Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАТРЫМАНЫМ ЗА ГРАФІЦІ Ў ПАДТРЫМКУ МАРЫНІЧА ПАДЛЕТКАМ ПАГРАЖАЕ ТРОХМЕСЯЧНЫ АРЫШТ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Выпускніка ПТВ Максіма Громава і студэнтку аднаго зь менскіх каледжаў Кацярыну Клімко супрацоўнікі Савецкага райаддзелу міліцыі затрымалі позна ўвечары 25 траўня на праспэкце Скарыны. Міліцыянты палічылі, што менавіта яны напісалі фарбай заклікі вызваліць Міхаіла Марыніча на некалькіх прыпынках грамадзкага транспарту. Пры затрыманьні Максім Громаў быў зьбіты. На падлеткаў склалі адміністрацыйныя пратаколы за антысанітарыю і празь некалькі гадзінаў адпусьцілі.

Максім Громаў меў намер зьняць пабоі й падаць адпаведную скаргу ў пракуратуру. Але 26 траўня раніцай падлеткаў зноў затрымалі. Цяпер ужо справа вялася пра крымінальнае расьсьледаваньне па артыкуле “Апаганьваньне пабудоваў і псаваньне маёмасьці”. Было прынятае рашэньне затрымаць падлеткаў на трое сутак, і мінулую ноч яны правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Я паспрабаваў высьветліць у сьледчага Ігара Столяра, у чым жа канкрэтна абвінавачваюць падлеткаў. Ён сказаў, што пакуль гаварыць пра нешта канкрэтнае рана, бо ідзе разьбіральніцтва, але пацьвердзіў, што Громава і Клімко падазраюць у псаваньні дзяржаўнай маёмасьці.

А вось што распавяла маці Кацярыны Клімко Ала Іванаўна:

(Клімко: ) “Іх затрымалі на тры дні, на трое сутак. За тое, што яны размалявалі графіці прыпынкі ад Акадэміі Навук і, па-мойму, да плошчы Перамогі. Якія ў мяне могуць быць добрыя думкі? Пра што цяпер думаеш? Нічога добрага чакаць ня варта. Я пытаюся ў міліцыянтаў: “Чаму вы іх адпусьцілі, а потым зноў затрымалі?” А яны гавораць: таму што грамадзкі рэзананс пайшоў”.

У Савецкім РУУС Менску сёньня адбываўся допыт Кацярыны Клімко і Максіма Громава. А перад будынкам райаддзелу сабраліся сябры падлеткаў. Гаворыць Даша Малдаванава:

(Малдаванава: ) “Мы спадзяемся, што ўсё будзе добра, што ўсё скончыцца адміністрацыйнай справай. У нашай дзяржаве, паводле нашай Канстытуцыі мы маем права на свабоду слова, але нам не даюць яго рэалізаваць. Я не лічу, што гэта правільна”.

Міліцыянт, які не захацеў назваць сябе, паведаміў, што крымінальная справа на падлеткаў ужо заведзеная.

Лёс затрыманых непакоіць і прадстаўнікоў руху “Зубр”. Гаворыць актывіст гэтага руху Яўген:

(Яўген: ) “Нас непакоіць гэта, бо, паводле нашай інфармацыі, аднаго з затрыманых зьбілі супрацоўнікі міліцыі. Ён пасьпеў зьняць пабоі ў адной зь менскіх бальніцаў. А па-другое, гэта не зусім правільна, калі крымінальная справа заводзіцца супраць людзей, якія такім чынам выказваюць сваю думку. І пры гэтым ня маюць іншай магчымасьці выказаць пратэст супраць таго, што адбываецца ў краіне”.

Зуброўцы лічаць, што падлеткі затрыманыя таму, што Максім Громаў пасьпеў зьняць пабоі, а гэта магло бы пагражаць адказнасьцю ўжо міліцыянтам. Затрыманыя сябе вінаватымі не прызнаюць. У найбліжэйшы час зь імі павінны сустрэцца адвакаты.
XS
SM
MD
LG