG