Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНВАЛІДЫ ВЫЙДУЦЬ НА ПІКЕТЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Беларусі больш за 370 тысяч інвалідаў, зь іх 3 тысячы тых, хто перасоўваецца на вазках. Магчыма, абмежаваная мабільнасьць інвалідаў-калясачнікаў і спрычынілася да іх найбольшай сацыяльнай актыўнасьці. Вось ужо некалькі гадоў запар рэспубліканская Асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў праводзіць акцыі пратэсту супраць абыякавасьці чыноўнікаў і ўвогуле грамадзтва да іх праблемаў.

Сёньня акцыя паўтарыцца. Пікеты калясачнікаў пройдуць у Менску, Воршы, Пінску, Мазыры і Касцюковічах. Да пікетоўцаў з гэтых гарадоў далучацца інваліды з Магілёва, Віцебску, Полацку. Усяго пікетаваць будзе да 300 інвалідаў. Летась пасьля пікетаў зварот інвалідаў-калясачнікаў быў перададзеныя ў адміністрацыю прэзыдэнта, згадвае старшыня асацыяцыі Сяргей Драздоўскі. Вось які быў вынік:

(Драздоўскі: ) “У нас быў сход з прадстаўнікамі трох міністэрстваў, на якім склалі сьпіс з шасьці пунктаў. Даволі пэўных пунктаў. Іх потым разглядалі ва ўрадзе, зацьвердзілі ў Савеце праблемаў інвалідаў, але да гэтага часу мы ня маем зьвестак, ці выкананы ён”.

Сёньня Сяргей Драздоўскі разам зь сябрамі зноў прыедзе на пікет. У Менску пікет дазволены, але месца гарвыканкам выдзеліў вельмі нязручнае для інвалідаў — плошча Бангалор, далёка ад цэнтру. Сяргею Драздоўскаму, які жыве на вуліцы Чырвонай, як і ягоным сябрам зь мікрараёнаў Серабранка, Зялёны Луг ці Курасоўшчына давядзецца спадзявацца толькі на аўтамабілі сваякоў. Бо грамадзкага транспарту, які зручны для інвалідаў-калясачнікаў, у Менску няма. Няма яго і на вуліцах іншых гарадоў Беларусі. Гэтак сама гадамі не вырашаюцца іншыя балючыя праблемы — беспрацоўе, немагчымасьць атрымаць добрую адукацыю, непрыстасаванасьць дзяржаўных і мэдычных установаў да патрэбаў інвалідаў-калясачнікаў. Але больш за ўсё зьневажае гэтых людзей стаўленьне да іх як да няроўных. Сяргей Драздоўскі распавёў Радыё Свабода:

(Драздоўскі: ) “Магу прывесьці такі прыклад. Ва ўсіх дзяржаўных установах Беларусі няма ніводнага працаўніка інваліда-калясачніка. Адзіны выпадак — гэта дзяўчына-інвалід, якая на палову стаўкі працуе ў Акадэміі фізычнага выхаваньня. Гэта ўсё”.

Нядаўна зьявілася яшчэ адна праблема, якая непакоіць інвалідаў, — спробы дзяржавы падпарадкаваць іх добраахвотныя арганізацыі. У прыватнасьці, актывісты Беларускага таварыства інвалідаў днямі заявілі, што кіраўніцтву арганізацыі чыноўнікі прапанавалі рэфармавацца ў дзяржаўна-грамадзкае аб’яднаньне. Каб дасягнуць сваёй мэты, чыноўнікі павялічылі колькасьць рэвізіяў арганізацыяў інвалідаў, прыціскаюць іх актывістаў. Інваліды зьвязваюць гэты ціск з крытыкай, якую яны выказваць на бок беларускай дзяржавы за тое, што не выконваецца закон “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь”.
XS
SM
MD
LG